Вы тут

Каб у міры сеяць жыта


Як “расшыфраваць” Жытомір… Хоць і ведаю амаль напэўна, ды звяраюся. Жито ва ўкраінцаў — гэта жыта, слова мір — таксама зразумелае без перакладу. У горадзе з такой жыццесцвярджальнай назвай (бо жыццё і жыта — з аднаго ж кораня…) праходзіў на пачатку кастрычніка Другі форум рэгіёнаў Беларусі ды Украіны. Зрэшты, і самі ж народы — з аднаго роду-кораня. Праўда, сонца-цяпла ў шыротах паўднёвых нашых суседзяў трошкі больш, а значыць — і гарачнасці ды эмацыйнасці ва ўкраінскіх натурах, пэўна ж, таксама. Тое, дарэчы, магу засведчыць на ўласным досведзе, маючы жонку-ўкраінку з Харкаўшчыны.


Фота БЕЛТА

Неяк дыпламат Валянцін Вялічка, даючы нам з ёй інтэрв’ю ў Кіеве (светлая памяць мудраму Валянціну Уладзіміравічу: шмат ён зрабіў на карысць беларуска-ўкраінскага сяброўства на пасадзе Амбасадара Беларусі ва Украіне) жартаваў: дзе ў беларусаў Поўдзень — ва ўкраінцаў Поўнач. Вядома ж, меў на ўвазе геаграфію, а не рознасць светапоглядаў. За савецкім часам Вялічка працаваў якраз на Гомельшчыне, там Украіна па суседстве. Мяжы не было — СССР, людзі “радзічаліся”: тысячы, дзясяткі тысяч беларуска-ўкраінскіх сем’яў сведчаць пра крэўную роднасць. Валянцін Уладзіміравіч расказаў анекдот з савецкага часу. У Чарнігаўскую вобласць тэлефануюць з Кіева ўвесну: чаму не сееце? Дык мы ж на поўначы, заўважаюць адказныя таварышы. “А чаму гамяльчане ўжо сеюць?” — “Та яны ж на поўдні!”. (Гл.: “Тысячы кіламетраў добрасуседства”. — ГР, 23.05.2013).

Быццам і няшмат часу прайшло з тае сустрэчы, а колькі ўсяго перамянілася ва Украіне: майданы, Крым, і вайна ідзе ў Данбасе… Напярэдадні Форуму рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прадстаўнікамі найбуйнейшых украінскіх СМІ ў Мінску, і ўпершыню то быў фармат даверлівай гутаркі. Знайдзіце ў нэце — паглядзіце, пачытайце. Шмат вострых пытанняў было зададзена, і зусім не згладжаныя ды завуаляваныя адказы атрымалі калегі. Ну як не пагадзіцца з Прэзідэнтам, што краіны-суседкі павінны захаваць славянскае крэўнае сваяцтва дзеля будучых пакаленняў! Беларусы і ўкраінцы цесна звязаны агульнымі каранямі — гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі, таму й не маем права страціць такое адзінства. “Гэта ідэалагічны пасыл, які ляжыць у аснове ўсіх маіх разваг па сітуацыі ва Украіне”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён назваў Украіну важным суседам Беларусі, адным з галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, што робіць стасункі з ёй для нас прыярытэтнымі.

Якраз такія сустрэчы, як прайшлі ў Жытоміры з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Зяленскага, і дапамагаюць міждзяржаўным стасункам дынамічна развівацца, пры тым усталёўваюцца надзвычай эфектыўныя міжрэгіянальныя сувязі, найперш у гандлі, эканоміцы. А гандлёва-эканамічныя кантакты ключавыя ў нашым партнёрстве. Амаль пяць з паловай мільярдаў долараў — такім быў наш тавараабарот летась. І, няма сумненняў, форум у Жытоміры надаў новы імпульс для ўзаемадзеяння: падпісаны кантракты амаль на паўмільярда долараў. Да таго ж Віцебская вобласць падпісала пагадненне аб супрацы з Вінніцкай, Чаркаскай і Адэскай абласцямі. Гомельскі рэгіён, паведамлялі ўжо СМІ, узмоцніць узаемадзеянне з Жытомірскай вобласцю.

 Гродзенскі аблвыканкам заключыў пагадненне аб супрацы з Валынскай абласной дзяржадміністрацыяй, а Мінскі аблвыканкам — з Мікалаеўскай. Нарэшце, Магілёўская вобласць замацавала дамоўленасці аб супрацы з Днепрапятроўшчынай ды Харкаўшчынай.

Нашы чытачы памятаюць, пэўна, як, апавядаючы пра папярэдні Форум рэгіёнаў, што праходзіў у Гомелі, мы скарысталі ўражанні беларускі з Мікалаева Таццяны Дзяменнікавай — яна была там у складзе афіцыйнай дэлегацыі (Гл. “Надзвычайная місія” — ГР, 14.11.2018). Цяпер, калі заключаны дамоўленасці аб супрацы паміж абласцямі, прыемна бачыць: Міншчына ды Мікалаеўшчына будуць яшчэ цясней узаемадзейнічаць. І вось — прапанова ў “парадак дня” камісіі па супрацы: хай бы ў Мінску ды Мікалаеве адкрыліся Гандлёвыя дамы, адпаведна з лепшымі ўкраінскімі ды беларускімі таварамі. Тое ж, дарэчы, можа быць цікавым і для іншых абласных цэнтраў. Можа пры такіх праектах прыдасца й багаты прафесійны досвед Таццяны Дзяменнікавай: яна ж якраз і працуе ў Дэпартаменце эканамічнага развіцця й рэгіянальнай палітыкі Мікалаеўскай абласной дзяржадміністрацыі.

Вы яшчэ не бачылі, як праходзіла ў Жытоміры сустрэча Прэзідэнтаў? Можна вярнуцца да падзеі: дапаможа інтэрнэт. Шмат было шчырасці, цеплыні. Дарэчы, пад відэасюжэтамі бачым станоўчыя каменты, накшалт: “Ну вось і Зяленскі пасвятлеў. Бо гэта ж не Макрон, Меркель і Трамп. Гэта родны, свой…”. Ці яшчэ: “Большага пазітыву ад сустрэч прэзідэнтаў на міжнародным узроўні я не атрымлівала! Дзякуй, сябры, мы з Вамі адной крыві!”. Каментатар Тамара, відаць, украінка, бо звяртаецца з падзякаю “сябрам” — у рускамоўным яе каментары слова напісана якраз па-беларуску.

Запомніцца ў Жытоміры беларуская этнавёска, у якой гучалі беларускія найгрышы, песні, мова. Шмат станоўчых эмоцый выклікала ў жытомірцаў, гасцей горада выстава прамысловых тавараў: больш за 70 экспанатаў, ад БелАЗаў да сабраных на сумеснай вытворчасці сеялак і камбайнаў. О, сеялкі ды камбайны — гэта ж надзвычай важная рэч для Украіны, якая славіцца сваімі жытнёва-пшанічнымі нівамі. Што ж, калі ёсць цікавасць да такой тэхнікі — значыць, мацнее ў суседняй краіне “партыя міру”: хлебаробская. А без хлеба ж, як ні круці, ніякая палітыка не будзе на карысць народу. Каб у міры сеяць ды ўбіраць жыта-пшаніцу, дзяцей гадаваць — якраз у імя такой будучыні й ладзяцца падобныя форумы. І ў такім памкненні беларусы з украінцамі заадно: як родныя браты.

Іван Ждановіч

Подпіс: Надзвычай цёплай была сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры

 

Загаловак у газеце: Нататкі з нагоды Другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, што праходзіў ва ўкраінскім Жытоміры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.