Вы тут

Даглядаем кветкі восенню правільна!


Дажджы прайшлі, але мы ўсё роўна павінны быць напагатове: трэба ўважліва агледзець кветнік. Ці дастаткова накормлена вільгаццю глеба, ці дайшла вада да каранёў? Асабліва гэта важна для шматгадовых кветак, кустоў, дрэў.

Калі глеба ў глыбіні вельмі сухая, трэба працягваць палівы: перасохлая зямля хутка прамярзае, а нам нельга дапусціць, каб расліны, аслабленыя экстрэмальнымі ўмовамі сёлетняга лета, пацярпелі яшчэ і ад, магчыма, суровай або бясснежнай зімы.

І вядома, трэба правесці шэраг агратэхнічных мерапрыемстваў, каб падрыхтаваць кветнік да зімоўкі.


У другой палове кастрычніка з надыходам замаразкаў неабходна абрэзаць надземную частку большасці мнагалетнікаў: гваздзікоў, півоняў, лубіну, рудбекій, флёксаў і іншых.

Абрэзка гэтых культур праводзіцца амаль да ўзроўню зямлі, пакідаюцца толькі бязлісцевыя сцёблы вышынёй 5-7 см. А вось касачы абразаюцца да ўзроўню 10-15 см, дэльфініум — 25-30 см. Пры ніжэйшай зрэзцы апошняга ў полае сцябло трапляе вада, выклікаючы загніванне карэнішча.

Не праводзяць абрэзку мнагалетнікаў з зімуючым лісцем, такіх як бадан, марознік, мядунка.

Трэба мець на ўвазе, што да замаразкаў гэтага рабіць не варта, бо з лісця і сцёблаў яшчэ ідзе адток пажыўных рэчываў у карані, карэнішчы і пупышкі аднаўлення. Калі падчас абрэзкі вы заўважыце, што пупышкі аднаўлення апынуліся на паверхні, то іх абавязкова трэба прыкрыць, падсыпаўшы зямлю да кустоў, каб пазбегнуць падмярзання.

У сухое надвор'е з пачаткам устойлівых замаразкаў абразаюць клямацісы, якія цвітуць на парастках бягучага года, пакінуўшы два вузлы ад узроўню зямлі (10-30 см). Затым іх накрываюць драўлянымі скрынямі, на якія зверху насыпаюць сухое лісце.

Клямацісы, якія цвітуць на парастках мінулага года (гэта значыць перазімавалыя) не абразаюць. Сцёблы здымаюць з апор і ўкладваюць кольцам на зямлю. На іх кладуць лапнік, затым насыпаюць лісце, а зверху зноў лапнік або галінкі, каб лісце не разляталася.

Ружы абразаюць і хаваюць таксама ў сухое надвор'е пры надыходзе ўстойлівых замаразкаў. Сарты груп фларыбунда і чайна-гібрыдных абразаюць на вышыню 40-50 см ад нізу куста.

Пасля гэтага выдаляюць лісце, выразаюць слабыя і мяккія парасткі, якія не выспелі, а тыя, што засталіся, апырскваюць 3 %-ным растворам жалезнага купарвасу, акучваюць на вышыню 30-35 см пяском і зямлёй.

Затым над кустамі ўсталёўваюць каркасы з тоўстага дроту або рэек, на іх нацягваюць шчыльную паперу, а па-над ёй плёнку, краі якой замацоўваюць, прыціскаючы да зямлі.

Такое паветрана-сухое сховішча дзякуючы паперы перашкаджае ўтварэнню кандэнсату вады пад плёнкай і забяспечвае вентыляцыю падчас адлігі, калі плёнку прыўздымаюць з тарцоў.

Паліянтавыя ружы падразаюць зусім крыху — выдаляюць толькі суквецці крыху ніжэй разгалінавання.

Пляцістыя ружы не абразаючы здымаюць з апоры і ўкладваюць на зямлю кольцам. Абавязкова апырскваюць жалезным купарвасам і акучваюць ніз сцёблаў пяском і зямлёй — гэта патрабаванне аднолькавае для ўсіх тыпаў руж. Накрываюць лапнікам і сухім лісцем.

У мініяцюрных руж абразаюць толькі суквецці. Хаваюць іх гэтак жа, як чайна-гібрыдныя, альбо перасаджваюць у гаршкі і захоўваюць зімой у склепе.

А вось паркавыя ружы зімуюць без усякай хованкі, толькі вясной ім робяць невялікае санітарна-касметычнае абразанне, выдаляючы сухія і пашкоджаныя галінкі.

На зіму прыкрываюць сухім лісцем гіяцынты, якія звычайна высаджваюць да сярэдзіны кастрычніка. Нарцысы, як правіла, прысыпаюць лісцем, торфам, іглічным ападам адразу пасля пасадкі. А махрыстыя нарцысы трэба хаваць штогод яшчэ і пад лапнік.

Таксама ўвосень абавязкова трэба падкарміць глебу ў кветніку. Прарыхліце яе асцярожна каля мнагалетнікаў і ўнясіце неабходныя мінеральныя ўгнаенні. А ўчасткі, да вясны свабодныя ад пасадак, запраўце мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі.

У цяжкія гліністыя глебы ўнясіце пясок і торф, а ў занадта лёгкія пясчаныя — торф і гліну. Перакапайце глебу з абаротам пласта і так пакіньце на зіму ў буйных камяках.

Ірына Тамковіч

Загаловак у газеце: Восеньскі догляд кветак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».