Вы тут

У Мінску ў Доме Масквы адкрылася праваслаўная выстаўка-форум «Радасць Слова»


Учора ў Мінску ў Доме Масквы адкрылася праваслаўная выстаўка-форум «Радасць Слова».


Фота bryansk.glavny.tv

Арганізатары звяртаюць увагу, што абодва словы ў назве выстаўкі пішуцца з вялікай літары, бо «Слова» тут маецца на ўвазе тое, пра якое сказана ў першым радку Дабравесця паводле Іаана: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова».

— Сёння, нягледзячы на існаванне шэрагу сродкаў масавай інфармацыі, новых інфармацыйных тэхналогій, мы да кнігі ставімся асабліва: з трапятаннем, натхненнем. Часам у адрас Царквы можна пачуць папрок у кансерватызме, у тым, што яна не ідзе ў нагу з часам. Але само слова «кансервацыя» (або «кансервант») — добрае, гэта ўменне захаваць найлепшы вопыт, назапашаны народам і Царквой цягам стагоддзяў. Таму мы ўсё тое добрае захоўваем, спрабуем павялічыць і перадаць будучым пакаленням, — сказаў журналістам перад адкрыццём выстаўкі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Кніга мае асаблівае значэнне для чытача, яна дысцыплінуе, дапамагае падыходзіць творча да падзей, якія апісвае, і ў адрозненне ад кінематографа робіць самога чытача і рэжысёрам, і выканаўцам... Кніга нас прымушае думаць, таму яна ніколі не знікне з жыцця чалавека.

Мітрапаліт Павел выказаў спадзяванне, што выстаўка будзе запатрабаваная жыхарамі краіны, якія любяць чытаць кнігі і цэняць іх.

Разам з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы выстаўку адкрываў мітрапаліт Калужскі і Бароўскі Клімент, старшыня Выдавецкага савета Рускай праваслаўнай царквы. Ён перш за ўсё перадаў усім удзельнікам выстаўкі, жыхарам Мінска і Беларусі благаславенне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Епіскап таксама ўпэўнены, што папяровая кніга застанецца ва ўжытку будучых пакаленняў.

— Ужо больш за дзесяць гадоў на амерыканскім рынку папяровая і электронная кніга трымаюць свае долі: 80 працэнтаў першая і 20 працэнтаў — другая. Нашы крамы запоўненыя кнігамі, пры гэтым асартымент літаратуры, якая друкуецца ў Расіі, павялічыўся за апошнія дзесяцігоддзі ў дзясяткі разоў, — аргументаваў мітрапаліт Клімент. — Выдавецкі савет Рускай праваслаўнай царквы штогод дае грыф на публікацыі каля дзвюх тысяч найменняў новых кніг, з іх 60 працэнтаў — першыя выданні. Значыць, кніга патрэбна.

Магчыма, тыражы скарачаюцца, прызнаў старшыня Выдавецкага савета РПЦ, але агульная колькасць кніг, па яго словах, не становіцца меншай. Ён спаслаўся на інфармацыю ад кампетэнтных крыніц: сумарны тыраж традыцыйных кніг, якія з'явіліся ў Расіі ў 2018 годзе, павялічыўся на пяць-шэсць працэнтаў у параўнанні з 2015—2016 гадамі.

— Мэта гэтай выстаўкі — пазнаёміць чытача з новай літаратурай, — удакладніў мітрапаліт Клімент. — Тут прадстаўленая прадукцыя апошніх двух гадоў ад розных выдавецтваў. Тут людзі знойдуць цікавую для іх кнігу і службовай тэматыкі, і багаслоўскай, а таксама мастацкую літаратуру і дзіцячую. Мы да праваслаўнай кнігі адносім не толькі Евангелле, пісанні святых айцоў, але таксама і мастацкую літаратуру, якая адкрывае чалавеку сэнс жыцця.

Праваслаўная кніжная выстаўка-форум «Радасць Слова» — асветніцкі праект Выдавецкага савета РПЦ, які па благаславенні Маскоўскага Патрыярха рэалізуецца больш за восем гадоў у розных гарадах і краінах. У Беларусі яна праходзіць упершыню, сярод яе арганізатараў таксама Беларуская праваслаўная царква, асацыяцыя «Праваслаўная кніга», Дом Масквы ў Мінску пры падтрымцы пасольства Расійскай Федэрацыі.

Акрамя ўласна выстаўкі кніг, у рамках форуму прайшлі канферэнцыя на тэму «Подзвіг новапакутнікаў», семінар, прысвечаны пытанням узаемадзеяння царкоўнай і дзяржаўнай бібліятэчных сістэм, сустрэчы з праваслаўнымі пісьменнікамі. Экспануюцца таксама фатаграфіі ХІХ—ХХІ стагоддзяў са святой гары Афон (Грэцыя).

Выстаўка працуе два дні — па 17 кастрычніка, з 10 да 19 гадзін. Уваход вольны.

Вольга Мядзведзева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».