Вы тут

У Беларусі створаць ІТ-ВНУ


Ці дастатковы ўзровень падрыхтоўкі беларускіх айцішнікаў? На сённяшняй нарадзе ў Палацы Незалежнасці кіраўніцтва краіны дала адмоўны адказ на гэтае пытанне. Але ўдзельнікі размовы маюць і прапановы па паляпшэнні становішча. У прыватнасці, у ІТ-суполцы ўзнікла ініцыятыва стварэння новай профільнай вучэбнай установы. Акрамя таго, ва урадзе ёсць прапановы, як удасканальваць сістэмы кіравання інфарматызацыяй і лічбавымі працэсамі. Але спектр актуальных задач нашмат шырэй, адзначыў Прэзідэнт.


«Менавіта таму ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя вылучана як адзін з прыярытэтаў. Пакуль у гэтым кірунку хваліцца асабліва няма чым», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы і нагадаў, што на пятым Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача да 2020 году стварыць паўнавартасны электронны ўрад.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння абмяркоўваюцца перш за ўсё кропкавыя ўнесеныя прапановы, і анансаваў сур’ёзную нараду па ўсіх праблемах лічбавай трансфармацыі краіны. Пачынаць трэба з азоў, упэўнены беларускі лідар: што ж такое лічбавізацыя, інфарматызацыя, камп’ютарызацыя, чым адрозніваецца адно ад аднаго, што ў прыярытэце.

«Я ўжо неяк намякаў нашым лічбавікам, увогуле грамадству, што, разважаючы на тэму, далёкую ад разумення нашым насельніцтвам (працэнтаў на 90-95 увогуле не разумеюць, што гэта такое), мы проста запужваем, не растлумачваючы, што ж гэта за цуд такі — лічбавізацыя, адкуль яна ўзялася», — звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.

Адначасова другой тэндэнцыяй сучаснасці ён вызначыў павелічэнне колькасці «прасунутых» людзей, якія бачаць сябе толькі менеджарамі лічбавых кампаній альбо выбіраюць занятак у ІТ-тэхналогіях.

«Але зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудоўлі — гэта яшчэ застанецца надоўга, калі не назаўсёды. Хаця лічба працінае ўсе галіны, і гэтыя ў тым ліку. Ад гэтага мы не адыходзім і адыходзіць не збіраемся», — задаў тон гутарцы Аляксандр Лукашэнка.

Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын у сваім дакладзе падкрэсліў, што сусветная эканоміка пад уплывам інтэлектуальных тэхналогій атрымлівае цалкам іншы выгляд, з’яўляюцца новыя галіны, якія генерыруюць каласальныя даходы фактычна без выкарыстання традыцыйных рэсурсаў.

«Ключавую ролю ў гэтым адыгрывае чалавечы капітал. Беларусь заўсёды славілася сваімі людзьмі, а наша адукацыя цанілася на постсавецкай прасторы. Аднак у новых умовах неабходныя прынцыпова іншыя падыходы, якія дазволяць захаваць і развіваць гэты статус. Наша сістэма адукацыі сёння ў цэлым задавальняе патрэбы ў кадрах, але для паспяховай трансфармацыі і стварэння новай эканомікі нам неабходныя спецыялісты зусім іншай якасці», — растлумачыў віцэ-прэм’ер неабходнасць стварэння Hi-Tech-універсітэта, праект якога прапанаваны да разгляду Прэзідэнта.

Нарада па развіцці ІТ-сферы стала працягам візіту Прэзідэнта ў Парк высокіх тэхналогій у красавіку. Тады пытанне адукацыі закранулі, а сёння Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову па стварэнні ўніверсітэта «заўтрашняга дня».

Беларускі лідар адзначыў, што ў краіне створаны найлепшыя ўмовы для ПВТ, айцішнікаў, але і ІТ-суполка павінна дапамагаць іншым галінам эканомікі. Карысць ад гэтай дзейнасці павінны адчуваць людзі.

Аляксандр Турчын паведаміў журналістам, што новая ўстанова адукацыі можна пачаць прыём абітурыентаў ужо ў наступным навучальным годзе. Пакуль што вучыцца на спецыялістаў экстра-класу змогуць каля 180 студэнтаў. Новы ўніверсітэт павінны валодаць гібкімі праграмамі і адказваць патрабаванням сучаснасці. ВНУ мусіць стаць унікальнай установай.

Падрыхтоўку студэнтаў у сферы ІТ працягнуць і БДУ з БДУІРам. Яны ж разам з Паркам высокіх тэхналогій і некалькімі буйнымі кампаніямі выступяць аснавальнікамі новай установы

На сённяшняй нарадзе, якая насамрэч больш нагадвала савет кампетэнтных і зацікаўленых кіраўнікоў, абмеркаваныя канкрэтныя крокі. Абавязкі па рэгуляванні сферы лічбавізацыі ўскладзены на міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Такім чынам, яно павінна выйсці на новы ўзровень і дапамагчы пазбегнуць стварэння міністэрства лічбавізацыі, пра якое апошнім часам шмат казалі.

Дырэктар Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі падкрэсліў, што асноўнай тэмай размовы ў Прэзідэнта стала адукацыя. У ІТ-суполцы менавіта адукацыю лічаць залогам выжывання. У прыватнасці, гаворка зайшла і пра школы, каб зацікаўліваць будучых айцішнікаў з маленства. 

Такім чынам, стварэнне ўнікальнай ВНУ ў далейшым падгоніць развіццё адукацыі ў Беларусі ўвогуле, бо лепшыя вынікі амбіцыйнага эксперыменту пазней будуць перанесены на сістэму цалкам.

Ад айцішнікаў Прэзідэнт патрабуе практыкаарыентаванасці. ІТ-сектар у Беларусі працуе не ў адрыве ад рэальнасці: спецыялісты патрэбныя літаральна ва ўсіх сферах жыцця ад сельскай гаспадаркі да спорту. Высокія тэхналогіі і рэчаіснасць цесна пераплеценыя — ці павінны быць пераплеценыя.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».