Вы тут

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата


Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. Дзякуючы ёй ён не будзе адчуваць сябе адарваным ад дома, клопатаў сваёй сям'і. І «мяч» у гэтай нялёгкай справе ў першую чаргу на баку сваякоў.


Аляксандр Пракопчык служыць у 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе. Дома яго чакаюць маці, жонка Хрысціна і пяцігадовы сын Ваня. Яны збіраюцца разам за сталом, калі толькі выпадае такая магчымасць. Пакуль жа дадому Аляксандр наведваецца, як толькі ёсць магчымасць. Іншая рэч, што ў разведвальным батальёне, дзе ён служыць, з-за частых практычных заняткаў на палігонах звальненні не заўжды здараюцца рэгулярна. І таму становяцца яшчэ больш каштоўныя і цёплыя ў сямейным атачэнні. Падчас аднаго такога звальнення завіталі дадому да сям'і салдата і карэспандэнты «Звязды».

— Мяне прызвалі ў войска леташняй вясной, — кажа Аляксандр. — Спярша трапіў у «вучэбку» ў Печы, пасля перавялі бліжэй да дому, у 120-ю брыгаду. Вельмі прыдаўся працоўны досвед, які я атрымаў яшчэ да арміі. Я працаваў старшым кладаўшчыком, у мяне на складзе была свая невялікая брыгада. Дзякуючы гэтаму было лягчэй разумець, як і што трэба арганізаваць. А задачы ў нас падчас вучэнняў былі часам такія, якіх у звычайным жыцці і не сустрэнеш. Напрыклад, на вучэнні «Шчыт Саюза — 2019», якое праходзіла ў верасні ў Расіі, нам трэба было замаскіраваць палатку так, каб яе не было бачна ні з зямлі, ні з паветра. Быў я і ў ахове пункта кіравання брыгадай.

Пасля арміі Аляксандр збіраецца займець сваю справу. Кажа, што хочацца ўдасканальваць арганізатарскія навыкі і далей. Але гэта справа будучыні. Цяпер жа вельмі важна не губляць сувязі з домам, дзе яго чакаюць тры родныя чалавекі.

— Амаль штодня гутару па мабільным тэлефоне або з жонкай і сынам, або з мамай. Хрысціна з Ванем імкнуцца прыязджаць кожныя выхадныя, тым больш што тут зусім недалёка. Я ж расказваю ім не толькі пра тое, як праходзяць дні ў войску, але і пра тое, чаму я навучыўся. Напрыклад, Ваня вельмі любіць слухаць, як распаліць самому вогнішча падчас паходу, як арыентавацца ў лесе, як здабыць там ваду.

Маці Аляксандра, Алена Валянцінаўна, згадвае адно цікавае супадзенне. 23 лютага мінулага года, на Дзень абаронцаў Айчыны, тады яшчэ трохгадовы Ваня зняўся ў салдацкай форме. І роўна праз два дні з яго бацькам звязаліся з ваенкамата. Аляксандр прайшоў медыцынскую камісію, дзе яго прызналі прыдатным да службы. Так і пачаліся яго 18 месяцаў у войску.

— Я тады сказала Хрысціне: не ведаю, як твайму мужу, але майму сыну дакладна не перашкодзіць. Я ж яго гадавала адна, мужчынскага выхавання ён не бачыў. Пэўныя адбіткі гэта накладвае. Праўда, ён заканчваў клас з ваенным ухілам, таму сказаць, каб армія была цалкам нечым новым, было б нельга.

Алена Валянцінаўна больш перажывала за сям'ю свайго сына. Унуку Ваню тады акурат споўнілася тры гады. І вось так атрымалася, што на работу Хрысціну не бралі некаторы час, а дапамогу на дзіця ўжо не плацілі. І дзе браць грошы, калі муж акажацца ў войску? Ён жа не даваў ёй разгубіцца, пастаянна падбадзёрваў. І неўзабаве маладая маці здолела працаўладкавацца.

— Ведаеце, вакол такога паняцця, як «маці салдата», існуе вельмі шмат стэрэатыпаў, — працягвае маці Аляксандра. — Можа, калі б сын пайшоў служыць у 18 гадоў, мне было б цяжэй. Ён жа хацеў паступаць у Ваенную акадэмію, але не склалася... Праўда, напэўна, спярша розніца ва ўзросце крыху кідалася ў вочы. Усё-такі пераважная большасць служыць у войску або ў 18—19 гадоў, або пасля заканчэння ўніверсітэта.

Чакаць кагосьці мне не ўпершыню. У маёй сям'і служылі ўсе. Брата лёс закінуў у Ціксі. Іншыя сваякі трапілі на Байканур. Вось гэта — адлегласць. Тут жа ад дома да часці — лічаныя кіламетры. І нават тыя Печы блізу Барысава непараўнальна бліжэйшыя за якуцкае марское ўзбярэжжа або казахстанскія пустыні. І вось на рабоце мне ўсе казалі: «Ну, рыхтуйся кожныя выхадныя ездзіць». Я кажу: «А навошта туды ездзіць? Яго накармілі, напаілі, абулі, адзелі. Сувязь з ім ёсць. Кожныя выхадныя прыязджае жонка з сынам». Камусьці штосьці даказваць — а навошта гэта? Я лічу, што трэба дарослым дзецям даць волю. Каб яны адчулі, што дзяцінства скончылася, яны ўжо па-за сваім домам, і дзякуючы гэтаму зразумелі, што ж такое маці. Тым больш Саша да войска ўжо тры гады жыў з жонкай асобна ад мяне. І разуменне таго, што сын можа не заўжды быць побач, прыйшло задоўга да яго прызыву ў войска.

Алена Валянцінаўна наведвае сына прыблізна раз на месяц. Здаралася, што прыязджала не толькі па выхадных, але і пасля работы. Вельмі запомнілася прысяга, якую Аляксандр прымаў у Печах.

— Гэта быў вельмі ўзрушальны момант. Але як жа пазнаць свайго сына, калі там некалькі тысяч салдат, яны ўсе аднолькавыя і адрозніваюцца толькі ростам? І вось на пальцы аднаго з юнакоў бліснула кольца. Я прыгледзелася — ды гэта ж Саша! І калі нядаўна былі сумесныя расійска-беларускія вучэнні, мы з Хрысцінай і Ванем не прапускалі ніводнага тэлесюжэта адтуль. Усё чакалі ўбачыць сына, мужа і бацьку на вялікім экране. Але, на жаль, так і не здарылася.

Пытаюся ў Хрысціны: як жа гэта — адчуваць сябе жонкай салдата?

— Мне было нязвыкла. Галоўнае — трымаць сябе ў руках, таму што ўвесь негатыў будзе адначасова адбівацца на мужу. А гэта ні для кога добра не будзе. Ну і добра, я — чалавек дарослы, праўда, з арміі нікога не чакала раней, нават не ведаю, што гэта такое. А як растлумачыць трохгадоваму сыну, куды дзеўся бацька на 18 месяцаў? Таму мы сталі з ім ездзіць кожныя выхадныя ў госці. І тата для Вані — аўтарытэт. Хлопчыку вельмі падабаецца ваенная тэматыка — і шкарпэткі, і майкі... Сам просіць іх купіць.

— І гармата ў мяне ваенная, — дадае з дзіцячай непасрэднасцю Ваня, круцячы цацку ў руках.

— Першы раз мы прыехалі да Сашы праз паўтара тыдні пасля таго, як яго адправілі ў войска, — працягвае Хрысціна. — Першыя паўгода Ваня сумаваў моцна. Я, як магла, яго суцяшала. Сын жа з нецярпеннем чакаў чарговай паездкі да таты. Вельмі любіць есці разам з ім. А сёлета Саша сказаў яму, што вернецца, калі ападуць усе лісцікі. І вось кожны дзень Ваня пачынае з таго, што падыходзіць да акна і глядзіць на дрэвы.

Да звальнення Аляксандра Пракопчыка ў запас засталося не так і шмат — усяго паўтара месяца. І сотні лісцікаў, якія штодня павольна адрываюцца ад сваіх дрэў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.