Вы тут

Што хвалюе жыхароў Брагінскага раёна?


У Брагіне правёў  прамую лінію і прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка.


Фота БЕЛТА

Першая патэлефанавала гамяльчанка, маладая маці Юлія Несцярэнка. Яна агучыла праблему, якая хвалюе ўсіх жыхароў мікрараёна Хутар. Размова ішла пра інфраструктуру, якой у гэтым новым мікрараёне практычна няма. Пытанне вядомае ўладам Гомельшчыны даўно. Юрый Вітольдавіч паабяцаў, што налета школа пачне праектавацца, але напярэдадні адбудзецца сустрэча з зацікаўленымі жыхарамі мікрараёна, каб падрабязна высветліць не толькі гэтую, але і іншыя іх праблемы.

Дэпутат Камарынскага сельсавета Ірына Пятніцкая прасіла давесці да ладу добраўпарадкаванне шматкватэрнага дома і двара ў гэтым гарадскім пасёлку. Памочнік Прэзідэнта адразу ж даў даручэнне службам ЖКГ Брагінскага раёна з панядзелка пачаць і як мага хутчэй завяршыць ліквідацыю ўсіх недаробак, пра якія казала жанчына.

Былы жыхар Брагіншчыны Аляксандр Цярэшчанка прасіў працягнуць добраўпарадкаванне на яго малой радзіме — у вёсцы Рудня Жураўлёва. Цяпер там раённымі ўладамі створана памятнае месца, прысвечанае жыхарам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Грамадзянін лічыць, што будзе карыстацца папулярнасцю і міфалагічная сцяжына, для стварэння якой тут ёсць усе магчымасці. Пытанне гэта будзе вывучана мясцовымі ўладамі.

Людзі задавалі падчас прамой лініі самыя разнастайныя пытанні, якія датычыліся прыватных праблем: прыватызацыі, устанаўлення граніц зямельных участкаў, атрымання пенсіі... Многія пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння і кансультацый з адпаведнымі спецыялістамі, якія будуць праведзены, каб даць усім адказы ў вызначаны тэрмін.

Юрый Шулейка задаў пытанні наконт падрыхтоўкі Брагінскага раёна да ацяпляльнага сезона. Між тым наступны званок ад жыхаркі Камарына засведчыў, што не ўсё так добра, як казалі мясцовыя чыноўнікі. Тамара Салаў'ёва папрасіла разабрацца з рамонтам дарог у Камарыне.

Жыхар райцэнтра Юрый Сапоненка паведаміў пра сваю жыллёвую праблему. Яго дом знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, аднак стан жылля пакідае жадаць лепшага. Знос будынка — 100 %. Дом афіцыйна непрыдатны для пражывання па санітарных нормах, ёсць вялікія пытанні па ацяпленні. Была агучана прапанова па рамонце, з якой заяўнік пагадзіўся.

Размова зайшла і пра пытанні замацавальнасці кадраў у гэтым «чарнобыльскім раёне». 80 % маладых спецыялістаў застаюцца працаваць на першым рабочым месцы. Сёлета на Брагіншчыну з розных медыцынскіх устаноў прыехала вялікая група ўрачоў розных спецыяльнасцяў. Між тым тэма падтрымкі, стымулявання маладых спецыялістаў, якія прыйшлі на работу на тэрыторыю, пацярпелую ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, застаецца актуальнай, адзначыў Юрый Шулейка:

— Некаторыя аспекты вырашальныя, частка ўжо вырашана на ўзроўні ўрада: з'явіліся дакументы, якія стымулююць замацаванне маладых спецыялістаў. Мы будзем яшчэ раз вяртацца да гэтай тэматыкі. Пытанне неабходна прапрацоўваць і надалей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.