Вы тут

Поруч са сваімі героямі


З паэтам Аляксандрам Быкавым мы разам вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ. Тады мала хто ведаў пра яго паэтычныя здольнасці. Цяпер Аляксандр — паэт, аўтар шасці кніжак, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Асабліва памятным для яго стаў 2014 год, калі ён атрымаў «Залатога купідона» за кнігу «За межы круга».


Нарадзіўся Аляксандр Быкаў у Барысаве. Працаваў трактарыстам, потым карэспандэнтам у шматтыражцы завода БАТЭ, кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Бярэзіна». З 1985 года жыве ў Мядзелі, дзе пэўны час працаваў у раённай газеце «Нарачанская зара». Першы вершаваны зборнік паэта «Кветка папараць» выйшаў у выдавецтве «Тэхнапрынт» у 2005 годзе з прысвячэннем жонцы Таццяне.

З кагорты аднакашнікаў Аляксандр вылучаўся камунікабельнасцю, яскравым трапным гумарам, іранічнымі каментарамі, якія нікога не крыўдзілі, а вельмі часта ратавалі напружаную сітуацыю. Сёння, чытаючы і перачытваючы яго кніжкі, я адчуваю іранічныя матывы бадай у кожным вершы. Ці не таму вельмі лагічным працягам творчых пошукаў паэта сталі пародыі на вершы калег па пяры.

Паэзія Аляксандра Быкава мае асабісты голас, мелодыку і, што адметна, афарыстычную выснову, своеасаблівую мараль у завяршальных радках літаральна кожнага верша. Так мала сёння творцаў, якія асмельваюцца зрабіць выснову напісанаму, падвесці рысу і нават даць параду. А ён рызыкуе, хаця ні разу не перайшоў той мяжы, за якой — небяспека ператварыцца ў занудлівага чытальніка натацый. Нават яго імкненне вырвацца за межы круга ў аднайменнай кніжачцы вершаў — не прыклад усёдазволенасці, а пакутлівыя пошукі ўласнага шляху, сцвярджэнне сваіх ідэалаў, перакананняў, якія ніякім чынам не павінны ўшчамляць інтарэсаў іншых. У гэтай далікатнасці, тактоўнасці — не кампраміс, а самасцвярджэнне аўтара і лірычнага героя.

Абагаўленне чалавека стваральнай працы — гэта па-журналісцку, калі журналіст працаваў шмат гадоў у «раёнцы» поруч з героямі сваіх публікацый, ведае іх штодзённыя клопаты аб хлебе надзённым, іх занепакоенасць заўтрашнім днём сваіх дзяцей, лёсам шматпакутлівай малой радзімы. Яго патрыятызм не пафасны, а вельмі канкрэтны. Гэта не ідэалогія, а пачуцці. Матывы малой радзімы з яе спрадвечнымі праблемамі прагучалі ў ранніх вершах:

Вёска справы не пакіне,

Хай абрынецца Сусвет.

Па адвечнай каляіне

Там усё ідзе як след…

А затым, ужо мацнейшым гукам, з’яўляюцца ў новых, выспелых, з набыткамі досведу і майстэрства, радках:

І недзе там, дзе зорак стос

Хавае тайны,

Шлях пракладзе зноў да нябёс

Араты дбайны.

Яшчэ адно захапленне, якому да нядаўняга часу Аляксандр аддаваўся з апантанасцю, — марафон. Ці не таму ён некалі абраў менавіта бег, што ў гэтым відзе спорту яму бачыліся агульныя з паэтычнай творчасцю пакуты і асалода ад чарговай перамогі.

Найбольш праяўляюцца паэтычныя здольнасці Аляксандра Быкава ў любоўнай лірыцы. Хаця іншы раз узнікаюць матывы непаразумення, расчаравання і, тым не менш, у яго творчасці, як і аднайменнай кнізе «І тым не менш», каханне перамагае і дае надзею ўсім закаханым:

Яшчэ нас напаткаюць крыгаломы

І ў небе заспяваюць жаўрукі.

І недзе там, за рысай невядомай,

 Ізноў тваёй я папрашу рукі!

Нядаўна паэт адзначыў 65-годдзе. І гэты юбілей як чарговая жыццёвая справаздача. Нядаўна ў Аляксандра Быкава выйшла кніжка вершаў «Барысаўскі тракт». Гэта даніна ўдзячнасці месцу свайго нараджэння, гораду, дзе прайшлі найлепшыя гады дзяцінства, юнацтва.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.