Вы тут

Са старымі паштоўкамі — у Гродна


Уладзіміра Ліхадзедава, вядомага беларускага калекцыянера-філакартыста, добра ведаюць і за межамі Беларусі. Ён не аднойчы прадстаўляў сваю калекцыю, удзельнічаў у выстаўках і на канферэнцыях у Расіі, Украіне, Польшчы, іншых краінах свету. Уладзімір Аляксеевіч адзначаны медалём «За вялікі ўклад у калекцыйную справу Расіі», прэміяй Беларускага Саюза журналістаў «Залатое пяро».


Замкавая вуліца

У пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, Выдавецкі дом «Звязда» падараваў чытачу фотаальбом старых паштовак «Гродна. Падарожжа ў часе». Сёлета свята прымае Гродзенская зямля, дакладней — старажытны Слонім. Кніга, праз якую аўтар і выдаўцы збіраюцца расказаць пра мінуўшчыну Гродна, якраз і ёсць адзін са складнікаў кніжнай праграмы Дня беларускага пісьменства. Праўда, на Гродзеншчыне сёлета хапае іншых важкіх датаў.

Вось што піша ў прадмове да выдання старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў: «Гродзеншчына — край найбагацейшай гісторыі, глыбокіх культурных традыцый. Тут жывуць працавітыя людзі розных нацыянальнасцяў, а даўніна суседнічае з сучаснасцю.

Агульны выгляд горада

У верасні 2019-га Гродзенская вобласць адзначае сваё 75‑годдзе, і да юбілею выходзяць у свет некалькі выданняў, прысвечаных мінуламу і сённяшняму дню Прынёманскага краю, яго гарадам і мястэчкам. Сярод іх — «Гродна. Падарожжа ў часе», праца вядомага беларускага калекцыянера, пісьменніка, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Сабраныя аўтарам паштоўкі і фотаздымкі з выявамі горада ў розныя часы і эпохі даюць уяўленне, як змяняўся Гродна на працягу амаль паўтара стагоддзя. Разглядваючы старадаўнія фотаздымкі, мы бачым, якім раней было тое, што не пашкадаваў час, і тое, што ўдалося захаваць.

Малюнак альбо фотаздымак, зроблены ў далёкім мінулым, набываюць яшчэ большую каштоўнасць, калі мы хочам узнавіць архітэктурны помнік ці вярнуць яму першапачатковае аблічча. Якім быў горад у пазамінулым стагоддзі, мы можам уявіць сабе дзякуючы работам Напалеона Орды. Ён адлюстраваў усю прыгажосць гродзенскіх замкаў, храмаў, палацаў, прыгарадных каралеўскіх сядзіб. Невыпадкова ўдзячныя гродзенцы назвалі ў гонар гэтага мастака адну з вуліц горада.

Пры распрацоўцы праекта рэканструкцыі Старога замка ў Гродне аўтары шмат у чым арыентаваліся на гравюру Тамаша Макоўскага. Вядомы друкар, мастак, картограф, аўтар карты Вялікага Княства Літоўскага ў 1600 годзе стварыў гравюру з выявай горада Гродна, на якой досыць дэталёва прамаляваў каралеўскі замак у часы, блізкія да ўладарання Стэфана Баторыя.

Параходная прыстань

Высокая канцэнтрацыя помнікаў гісторыі і культуры — адна з асаблівасцяў Гродна. Апошняя, самая разбуральная вайна — Вялікая Айчынная — нанесла значны ўрон гэтаму гораду, але яго гістарычнае ядро захавалася. Гэта 200 гектараў забудовы: дамы, замкі, палацы і храмы. Не змянілася планіроўка вуліц. У цэнтры яна такая ж, як стагоддзі назад, і па ёй можна прасачыць, як, пачынаючы ад Замкавай гары, развіваўся горад…»

Гартаем старонкі фотаальбома — знаёмімся з канкрэтнымі адрасамі. Старыя паштоўкі дазваляюць зірнуць на горад з вышыні птушынага палёту. А вось — від на раку Нёман. Чыгуначны мост цераз яе, Станіславаўская алея, драўляны мост, Замкавая вуліца, Летні тэатр, жаночая гімназія… Колькі адрасоў, дзе хацелася б пабавіць час, агледзецца, пазнаёміцца, калі атрымаецца, з гараджанамі таго часу. Шмат якія паштоўкі з выявамі гараджан. Вось некалькі купак гарадзенцаў на Саборнай вуліцы. Непадалёку ад Каложскай царквы на беразе Нёмана — афіцэры расійскай арміі.

Уражваюць паштоўкі, на якіх фатографы мінуўшчыны занатавалі культавыя будынкі. Асабліва шмат рэпрадукцый з Фарным касцёлам. Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя — такая поўная назва ў Фарнага касцёла, каталіцкага сабора. Гэта адзін з трох храмаў Беларусі, якія носяць ганаровы тытул малой базілікі. Вышыня вежаў храма — 65 метраў. На адной з iх — старажытны гадзіннік, адзін з самых старых дзеючых гадзіннікаў ва Усходняй Еўропе.

З горадам на Нёмане звязаны лёс славутай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Чатыры старыя паштоўкі прысвечаны яе дому, які знаходзіўся на Мураўёўскай вуліцы. І кожная з паштовак — свой погляд, свае дэталі… Гэты «ажэшкаўскі» разварот фотакнігі «Гродна. Падарожжа ў часе» — своеасаблівы ўнёсак у гродзенскае літаратурнае краязнаўства.

Між іншым, новы альбом Уладзіміра Ліхадзедава складаецца з наступных раздзелаў: «Гродна. Канец XIX — пачатак XX стагоддзя»; «Гродна. 1905–1915 гады»; «Гродна. 1915–1918»; «Гродна. 1920–1930‑я гады»; «Гродна. 1941–1945 гады»; «Гродна. 1946–1970‑я гады».

Надзвычай цікавымі падаюцца паштоўкі, якія адлюстроўваюць перыяд Першай імперыялістычнай вайны. Жалобны малебен нямецкіх вайскоўцаў, могілкі нямецкіх салдат, узарваная японская гармата, захопленыя кулямёты (цэлы арсенал!), узарваны форт Гродзенскай крэпасці, руіны ўмацаванняў Гродзенскай крэпасці, трафейная гармата… Карцінкі падаюцца выразнымі сюжэтамі. Можна следам за фатографам пачатку мінулага стагоддзя дадумваць, дапаўняць падзеі стагадовай даўніны… З фотакнігай «Гродна. Падарожжа ў часе» варта прыходзіць на школьныя ўрокі гісторыі Беларусі. Чаму б і не?!.

Гродна. Швейцарская даліна

І яшчэ я параіў бы мець гэтае выданне рэпрадукцый старых паштовак кожнаму гарадзенцу. Ды і таксама усім, хто збіраецца туды ў падарожжа. Увогуле з кніг калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава (іх сёння ў серыі «У пошуках страчанага» выдадзена ўжо 25 назваў!) можна скласці сапраўдную радзімазнаўчую бібліятэку ілюстрацый. А за апошнія паўтары дзясятка гадоў фотаальбомы выходзілі ў выдавецтвах «Рыфтур», «Тэхналогія», Выдавецкі дом «Звязда»… Згадаем назвы хаця б некаторых з іх: «У пошуках страчанага», «Знічкі Айчыны», «Святы раўнаапостальны князь Уладзімір», «Сінагогі», «Тадэвуш Касцюшка на старых паштоўках і ў графіцы», «Мінск. Падарожжа ў часе».

Алесь Карлюкевіч

Рэпрадукцыі з кнігі У. Ліхадзедава «Гродна. Падарожжа ў часе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».