Вы тут

Восень — пара любові і лістоў


Калі адкрывалі помнік Пушкіну, згадвалі яго рознабаковыя заслугі, а вось цытавалі пераважна радкі любоўнай лірыкі. Не толькі тыя, хто гаварыў прамовы на мерапрыемстве, але і гледачы паміж сабой, калі стаялі ў чаканні хвалюючага моманту. І не дзіва. Пасля кастрычніцкага дажджу і холаду гэта быў першы дзень асенняй прыгажосці і лагоды. Тое самае «очей очарованье» са стракатасцю лістоты ў яе развітальнай урачыстасці. А прыгажосць прыроды, ясная справа, першая памочніца як паэтам, так і закаханым.


Фота pixabay.com

Зноў павеяла гэтым, калі на Пакровы вярнулася сапраўднае лета. Толькі ёсць у ім сумная нота, бо кружаць і кружаць лісты, каб пакінуць нам голыя лапы дрэў на шэрым фоне зацягнутага неба. А пакуль буйная рознакаляровасць восені нібы заклікае жыць, удыхаць водар лістоты, назапашваць у сабе ціхі ўспамін прыгажосці. Во, як сёння, выйшла ў абед пагуляць, падыхаць паветрам, а побач з нашымі дубкамі стаяць двое. Ну зусім маладыя, нават юныя, можа, старшакласнікі, і з такой любоўю ўглядаюцца адно аднаму ў вочы, што нават не заўважаюць, як падаюць лісты з парыжэлага дуба.

Цікавая гісторыя гэтых дубоў, у нечым нават унікальная, звязаная з нашай прафесіяй. Калі тут год таму распачалася грандыёзная будоўля па рэканструкцыі Кобрынскага моста, мы нават крыху пабойваліся, каб дубкі ацалелі. Бо многія дрэвы тады напаткаў сумны лёс. Але гэтыя стаяць надта блізка каля ўвахода ў брэсцкі Дом друку, іх не зачапілі. А пасадзіў іх гадоў дзесяць, можа, крыху больш таму чытач абласной газеты ў знак падзякі. Вясковы дзядзька зайшоў
да аднаго з карэспандэнтаў з просьбай паспрыяць яму ў вырашэнні нейкага пытання. Карэспандэнт пазваніў у адну, другую інстанцыі, там адгукнуліся, чалавеку дапамаглі. А ён праз нейкі месяц прыехаў зноў, не палічыўся нават з дарогай у 150 кіламетраў, ды прывёз саджанцы дуба. Праўда, не ўсе прыжыліся, а вось гэтыя два некалькі гадоў стаялі, нібы на месцы, а потым увабраліся ў сілу і цяпер — высокія, прыгожыя, раскошныя — утварылі сабой штось накшталт аркі над адной з уваходных дарожак. Зараз адзін стаў зусім рыжы, а другі зялёна-жоўты, даўжэй трымае лістоту. На вялікі жаль, заўчасна пайшоў з жыцця супрацоўнік газеты, да якога тады прыходзіў вясковы чалавек. І вось кожны ранак праходжу паміж дубоў і міжволі ўспамінаю калегу, з якім дзясятак гадоў працавалі ў адной газеце. Яго няма, а дубкі засталіся. Цяпер непадалёку паставілі лаўку, там днём найбольш сядзяць курцы з суседніх офісных будынкаў, а ўвечары спыняюцца і парачкі.

Вось як важна, аказваецца, пакінуць дрэва, каб цябе згадалі і пры жыцці, і потым. Помню, як шмат гадоў таму леснікі ў Ганцавіцкім раёне паклікалі на экскурсію да памятных дубоў у Люсіне, дзе, паводле іх слоў, малады Кастусь Міцкевіч сустракаўся з той, якая стала прататыпам Ядвісі ў ягоных «На ростанях». Даўно няма ні герояў той гісторыі, ні сведак тых мілых сустрэч, а памяць жыве, перадаецца ад пакалення да пакалення. Вы, пэўна, заўважалі, што асабліва доўга жывуць паданні, звязаныя з гісторыямі кахання. А сведкамі тых падзей застаюцца дрэвы альбо пісьмы. Добра, што ў былыя часы адно аднаму пісалі лісты на паперы. І вось цяпер доўгімі асеннімі вечарамі цікава бывае пачытаць перапіску знакамітых асоб. Вядома, перапіску з іх любімымі людзьмі.

Можа, на гэта раней не звяртала ўвагі, як той казаў, не чапляла, але скрозь прачытанае гэтай восенню заўважаю агульную думку наконт таго, як каханне паднімае самаацэнку людзей. Ну вось, напрыклад, як пісаў Анарэ дэ Бальзак да Эвеліны Ганскай, якую кахаў шмат гадоў: «Дарагі анёл, ты прыдаеш нейкую бязмерную каштоўнасць майму жыццю, падумай жа, што будзе, калі я буду жыць з табой, а не толькі ў марах пра цябе». Дарэчы, Бальзак павянчаўся з «любоўю ўсяго жыцця» — Эвелінай — пасля смерці яе мужа, за паўгода да сваёй смерці.

А каханнем усяго жыцця Тургенева, як вядома, была Паліна Віардо. І як жа падобны пісьменнікі ў асэнсаванні сябе праз прызму пачуццяў, хоць выражаюць свае думкі зусім іншымі, зусім непадобнымі словамі! «Ва ўсім маім жыцці няма ўспамінаў больш дарагіх, чым тыя, якія датычаць Вас... Мне суджана шчасце, калі я заслужыў, каб водбліск Вашага жыцця змешваўся з маім! Пакуль жыву, буду старацца быць дастойным такога шчасця; я стаў паважаць сябе з той пары, калі нашу ў сабе гэты скарб».

Вось у чым асаблівасць кахання: яно павялічвае кошт і значнасць жыцця таго, хто кахае. Так што кіньце банальнае: «Нават самая прыгожая жанчына не можа даць болей, чым мае». Яшчэ як можа, калі яна каханая. Паглядзіце на Паліну Віардо! Івана Сяргеевіча кахалі сапраўдныя прыгажуні, а ён бачыў скрозь іх Паліну. Скажаце: пачала пра лісточкі, а скончыла вось чым. Я пра тое, што лістоў, у сэнсе пісьмаў, сучаснікаў не застанецца для нашчадкаў, яны хутчэй за ўсё згубяцца на прасторах інтэрнэту. Давайце садзіць хоць дрэвы на ўспамін!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.