Вы тут

Што хвалюе жыхароў Вілейскага раёна?


Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў правёў асабісты прыём грамадзян у Вілейцы.


Першы на прыём завітаў Мікалай Мікалаевіч з вёскі Тураўшчына Вілейскага раёна:

— У мяне быў «райскі куток» — кватэра ў райцэнтры, побач з якой усе сацыяльныя зручнасці для камфортнага жыцця. Але я вымушаны быў прадаць жыллё па аб'ектыўных прычынах.

Фота БЕЛТА.

Здзелка куплі-продажу, як і мае быць, здзейснена і заверана натарыусам у прысутнасці абодвух бакоў. Пакупнік паклаў на банкаўскі рахунак прадаўца пяць тысяч долараў у эквіваленце. Усё пацверджана дакументальна. Але на наступны дзень мужчына рашыў, што жыллё каштуе ўдвая больш і прапанаваў новай уладальніцы вярнуць кватэру, а атрыманую суму аддаць ёй назад. Тая адмовілася. Як сцвярджае заяўнік, на той час ён не ўсведамляў сваіх дзеянняў, бо быў хворы, і лічыць, што яго падманулі.

Ігар Яўсееў загадзя азнаёміўся з гэтай сітуацыяй. «Вы на той час былі дзеяздольны. Законнасць здзелкі правярала міліцыя, пракуратура, якія прыйшлі да высновы, што ўсё аформлена законна». Ён параіў заяўніку звярнуцца ў суд. Разам з тым, Ігар Уладзіміравіч пацікавіўся, дзе цяпер жыве Мікалай Мікалаевіч. «У вёсцы ў мяне ёсць дом», — такі быў адказ.

— Гэта добра, калі б у яго была праблема з жыллём, вядома, давялося б дапамагаць — не кідаць жа чалавека на волю лёсу, — канстатаваў Ігар Яўсееў.

Віталь Пятровіч з Вілейкі прасіў памочніка Прэзідэнта — інспектара па Мінскай вобласці пахадайнічаць, каб мясцовыя ўлады павялічылі колькасць месцаў для купання, у тым ліку на так званым салдацкім возеры ва ўрочышчы «Дубоўка».

— Там трэба абсталяваць пляж? — запытаўся Ігар Яўсееў.

— Ды не, толькі дайце магчымасць купацца. Міліцыя не дазваляе — штрафуе. Ужо чатыры гады плаваем пад страхам, — адказаў мужчына.

Гэты вадаём неаднойчы абследавалі вадалазы. Глыбіня яго чатыры метры з перападам, ілістае дно з пабочнымі прадметамі. Купацца тут небяспечна, але знаходзяцца аматары паныраць, раней нават стаяла спецыяльная вышка для гэтых мэт.

Як растлумачыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Каратыш, да таго, як забаранілі купанне, у возеры патанулі дзевяць чалавек. Цяпер сітуацыя стабілізавалася.

Ігар Яўсееў даручыў спецыялістам яшчэ раз правесці абследаванне воднага басейна і вывучыць магчымасць уладкавання месца для купання. А міліцыі — строга сачыць за тым, каб на беразе не распівалі спіртныя напоі, не парушалі правілы паводзін на вадзе.

Вілейчанін Дзмітрый Крупскі прасіў перавесці святлафорны аб'ект на скрыжаванні вуліц Савецкая — Шубіна — Стаханаўская ў мігаючы рэжым. Як расказаў заяўнік, вечарам і раніцай тут ствараюцца заторы аўтатранспарту дзесьці па 600 метраў. Праблема сапраўды ёсць, прызналі спецыялісты, аднак пасля ўстаноўкі стацыянарнага святлафора колькасць дарожна-транспартных здарэнняў на гэтым участку значна знізілася.

Ігар Яўсееў даручыў вывучыць пытанне больш падрабязна. І прапанаваў па магчымасці ўстанавіць для бяспекі «пешаходную кнопку», каб зручна было пераходзіць праблемную вуліцу.

Анатоль Пісарэнка з Валожына прыехаў на прыём без папярэдняга запісу. Ігар Яўсееў яго ўважліва выслухаў. Мужчына займаецца вырошчваннем кветак у дзвюх цяпліцах. Гэтую прыгажосць ён прадае ў кіёску, які пабудаваў сам. Заяўнік звяртаўся да мясцовых уладаў, каб прызнаць збудаванне капітальным. Але атрымаў адмову. Справа ў тым, што ён павінен быў падаць у райвыканкам неабходныя для гэтага дакументы, але прапусціў тэрмін. І цяпер кіёск могуць знесці.

Ігар Яўсееў паабяцаў дадаткова прааналізаваць сітуацыю. І падчас чарговага прыёму грамадзян у Валожыне асабіста наведаць аб'ект.

Людміла Петрусевіч з аграгарадка Калодзішчы Мінскага раёна паскардзілася, што побач з яе ўчасткам пустуюць тры соткі зямлі, якія яна даглядае, абкошвае. Жанчына прасіла даць ёй гэты надзел для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, аднак пытанне да гэтага часу не вырашана.

Памочнік Прэзідэнта запэўніў, што выедзе на месца з прадстаўнікамі мясцовай улады, спецыялістамі. І калі ёсць магчымасць, то варта выдзеліць ёй гэты ўчастак для вядзення дапаможнай гаспадаркі.

Як правіла, напярэдадні прыёму грамадзян Ігар Уладзіміравіч асабіста аналізуе ўсе заявы. Таму і размова з кожным чалавекам атрымліваецца канкрэтнай і прадметнай. Па некаторых пытаннях, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, выязджае на месца асабіста. «Пасля кожнага прыёму грамадзян мы інфармуем Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Прэзідэнт цалкам валодае сітуацыяй, чым жыве кожны раён», — падкрэсліў Ігар Яўсееў.

Памочнік Прэзідэнта разам са старшынёй райвыканкама Алегам Бегунцом таксама наведаў прадпрыемствы і гаспадаркі раёна, азнаёміўся з ходам восеньскіх палявых работ.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пенсіянер хоча вярнуць «райскі куток», а аматары купання — «салдацкае возера»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.