Вы тут

Магілёўская школа № 8 адзначыла 80-гадовы юбілей


Любая школа можа пахваліцца выдатнымі вучнямі, але не ва ўсякай яшчэ можна сустрэць столькі былых вучняў у якасці педагогаў. У восьмай жа, напрыклад, тры з чатырох намеснікаў дырэктара — яе выпускнікі. Яшчэ больш школа знакамітая тым, што тут чатыры гады таму адкрыўся першы ў вобласці педагагічны клас. А зусім нядаўна яна атрымала статус школы-лабараторыі.


Дырэктар школы Аляксандр Корзун дэманструе, як высока Міністэрства адукацыі ацаніла дзейнасць установы.

Дырэктар Аляксандр Корзун з гонарам дэманструе сертыфікат аб прысваенні ўстанове статусу «Школа-лабараторыя вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі» за подпісам старшыні каардынацыйнага савета рэктара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандра Жука.

— Пад эгідай гэтай ВНУ адбываецца выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб развіцці педагагічнай адукацыі ў краіне, — удакладняе дырэктар. — Менавіта з гэтай мэтай быў створаны кластар, куды ўвайшоў шэраг устаноў краіны, у тым ліку і мы. Мы прасоўваем ідэі па папулярызацыі прафесіі ў нас у рэгіёне. Такі статус, дарэчы, у вобласці мае толькі наша школа.

З гэтага года на базе школы рэалізуецца ўжо трэці інавацыйны праект. Наяўнасць такіх праектаў, уласна, і была адной з умоў пры атрыманні статусу школы-лабараторыі.

— Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — удакладняе назву завуч школы Людміла Бекарэвіч. — Сэнс у тым, што ўводзіцца дапрофільная падрыхтоўка будучых педагогаў, праводзіцца адбор дзяцей з пятага да дзявятага класа. Мы звяртаем увагу на дзяцей камунікабельных, цікаўных, якім падабаецца нешта пазнаваць. Пяцікласнікі пачынаюць з таго, што вывучаюць сябе. Уменне гаварыць, уцягнуць, арганізаваць — вось асноўныя рысы будучых педагогаў. Праводзім тэсціраванні, прапануем паехаць у летнік «Зубраня», дзе функцыянуе валанцёрскі атрад «Крылы» — там нашы вучні працуюць з выхаванцамі дзіцячага дома. У нашай школе яны спрабуюць сябе ў якасці настаўнікаў, даюць пробныя ўрокі. Мы ўдзельнічаем з праектамі ў МДУ імя А. Куляшова, універсітэце імя М. Танка, дзе дзеці паказваюць сябе з усіх бакоў. Тым, каму падабаецца гэта рабіць, потым і выберуць гэтую прафесію.

Дарэчы, сёлета вучнямі педагагічнага класа сталі 16 чалавек.

— Яны наведваюць факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію» і пасля заканчэння школы маюць права без цэнтралізаванага тэсціравання паступаць на любую педагагічную спецыяльнасць у нашай краіне, — сведчыць дырэктар. — Пры ўмове, канешне, што атрымаюць рэкамендацыю нашага педсавета і будуць мець адпаведныя адзнакі па прадметах. Гэта не ніжэй 7 балаў па агульных і не ніжэй 8 па профільных. Плюс партфоліа — сертыфікаты, граматы, дыпломы і гэтак далей.

Педагагічны калектыў быў і ёсць яскравы прыклад самаадданага служэння прафесіі. Тры прадстаўнікі ўстановы з'яўляюцца ганаровымі настаўнікамі БССР. Прыкладам пераемнасці традыцый служыць і тое, што ў школе цяпер працуюць 14 былых выпускнікоў. У іх ліку настаўнік фізікі — Наталля Радзькова, гісторыі — Ларыса Федаровіч, замежнай мовы — Аляксандра Дуброўская, матэматыкі — Святлана Кайдава, рускай мовы і літаратуры — Марына Праслава. Шэраг выпускнікоў рэалізавалі свае педагагічныя здольнасці ў іншых установах, у тым ліку вышэйшай адукацыі. Некалькі з іх працуюць у Магілёве ў МДУ імя А. Куляшова і інстытуце МУС. А вучоны Мікалай Смалякоў з'яўляецца сёння супрацоўнікам вядомага расійскага ўніверсітэта імя Курчатава, пэўны час выкладаў у Японіі. Гэтыя і іншыя людзі — залаты фонд школы. Фота і іншых вучняў, якія праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці, можна ўбачыць у тутэйшым музейным пакоі. Заўважаю сярод здымкаў знаёмы твар дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Віктара Аненкава. А вунь Вадзім Мезга — вядомы баксёр і спявак. Яшчэ адна вядомая асоба — беларускі акварэліст Уладзімір Напрэенка. Сапраўды, школе ёсць кім ганарыцца.

— Прозвішча вось гэтага нашага выпускніка знаёмае толькі вузкім спецыялістам, — звяртае ўвагу завуч Наталля Церахава, якая праводзіць для мяне невялічкую экскурсію ў мінулае школы. — Вынаходніка Сяргея Аляксеенку называюць яшчэ прарабам гагарынскага старту. Гэта ён канструяваў у Байкануры пускавую касмічную пляцоўку.

Колішнія школьныя прылады, фотаздымкі актывістаў маладзёжных арганізацый, камсамольцаў ваенных часоў, здымкі этапаў будаўніцтва новай школы замест старой у 90-я гады — усё гэта беражліва захоўваецца ў музеі і служыць наглядным дапаможнікам для выхавання будучых лідараў. У школе моцна развіты пошукавы рух. Наталля Бартошкіна хоць і не была членам педкалектыву (працавала на чыгунцы), але кіравала школьным пошукавым гуртком. Разам з вучнямі яна сустракалася з ветэранамі, знаходзіла родных загінулых чырвонаармейцаў. Па ініцыятыве Наталлі Бартошкінай з'явілася памятная дошка на будынку чыгуначнага вакзала ў гонар гераічных супрацоўнікаў, быў створаны помнік батальёну міліцыі ў вёсцы Гаі, з'явіўся музей у ДК чыгуначнікаў. На адным са стэндаў заўважаю цікавы экспанат — сачыненне «Чаму я стаў настаўнікам».

— Школа раз у год праводзіць дзень самакіравання, — тлумачыць Наталля Церахава. — У гэты дзень усе — дырэктар школы, яго намеснікі і настаўнікі — вучні. На ўроках яны спяваюць, займаюцца музыкай, харэаграфіяй, пішуць сачыненні. Адно з іх мы і захавалі ў музеі. Сёлета канцэрт у гонар юбілею школы вёў вучань, які быў у той час дырэктарам. Ён захаваў відэа, як праходзіў дзень самакіравання. Мы яго з такой цікавасцю глядзелі. Наогул нашы вучні і настаўнікі з вялікім хваляваннем ставяцца да школьных традыцый.

Р.S. Ужо напаследак дырэктар не стрымаўся і запрасіў мяне паглядзець кабінет і лабараторыю хіміі.

— Вы такое мала дзе ўбачыце, — запэўніў ён. — У нас ёсць усё, каб займацца навукай.

Сапраўды, гэта ўражвае. Магчымасці лабараторыі дазваляюць праводзіць тут хімічныя вопыты, пра якія ў большасці школ толькі наглядна расказваюць. Не дзіўна, што менавіта ў восьмай школе праходзяць алімпіяды гарадскога ўзроўню па гэтым прадмеце. Як той казаў, там, дзе выхоўваюць будучых педагогаў, дробязяў не бывае. Тут усё матывавана.

Школе, яе калектыву і вучням плёну ў рабоце і далейшых поспехаў у справе падрыхтоўкі будучых лідараў і прадстаўнікоў няпростай педагагічнай прафесіі!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Самыя педагагічныя

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».