Вы тут

Ад здзіўлення да захаплення


Адкрыццё дзён культуры Кітая ў Беларусі прайшло ў Вялікім тэатры оперы і балета напярэдадні пачатку новага тэатральнага сезона. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар КНР Цуй Цімін і іншыя віп-асобы. А пасля афіцыйнай часткі, якая, дарэчы, прагучала ў дружалюбнай танальнасці, пачалося відовішча, нязвыклае для большай часткі беларускіх гледачоў, арыентаваных на стылістыку еўрапейскай оперы — спектакль «Ваеначальніцы сям’і Ян».


Афіцыйна

Фота bolshoibelarus.by

У сваім прывітальным слове Міністр культуры Юрый Бондар, як паведамілі БелТА, адзначыў: гуманітарныя сувязі паміж Беларуссю і Кітаем дынамічна развіваюцца. У першую чаргу тое абумоўлена адсутнасцю прынцыповых супярэчнасцяў, агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі. «Эфектыўнаму развіццю двухбаковых адносін, безумоўна, спрыяюць асабістыя даверныя кантакты паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў», — сказаў Міністр. А таксама Юрый Бондар нагадаў: Кітай і Беларусь маюць даўнія гістарычныя і культурныя традыцыі. «Дружба паміж народамі, — сказаў ён, — аснова міждзяржаўных адносін, а аснова дружбы народаў — духоўная блізкасць». І выказаў упэўненасць: Дні культуры Кітая ў Беларусі паслужаць умацаванню ўзаемаразумення, традыцыйнай дружбы і сімпатыі паміж дзвюма краінамі.

Дарэчы, пагадненне аб культурным супрацоўніцтве паміж Урадамі Беларусі і Кітая падпісана ў лістападзе 1992 года, а ў верасні 2014‑га — пагадненне аб стварэнні беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве; у маі 2015 года — аб узаемным заснаванні культурных цэнтраў. Яшчэ праз два гады падпісана пагадненне паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах друку, выдавецтва, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітая. Адным з важных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляюцца абменныя Дні культуры. Паміж Беларуссю і Кітаем яны праходзілі ў 2011, 2012, 2015, 2017 гадах.

Са свайго боку Амбасадар Цуй Цымін звярнуў увагу на тое, што супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы культуры і турызму становіцца ўсё больш актыўным. «Напярэдадні 70‑й гадавіны заснавання Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама традыцыйнага Свята сярэдзіны восені я рады зноў сабрацца з беларускімі сябрамі, прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця Дзён культуры Кітая, разам атрымаць асалоду ад знакамітай класічнай пекінскай оперы — спектакля «Ваеначальніцы сям’і Ян», — сказаў Цуй Цымін. І паведаміў: сваё майстэрства беларускаму гледачу прадэманструюць артысты Кітайскага дзяржаўнага тэатра пекінскай оперы.

Яскрава, відовішчна, цікава

Фота Міхаіла Несцерава

Усяго ў Мінск, як паведамілі ў Вялікім тэатры, прыбылі 79 артыстаў Кітайскага дзяржаўнага тэатра пекінскай оперы, заснавальнікам якога з’яўляецца вядомы акцёр жанру Мэй Ланьфан. Агульнавядома, што гэта адна з найбуйнейшых музычных кампаній, якія фінансуюцца дзяржавай. Па сутнасці, цэлы тэатральны канцэрн, у які ўваходзяць адразу тры трупы. Адна грае на Пекінскай сцэне, а дзве іншыя гастралююць па свеце. З сабой у пекінцаў, якія прыехалі ў Беларусь, — фура з касцюмамі, бутафорыяй і тэхнічным абсталяваннем. Дарэчы, ёсць аркестр, які заўсёды суправаджае спектаклі.

Сюжэт оперы «Ваеначальніцы сям’і Ян» пераносіць нас у Кітай дванаццатага стагоддзя. У Палацы Цяньба, поўным радасці і шчасця, стогадовая Шэ Тайцзюнь адзначае 50‑гадовы юбілей унука Ян Цзунбаа, які стаў маршалам-памежнікам. Але раптам прыйшла дрэнная навіна: Князь дзяржавы Заходняя Ся пачаў ваенныя дзеянні, парушыў мяжу, а Цзунбаа загінуў за Радзіму. Тады ўсе чыноўнікі былі шакаваныя і хацелі памірыцца з дзяржавай Заходняя Ся. Але душачы смутак, Шэ Тайцзюнь з аўдавелай жонкай сына, жонкай унука і праўнукам Ян Вэньгуанам, абвяргаючы думкі аб прымірэнні, прыняла камандаванне і выступіла ў паход з усёй сям’ёй. Пераадолеўшы шматлікія цяжкасці, яны нарэшце знішчылі войска дзяржавы Заходняя Ся і вярнуліся дадому з перамогай. Пра тое мы з калегам даведваемся яшчэ да пачатку оперы, вывучаючы тэатральную праграмку, імкнучыся запомніць імёны галоўных герояў. Дарэчы, пра асаблівасці кітайскай оперы перад спектаклем перамовіліся і з добрым знаёмым, які не аднойчы слухаў яе ў Пекіне. Ён пасмейваўся і казаў: «Цікава будзе потым даведацца, ці ўспрымеце вы такі спецыфічны від мастацтва…» Пачуўшы тое, вырашылі не паглыбляцца за ведамі ў інтэрнэт, а пабачыць усё на свае вочы.

Пачулі і ўбачылі — гэтых слоў мала, каб выявіць той настрой, які мяне асабіста ахапіў падчас дзеяння. Прызнаюся, спачатку была «аглушаная» інтанацыямі, якія выдавалі артысты. Першай «загучала» выканаўца Го Фаньцзя ў вобразе Му Гуйін. А потым і іншыя. Гэта было нешта! Сапраўды, наш слых нязвыклы да такіх гукаў. Справа ў тым, што артысты Пекінскай оперы спяваюць надзвычай высокімі інтанацыямі. Але з цягам часу, пакуль дзеянне разгортвалася, — прывыклі. І ўжо такія гучныя спевы, народная музыка, акрабатыка, харэаграфія, пантаміма і, вядома ж, баявыя мастацтвы ўспрымаліся як нешта цэльнае, маналітнае па змесце і па форме. Гэта было відовішчна! Я і не заўважыла, як на змену здзіўленню, нават збянтэжанасці прыйшло захапленне. Вось што меў на ўвазе наш знаёмы, гаворачы пра Пекінскую оперу, вакальна нязвыклую для еўрапейскага слухача!

Фота Паўла Сушчонка

Аказваецца, як потым даведаліся, такія гукі — лінгвістычная асаблівасць кітайскай мовы. Дарэчы, у выканаўцаў — масіўныя галаўныя ўборы вагой 10 кілаграмаў кожны. А сцэнічны грым, які бачны нават у канцы глядзельнай залы, артысты робяць каля трох гадзін. Сцэнічнае дзеянне суправаджаў аркестр, які сядзеў збоку сцэны. Усе яго ўдзельнікі прыгожа выглядалі.

Оперны спектакль «Ваеначальніцы сям’і Ян» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі прайшоў двойчы.

Міхаліна Чаркашына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».