Вы тут

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?


Ці ведаеце вы, што сардэчна-сасудзістыя хваробы маюць сезонны характар? Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск. І гэта шмат у чым звязана з уплывам вірусных інфекцый, у прыватнасці грыпу. Як ён можа адбіцца на здароўі сэрца, расказалі спецыялісты.


Грып вядзе да інфарктаў і парушэнняў рытму

— Калі прааналізаваць вострыя формы ішэмічнай хваробы сэрца, то зімой у нашых пацыентаў часцей здараюцца інфаркты міякарда. Сезонныя станы шмат у чым звязаны з віруснымі інфекцыямі, якія з'яўляюцца правакуючым фактарам і выклікаюць ускладненні ішэмічнай хваробы сэрца. Да таго ж узровень артэрыяльнага ціску зімой фізіялагічна вышэйшы ў сярэднім на 10 міліметраў ртутнага слупа, чым улетку, — кажа загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Андрэй ПРЫСТРОМ.

Даследаванні наступстваў вакцынацыі ад грыпу вядуцца ў нас з 2004 года, і іх вынікі сведчаць пра эфектыўнасць прышчэпак. Колькасць кардыялагічных ускладненняў, у прыватнасці інфарктаў і інсультаў, у вакцыянаваных пацыентаў зменшылася ў два, а ў апошнія гады нават у тры-чатыры разы.

Як узнікаюць кардыялагічныя ўскладненні грыпу, расказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія» Святлана САЛАВЕЙ.

— Калі ў нас развіваецца рэспіраторная інфекцыя, павышаецца тэмпература цела. А разам з ёй — частата сардэчных скарачэнняў. А гэта дадатковая нагрузка на сэрца, што вядзе да ўскладненняў. Акрамя таго, вірус можа ўкараніцца ў атэрасклератычную бляшку — усе мы ведаем, як яны ўзнікаюць і чым пагражаюць. А «пасяліўшыся» там, ён на працягу доўгага перыяду падтрымлівае запаленне ўнутры сасудаў. У выніку бляшка можа прарвацца і затрамбіраваць сасуд. Таму, калі вы ўсё ж захварэлі, трэба хварэць: адляжацца пэўны час і вылечыцца, а не пераносіць гэты стан на нагах.

Пагражае перанесены грып і збоямі рытму сэрца.

— У асенне-зімовы перыяд часцей здараюцца парушэнні рытму ў выглядзе фібрыляцыі перадсэрдзя. Павышаецца рызыка развіцця прыступаў мігальнай арытміі, жалудачкавай экстрасісталіі, — расказвае навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ «Кардыялогія» Ларыса ПЛАШЧЫНСКАЯ.

Хто ў групе рызыкі?

Сёлета ў першым паўгоддзі ў Беларусі памерлі 81 546 чалавек (81 207 за аналагічны перыяд летась), з іх ад хвароб сістэмы кровазвароту — 47 120 (45 570 летась). Каля двух мільёнаў беларусаў хварэе на артэрыяльную гіпертэнзію, сотні тысяч маюць дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца». Штогод у краіне робіцца каля 15 тысяч кардыёхірургічных аперацый. Але хірургічнае ўмяшанне займае невялікую долю ў лячэнні хвароб сістэмы кровазвароту і выкарыстоўваецца ў цяжкіх выпадках. Галоўным спецыялісты называюць прафілактыку і недапушчэнне ўзнікнення гэтых хвароб, у тым ліку і барацьбу з паводзінскімі фактарамі рызыкі.

— Артэрыяльная гіпертэнзія маладзее, што звязана з фактарамі рызыкі. Многія пачынаюць курыць да 20 гадоў, а гэта ў будучыні пагражае павышаным ціскам і ішэмічнай хваробай сэрца. Паводле даследавання Steps, у нашай краіне 44,9 % насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў мае павышаны артэрыяльны ціск. Пры гэтым 48 % мужчынскага насельніцтва курыць. Увогуле, Беларусь знаходзіцца ў лідарах сярод краін з высокім працэнтам курыльшчыкаў, — адзначае Андрэй Прыстром.

Сярод фактараў рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых хвароб кардыёлагі таксама вылучаюць гіпадынамію, няправільнае харчаванне і вялікую колькасць фастфуду ў нашым рацыёне, лішнюю вагу. А знізіўшы фактары рызыкі, можна пазбегнуць тых жа парушэнняў рытму сэрца:

— Нізкая фізічная актыўнасць, павышаная маса цела могуць правакаваць парушэнні рытму сэрца. Тут самае важнае — прафілактыка, — заўважае Ларыса Плашчынская. — У тых, каму ўдаецца знізіць масу цела, змяншаецца частата параксізмаў мігальнай арытміі. Дыета важная і пры артэрыяльнай гіпертэнзіі. Варта ўжываць штодзень не менш за 500 грамаў гародніны і фруктаў, рэгулярна прымаць прэпараты і мець фізічную нагрузку. Ёсць пэўныя нормы: 150 хвілін фізічнай актыўнасці ў тыдзень. Гэта 4-5 дзён па 30 хвілін аэробнай нагрузкі — хадзьба, плаванне, веласіпед.

— У падлеткавым узросце ўсяго 5 % дзяўчат і 10 % хлопцаў маюць рэкамендаваны ўзровень фізічнай актыўнасці, — дадае Андрэй Прыстром.

Артэрыяльная гіпертэнзія — хвароба праграмістаў?

Спецыяліст падкрэслівае, што працяглае сядзенне за камп'ютарам — таксама фактар рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі. Важна рабіць своечасовыя перапынкі.

— Ва ўсіх у нас у пэўных сітуацыях, дзе мы вымушаны хвалявацца, павышаецца ціск. Але спрацоўвае сістэма адаптацыі, і хутка ён вяртаецца ў норму. Доўгае сядзенне за камп'ютарам, а гэта павышаная разумовая нагрузка, правакуе зрыў адаптацыі, калі ціск перастае самастойна паніжацца. Таму сярод праграмістаў, напрыклад, вельмі распаўсюджана артэрыяльная гіпертэнзія. Акрамя таго, доўгае сядзенне — гэта рызыка ўзнікнення варыкознай хваробы, астэахандрозу і сустаўнай хваробы.

Для захавання здароўя сэрца важна збалансаванае харчаванне. У прыватнасці, наш арганізм павінен атрымліваць неабходную колькасць поліненасычаных тлустых кіслот. Для гэтага дастаткова 1-2 разы на тыдзень ужываць любую рыбу — селядзец, фарэль, сёмгу, скумбрыю. Крыніцай тлустых кіслот з'яўляюцца арэхі. Не трэба забываць таксама пра садавіну і гародніну. А вось полівітамінныя комплексы і антыаксідантныя прэпараты ўжываць без рэкамендацыі ўрача кардыёлагі не раяць.

— Тлушчы павінны складаць 20-30 % сутачнага каларажу. Тут важная і якасць тлушчаў. Поліненасычаныя і монаненасычаныя тлустыя кіслоты вельмі карысныя, транстлушчы ж уплываюць негатыўна, у тым ліку выклікаюць анкалагічныя захворванні, — тлумачыць Андрэй Прыстром. — Уважліва трэба ставіцца і да вугляводаў: даказана, што калі больш за 60 % сутачнай нормы калорый мы атрымліваем з вугляводаў, гэта павышае рызыку развіцця хвароб і заўчаснай смяротнасці.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сэрца без збояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?