Вы тут

Уладзімір Краўцоў расказаў аб значных падзеях 2020 года, што адбудуцца на Гродзеншчыне


Пытанні, з якімі прадстаўнікі СМІ падчас выязной прэс-канферэнцыі ў Мастах звярнуліся да старшыні аблвыканкама, сёння на слыху і хвалююць многіх жыхароў. Гэта і пуск першай беларускай АЭС, і праблема пластыкавай упакоўкі, і добраўпарадкаванне мясцовых дарог, і сітуацыя з мабільнікамі ў школах... Уладзімір Краўцоў падрабязна расказаў пра тое, як вырашаецца спрэчнае пытанне па стыхійных дачах, і паведаміў, дзе пройдзе ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны.


Пра тое, што Гродна налета прыме наступны Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, стала вядома літаральна днямі, адзначыў Уладзімір Краўцоў. Ён назваў гэта рашэнне сур'ёзнай падзеяй для гродзенцаў. ІІІ Форум адбудзецца ў лістападзе. Ужо цяпер Гродзеншчына пачынае падрыхтоўку, каб правесці яго на высокім узроўні.

Між тым гэта падзея не пакінула ўбаку злабадзённыя пытанні рэгіёна. Адным з самых актуальных застаецца пуск першага энергаблока атамнай станцыі ў Астраўцы. Журналісты даведаліся, што ў сувязі з гэтым пашырыцца выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці, на транспарце, у побыце. У Гродне ўжо зарэгістравана 10 электрамабіляў, і іх колькасць будзе расці. Таксама пачнецца будаўніцтва цалкам электрыфікаваных жылых дамоў. Для тых, хто распачне новую справу, будуць дзейнічаць ільготныя тарыфы. А вось для жыхароў Астравецкага раёна такіх ільгот не прадугледжана. Затое горад атамшчыкаў атрымаў шмат значных аб'ектаў. Тут пабудавалі 63 шматпавярховікі, чатыры дзіцячыя садкі, дзве сярэднія школы, аб'екты культуры. Больш чым удвая павялічылася колькасць насельніцтва. Будзе ўведзены спартыўны комплекс, цэнтральная раённая бальніца, лядовая пляцоўка і іншыя аб'екты.

Балючая для многіх жыхароў тэма — мясцовыя дарогі. Улады павінны забяспечыць доступ нават да самых аддаленых хутароў, адзначыў Уладзімір Краўцоў. А ўсяго трэба адрамантаваць 800 кіламетраў мясцовых дарог. Сёлета будзе здадзена больш за 200, амаль 230 кіламетраў — налета. Аднаўленне закране ўсе раёны вобласці. Фінансаванне вядзецца з трох крыніц — транспартны падатак, бюджэт і крэдыт Банка развіцця. Але не толькі яны дапамагаюць: добрай падмогай сталі трансгранічныя праекты. За сродкі міжнароднай праграмы будзе адрамантавана 20 кіламетраў дарожнага пакрыцця ў Гродзенскім раёне.

Прагучалі пытанні па пераходзе ад пластыкавай тары да больш экалагічных матэрыялаў. Сапраўды, тэма цяпер актуальная і патрабуе адпаведных мер. І яны прымаюцца. Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, у рэспубліцы праходзіць узгадненне праекта па выключэнні выкарыстання аднаразовага посуду і аб сістэме вяртання спажывецкай упакоўкі. Гродзенцы таксама ідуць гэтым шляхам. Напрыклад, шклозавод выпускае тару з больш лёгкіх матэрыялаў, гандлёвыя прадпрыемствы пераходзяць на тару з паперы, Гродзенская тыпаграфія пачала выпуск папяровага посуду.

Яшчэ адно вострае пытанне датычылася карыстання мабільнымі тэлефонамі ў школах. Як вядома, праблема выйшла на дзяржаўны ўзровень. Згодна з загадам Міністэрства адукацыі па абмежаванні карыстання імі, у школах тэлефоны здаюцца на часовае захаванне ў спецыяльныя боксы. Па гэтым шляху пайшла і Гродзеншчына. Як адзначыў Уладзімір Краўцоў, у класах усталяваны месцы (звычайна на стале настаўніка), дзе знаходзяцца спецыяльныя боксы з ячэйкамі. У іх вучні кладуць свае гаджэты ў рэжыме «без гуку». У такім жа рэжыме тэлефон можа знаходзіцца і ў партфелі. Дарэчы, мабільныя прылады могуць выкарыстоўвацца педагогам у адукацыйных мэтах. Па словах Уладзіміра Краўцова, працэс абмежавання сродкаў мабільнай сувязі падчас заняткаў праходзіць без эксцэсаў.

На прэс-канферэнцыі было ўзнята рэзананснае пытанне па стыхійных дачах садовага таварыства «Хімік-Азот». Усяго такіх участкаў каля сотні, яны падлягаюць зносу. Члены таварыства нават напісалі зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта. А між тым многія ўчасткі не аформлены дакументальна, частка іх пустуе. Згодна з планам горада, гэта зона гарадской забудовы, тут будзе пракладзена дарога пры рэканструкцыі чыгуначнага моста цераз Нёман, патлумачыў старшыня аблвыканкама. Да таго ж дачы знаходзяцца на камунікацыях завода, што таксама небяспечна. Для вырашэння праблемы створана рабочая група. Членам таварыства былі прапанаваны іншыя ўчасткі на тэрыторыі Гродзенскага раёна. І такіх свабодных участкаў каля тысячы. Некаторыя скарысталіся такім правам. Таксама ёсць магчымасць узаконіць і свае садовыя домікі, якія не падпадаюць пад знос.

Закранулі журналісты і тэму святкавання 500-годдзя Жыровіцкага манастыра. Урачыстасці з гэтай нагоды пройдуць 20 мая 2020 года. У гэты дзень будзе святкавацца і 550-годдзе галоўнай манастырскай святыні — іконы Жыровіцкай Божай Маці. Як паведаміў Уладзімір Краўцоў, сюды чакаецца прыезд многіх важных гасцей, магчыма, кіраўніцтва Беларусі і Расіі. Падрыхтоўка да свята вядзецца па спецыяльнай праграме на чале з рэспубліканскім аргкамітэтам. Запланавана правядзенне рэканструкцыі Брацкага корпуса, на гэтыя мэты накіруюць два мільёны рублёў. Адновяць Свята-Успенскі сабор, званіцу, цэнтральную плошчу. Цяпер вядзецца комплексная работа па добраўпарадкаванні Жыровіц: адноўлены каля дзясятка аб'ектаў, у тым ліку дарогі. Да канца года плануецца ўсталяваць агароджу па вуліцы Саборнай, правесці мадэрнізацыю вулічнага асвятлення. Да святкавання юбілейнай даты перад уваходам у Жыровіцкі манастыр плануецца паставіць помнік архімандрыту Жыровіцкаму, прападобнаму Серафіму. Неабходныя дакументы сабраны і ўзгадняюцца.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.