Вы тут

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц


З Жэняй Янішчыц мы землякі. Нават блізкія землякі. Нашы вёскі — маё Лышча і яе Рудку — падзяляе ўсяго нейкіх пятнаццаць кіламетраў. Можна сказаць: землякі-суседзі. Наогул мы з Янішчыц доўгія гады былі, што называецца, побач, па суседстве, але пазнаёміцца ўсё чамусьці не ўдавалася.


Так было на пачатку шасцідзясятых, калі я працаваў у Лагішынскай раённай газеце (цяпер гэта Пінскі раён) і нярэдка прыязджаў у Парэчча, завітваў у тамтэйшую школу, дзе, аказваецца, вучылася Жэня. Аднак пра яе як паэтку тады яшчэ ніхто нічога не ведаў. Яна толькі-толькі рабіла першыя крокі ў краіну паэзіі.

Так было і крыху пазней, калі мы аказаліся побач — на адной старонцы пінскай раённай газеты «Полесская правда». У нумары за 22 жніўня 1963 года было апублікавана маё першае апавяданне «Грошы», а Жэня дэбютавала вершам «Жнівень». Хоць пачаткам сваёй творчасці яна лічыла 1964 год, калі яе вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку.

Сталася так, што і ў Мінску мы апынуліся побач — у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на філалагічным факультэце. Жэня на беларускім аддзяленні, а я — на аддзяленні журналістыкі. І цэлы год — 1966-ы — вучыліся ў адным будынку, тым, што знаходзіцца на вуліцы Чырвонаармейскай побач са славутай тады Ленінскай бібліятэкай. Жэня — на першым курсе, я — на пятым. Хадзілі аднымі калідорамі, слухалі лекцыі ў адной і той жа актавай зале, удзельнічалі ў адных вечарах адпачынку. І, на жаль, па-ранейшаму заставаліся незнаёмыя. Хоць завочна я ўжо ведаў Янішчыц — яна друкавалася ў газетах  «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Маладосць».

У 1976 годзе мы разам працавалі ў Доме друку: я — на другім паверсе, у «Звяздзе», Жэня — паверхам ніжэй — літкансультантам у «Сельской газете». Янішчыц ужо была вядомая паэтка, аўтар дзвюх паэтычных кніг, член Саюза пісьменнікаў СССР. І мне цяпер нават цяжка сказаць, чаму і на гэты раз я не пазнаёміўся са сваёй зямлячкай асабіста.

Такое знаёмства адбылося крыху пазней, калі я перайшоў працаваць у ЦК КПБ, у сектар мастацкай літаратуры. І вось на адным з пленумаў Саюза пісьменнікаў у перапынку я нарэшце асмеліўся, падышоў да Жэні і назваў сябе.

— А я вас ведаю, — усміхнулася Жэня. — Чытала вашы нарысы. Пра Аснежыцы, пра Целяханы. Добра, што не забываеце землякоў.

І дзіва дзіўнае: не ведаю, што магло быць прычынаю — ці то наша блізкае зямляцтва, ці незвычайная шчырасць і абаяльнасць Жэні, — але ўжо праз некалькі хвілін мы гаварылі так, нібыта ведалі адно аднаго цэлую вечнасць, і нават перайшлі на «ты».

— У мяне нядаўна выйшла новая кніжка, — сказала Жэня напрыканцы, — пры нагодзе я табе абавязкова яе падару.

І сапраўды пры наступнай сустрэчы ў Доме літаратара падаравала паэтычны зборнік «Ясельда» з кранальным надпісам: «Дарагі Зіновій, а палешукі — усё-такі Чалавекі! З гэтай нагоды — шчасця табе, поспехаў, вышыні!»

Кранальным было тое, што сваю творчасць яна ацэньвала не толькі як асабісты поспех, але і як магчымасць, пасля Мележа, горда сказаць: «А пале-
шукі — усё-такі Чалавекі!» І мне, палешуку, гэта было дужа прыемна. 

З таго часу мы з Янішчыц сустракаліся ўжо даволі часта — і ў Доме літаратара, і ў рэдакцыі часопіса «Маладосць», дзе яна загадвала аддзелам паэзіі, і проста на вуліцы. Аказалася, што і ў Мінску мы жылі зусім побач — ад майго дома да Жэнінага было метраў дзвесце, не болей.

Не буду падрабязна расказваць пра ўсе нашы сустрэчы, у гэтым няма патрэбы. Згадаю толькі два эпізоды, якія, на маю думку, ярка характарызуюць Янішчыц як паэтку і як чалавека.

Восеньскім днём 1987 года нас з Жэняй запрасілі на творчы семінар супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі. Мяне, загадчыка кафедры журналістыкі і літаратуры Мінскай вышэйшай партыйнай школы, каб асвятліў некаторыя асаблівасці ідэалагічнай барацьбы на сучасным этапе; Янішчыц, вядомую паэтку, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, каб расказала пра сітуацыю ў беларускай літаратуры, падзялілася сакрэтамі творчасці.

Са сваёй няпростай місіяй Янішчыц справілася бліскуча! Здаецца, і зараз увачавідкі бачу, як некалькі дзясяткаў семінарыстаў у строгай міліцэйскай форме, не зводзячы з Жэні зачараваных вачэй, уважліва слухаюць яе эмацыянальны, захоплены аповед. Пасля былі шматлікія зацікаўленыя пытанні, адказы на якія ўзнагароджваліся шчырымі апладысментамі. Напрыканцы ўдзельнікі семінара абступілі сваю любімую паэтку(аказваецца, многія прынеслі з сабою яе кніжкі), каб атрымаць жаданы аўтограф.

Калі мы нарэшце выйшлі з будынка міністэрства, я не вытрымаў, сказаў Янішчыц:

— Жэня, я і не ведаў, што ты маеш яшчэ адзін талент — лектарскі.

— Ай, кінь ты! — збянтэжылася яна. — Калі ведаеш, любіш сваю справу, то і расказваць пра гэта лёгка...

І другі эпізод. Ён звязаны вось з чым. Часопіс «Маладосць» апублікаваў маю першую аповесць. І калі я атрымаў ганарар (даволі салідны па тым часе), то па няпісанай традыцыі запрасіў супрацоўнікаў рэдакцыі ў кафэ. І быў вельмі ўсцешаны, што на гэтую пачостку прыйшла і Жэня. І не толькі прыйшла, але і сказала добрае слова пра аповесць.

Пасля застолля мы з Жэняй вырашылі (паколькі нам было па дарозе) прайсціся дадому пешшу. Вечар быў ціхі, цёплы, мы разгаварыліся і не заўважылі, як аказаліся побач з Жэніным домам. І паколькі, відаць, не ў аднаго мяне было жаданне падоўжыць размову, Жэня запрасіла да сябе ў госці:

— Вып'ем па кубачку кавы... Хачу табе пачытаць тое, што напісалася апошнім часам, але яшчэ нідзе не друкавалася...

І быў вельмі харошы працяг. Мы пілі каву, і Жэня пры запаленай настольнай лямпе чытала свае вершы. Яны зрабілі на мяне моцнае, я нават сказаў бы, крыху трывожнае ўражанне. У іх акрамя заўсёднай Жэнінай эмацыянальнасці, акварэльнай лірычнасці даволі выразна адчувалася лёгкае дыханне мінору. Не, песімізму, адчаю не было, але самотна-шчымлівая нота гучала амаль у кожным вершы.

Помню, што я тады не стрымаўся, сказаў:

— Жэня, гэта нешта вельмі асабістае, глыбока інтымнае. Паэзія адзіноты...

— Паэзія — заўсёды мелодыя адзіноты...

І Жэня паглядзела на мяне вачыма, у якіх стаяў затоены, невымоўна-пакутлівы сум.

Я пасля некалькі дзён не мог пазбавіцца ад гэтага Жэнінага погляду. Тлумачыў яе стан збегам нейкіх непрыемных акалічнасцяў, абвостраным, занадта эмацыянальным іх успрыняццем. З паэтамі такое бывае... Супакойваў сябе, што гэта выпадковае, часовае.

Аказалася — гэта не было выпадковасцю. Гэта было неўсвядомленае прадчуванне далёкай, але непазбежнай бяды. І тая бяда здарылася. Хмурым восеньскім днём 1988 года Яўгенія Янішчыц трагічна загінула. Ёй было ўсяго сорак гадоў.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Загаловак у газеце: Паэзія як прадчуванне

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.