Вы тут

Замалёўкі з паломніцкай паездкі ў Іерусалім


Ну вось і здзейснілася мая мара. Я сяджу ў мікрааўтобусе і не магу паверыць, што хутка на свае вочы ўбачу біблейскія мясціны і нават зайду ў святая святых — Кувуклію — самае патаемнае месца Храма Уваскрэсення Хрыстова, куды на Вялікдзень сыходзіць жыватворны агонь. У мяне ёсць пра што папрасіць Бога, калі я апушчуся на калені перад свяшчэнным яго каменным ложам — тым самым, на якім біблейскія жанчыны-міраносіцы не засталі знятага з Крыжа Збавіцеля. Памятаеце? Іх сустрэў анёл. «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? — сказаў ён ім. — Яго няма тут: Ён уваскрос!»


Ка­мень па­ма­зан­ня,  ку­ды па­кла­лі зня­та­га з Кры­жа Хрыс­та.

Магілёў — Кіеў — Тэль-Авіў

Наш мікрааўтобус стаіць у двары магілёўскага храма Трох Свяціцеляў. Нас усяго 19 чалавек. Ахвотных было б болей, але паездка не з танных. Сем дзён — 800 долараў, але гэта з пералётам, трансферам (у тым ліку па Ізраілі), гасцініцай і нават харчаваннем. Аб'ява пра паездку з'явілася ў царкоўнай краме яшчэ вясной. Пры жаданні грошы можна было сабраць. Але мала хто рашыўся аддаць іх за сем дзён у Іерусаліме. Пакуль мы сядзім у мікрааўтобусе, айцец Мікалай, які суправаджае нас да Кіева, ціха чытае малітву. Потым невялікая пераклічка — ці ўсе на месцы? Нарэшце машына кранаецца.

Пасажыры маршруткі — у асноўным жанчыны. Адной з паломніц 80 гадоў, але яна нават не вагалася, ехаць або не. Для 58-гадовай Алены паездку часткова спансіраваў сын. «Ён, — усміхаецца жанчына, — з дзяцінства марыў адправіць мяне ў Божы Горад». Жанчына веруючая, і сын ведаў, што для яе гэта паездка — самы жаданы падарунак. Яшчэ, каб здзейсніць падарожжа, яна прадала карову. «Я ад яе ў любым выпадку пазбавілася б, яна ўжо старая была», — нібыта апраўдваецца жанчына.

У кожнага свая прычына наведаць Святую зямлю. Побач са мной сядзіць Надзея. Яна расказвае, што зрабіла ў маладосці аборт і вельмі перажывае праз гэта. Нават пасля таго, як гэты грэх спавядала. Наогул у кожнага нешта сваё патаемнае, свой шкілет у шафе. Камусьці хапае смеласці казаць пра гэта ўслых, нехта лічыць за лепшае маўчаць. І гэта яго права.

Вія Да­ла­ро­са пра­хо­дзіць праз ганд­лё­выя ра­ды ста­ро­га Іе­ру­са­лі­ма.

Раптоўна гаворка заходзіць пра Мёртвае мора. Гэта адно з тых біблейскіх месцаў, якія мы маем наведаць. Салёнае возера, як яго яшчэ называюць, сёння лічыцца адной з папулярных у свеце водалячэбніц. І, напэўна, любая жанчына ведае ізраільскую касметыку, створаную на аснове вады Мёртвага мора. Але ў праваслаўных да гэтага прыроднага ўтварэння асцярожнае стаўленне. Памятаеце гісторыю пра гарады Садом і Гамора, сцёртыя Богам з зямлі? У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю, што менавіта на дне Мёртвага мора англійскія археолагі выявілі старажытныя руіны тых гарадоў. Некалькі маіх спадарожніц адразу ж заявілі, што ні за якія багацці не стануць акунацца ў заганныя воды. «Але ж трэба камусьці праверыць законы фізікі», — па-філасофску адзначае адна з маіх спадарожніц, якая выкладае ў школе гэты прадмет. Дарэчы, у адрозненне ад мяне, яна так і не рызыкнула акунуцца ў воды Мёртвага мора. Толькі ногі крыху памачыла.

У Кіеве мы павінны далучыцца да ўкраінскіх паломнікаў. Група адразу ж павялічваецца болей чым да 50 чалавек. Уласна, менавіта ўкраінскі праваслаўны паломніцкі цэнтр «Вытокі» і арганізаваў паездку. Мы знаёмімся са свяшчэннікам — айцом Аляксандрам, які на гэтыя сем дзён становіцца нашым духаўніком. Яму крыху за сорак, але ён ужо архімандрыт. У царкоўнай іерархіі гэта высокая прыступка. Нам раздалі папкі, у якіх знаходзяцца білеты на самалёт, і карысныя ўлёткі, дзе пазначаны нумары тэлефонаў, па якіх звязвацца ў выпадку непрадбачаных сітуацый, расклад паломніцкіх паездак украінскага праваслаўнага цэнтра, ваўчар на пражыванне ў віфлеемскай гасцініцы.

Вылет у тры гадзіны ночы. Чырвонага колеру самалёт авіякампаніі «Ружа вятроў» ужо чакае нас на пасадачнай паласе. Усе яго пасажыры — а гэта 218 чалавек — паломнікі.

Прэ­то­рыя, дзе рым­скі пра­ку­ра­тар По­нцій Пі­лат здзейс­ніў суд над Ісу­сам.

Наяўнасць візы не гарантуе ўезду

Ноч. Але сон мацнейшы за хваляванні. Раптам расплюшчваю вочы і прыходжу ў захапленне ад карцінкі ў ілюмінатары. На небе яшчэ не згас месяц, але ён формай нагадвае не звыклы кожнаму беларусу серп, а калыску, падобную да той, што вянчае мусульманскія мінарэты. Сонейка ўжо пафарбавала палоску неба ўздоўж зямлі ў ярка-чырвоны колер. Пад намі лёгкія аблокі, і здаецца, што яшчэ хвіліна — і з-за вунь той пухнатай пярыны пакажацца твар легкакрылага херувіма, падобнага на тых, якія намаляваны на палотнах мастакоў эпохі Рэнесансу. Самалёт рэйсам Кіеў — Тэль-Авіў прызямляецца ў аэрапорце Бэн-Гурыён а шостай гадзіне раніцы. Але ўздыхаць з палёгкай яшчэ рана. Бо яшчэ не факт, што цябе пусцяць на тэрыторыю краіны, да якой ты ўжо даляцеў. Бязвізавы рэжым — зусім не гарантыя: усё залежыць ад рашэння ізраільскай службы бяспекі. А яна вельмі насцярожана ставіцца да сваіх гасцей. Яшчэ ў Магілёве нас папярэдзілі, што з ізраільскімі пагранічнікамі лепш не жартаваць, гутарыць трэба спакойна, ні ў якім разе не спрачацца. Пытанні ж могуць быць самыя нечаканыя. Не выключана, што правераць нават мабільны тэлефон, каб высветліць, ці ёсць знаёмыя ў Ізраілі. Эх, рэкамендаваў жа бацюшка ўзяць з работы пацвярджэнне, што я працую і нагоды застацца ў чужой краіне ў мяне няма. Але, як заўсёды, добрая думка прыходзіць апасля. З сумам гляджу на вялікую чаргу перада мной, якая цягнецца вунь да таго далёкага акенца, і стараюся не думаць пра кепскае. Але калі бачыш, як чарговы чалавек не атрымаў пашпарт на рукі, а адправіўся кудысьці для далейшых перамоў, становіцца крыху не па сабе. Калі падыходзіць мая чарга, адзінае, што мне хочацца, — каб усё гэта скончылася як мага хутчэй. Малады чалавек за шклом звярае мяне з фота ў пашпарце і пачынае допыт. «Мэта вашага візіту?» , «З кім прыехалі?», «Ці ёсць у Ізраілі знаёмыя?», «А сям'я?», «Месца работы?», «У якасці каго?», «Пра што пішаце?» Хлопец яшчэ раз сканіруе мяне пранізлівым позіркам і... працягвае пашпарт з паперкай, якая дае мне права знаходзіцца на тэрыторыі Ізраіля. Ледзь стрымалася, каб не закрычаць: «Ура!» Усё яшчэ на ватных ад хвалявання нагах іду атрымліваць багаж. Стрэлкі гадзінніка паказваюць амаль 10 гадзін раніцы. Але групай — а гэта, нагадаю, 50 чалавек — атрымліваецца сабрацца толькі ў абед (апошняя паломніца далучаецца да нас ужо ў гасцініцы пад вечар). На жаль, з 19 беларусаў застаецца толькі 17. Двум мужчынам з Брэста, якія далучыліся да нас у Магілёве, адмовілі ва ўездзе, а іх 750 долараў на кожнага (сума ўносілася загадзя) сышлі ў невядомым кірунку. Шкада суайчыннікаў. А яшчэ нашага беларускага арганізатара, якому Уладыка забараніў займацца гэтай дзейнасцю. Нехта ўслых выказаў здагадку, што мужчыны, напэўна, хацелі застацца тут працаваць. Але гэта толькі меркаванне. Проста такіх выпадкаў, кажуць бывалыя, вельмі шмат. І ўсё ж такі ізраільскія пагранічнікі крыху далі маху. У апошні дзень, калі мы ўжо сядзелі ў поўным сэнсе слова на чамаданах, адна дзяўчына з украінскай групы папярэдзіла суседку па нумары, што ёй з намі болей не па дарозе, і сышла ў невядомым кірунку. У аэрапорт яна так і не прыехала.

Храм Уваск­рэ­сен­ня Хрыс­та.

З відам на Віфлеем

29 верасня жыхары Ізраіля адзначылі Новы год — 5780-ы ад стварэння свету. Свята называецца Рош ха-Шана і святкуецца некалькі дзён. На гэтыя дні ў краіну прыязджае шмат народу — у тым ліку паломнікаў. Нашы арганізатары спецыяльна падгадалі час, каб у нас была магчымасць сэканоміць на білетах і пражыванні. У такія дні цэны адчувальна ніжэйшыя.

Іерусалімскі гід Аляксандра цярпліва чакала нас у аэрапорце ўсе тыя доўгія гадзіны, пакуль мы праходзілі пагранічны кантроль. Сама яна з Адэсы, але ў краіне жыве больш за 20 гадоў. Паломніцкія паездкі — гэта яе бізнес. І мы гэта хутка адчулі. Літаральна на наступны дзень яна прывяла нас у краму да свайго знаёмага, дзе нам дазволілі купіць сувеніры за паўцаны. Але ўжо на наступны дзень стала зразумела, што ўсё гэта можна было набыць яшчэ як мінімум напалову танней у іншых месцах.

Мы жывём у Бейт-Сахуры (даліне пастушкоў) у гатэлі, які ўтрымлівае арабская сям'я. Яна ж гатуе для нас шведскі стол. У меню пастаянна мясныя, рыбныя стравы, агародніна, рыс, макарона, сыры, алівы, якія тут растуць на кожным кроку. Яны вельмі смачныя, але іх яшчэ трэба ўмець прыгатаваць. Пакаштавала адну з дрэва і адразу ж пашкадавала: ну і атрута! Самы запатрабаваны прадукт у краіне — вада: піць хочацца пастаянна. На вуліцы сапраўдная парылка — за 30 з плюсам. Вакол фінікавыя пальмы, цытрусавыя дрэвы, экзатычныя кветкі і кактусы. Але ўсё гэта ў асноўным у населеных пунктах, дзе жывуць людзі. Большай часткай Запаветная Зямля — гэта высушаная сонцам зямля з рэдкімі дрэвамі. Але, як удакладніла наша гід, праблема з расліннасцю ў Ізраілі — да першых дажджоў. Дзесьці з кастрычніка яны некаторы час ідуць бесперапынна. Краіна ператвараецца ў квітнеючы аазіс.

У Віфлееме шмат веруючых. З акна гасцініцы можна ўбачыць купалы праваслаўнага храма і вежу мусульманскай мячэці. Засыпаеш пад гукі гарачай малітвы і прасыпаешся пад яе. Спачатку пачынае спяваць мула, потым яго цягучы пранізлівы крык перакрываюць мілагучныя галасы праваслаўных званоў. Раніца спявае на ўсе лады — храмы, пеўні, пеўчыя птушкі, аўтамабільныя клаксоны. Жыццё кіпіць, пакуль не пачалася спякота, потым крыху запавольваецца і зноў прачынаецца пад вечар. У нас вялікая паломніцкая праграма. Таму хутчэй снедаць — і наперад па стара- і новазапаветных мясцінах. Тыя, хто прыхапіў Біблію, могуць звяраць яе на месцы — рэчавыя доказы таго, што там напісана, на кожным кроку. У мяне з сабой Бібліі няма, але ўвесь цуд у тым, што з глыбінь свядомасці пачынаюць усплываць сакральныя тэксты. І ты адчуваеш, як усё вастрэй пранікаешся тымі падзеямі.

Вія Далароса

Жоўта-белы камень старадаўніх будынкаў, шэрая маставая, нагрэтая іерусалімскім сонцам так, што здаецца: плёсні на яе вадой — зашыпіць. Сёння пятніца, той самы дзень тыдня, калі пакаралі Хрыста. Мы спяшаемся ў стары Іерусалім, каб на месцы перажыць тыя апошнія хвіліны яго жыцця. Вія Далароса (Тужлівы шлях) — тая самая дарога, па якой вялі на Галгофу Хрыста. Ад Прэторыі (крэпасці Антонія), дзе вынеслі прысуд пакаранаму, і да Галгофы (сёння тут Храм Уваскрэсення Хрыстова) мы ідзём па вузкіх гандлёвых радах арабскага квартала. Трэба сканцэнтравацца, а з бакоў табе прапануюць то крыжыкі, то магніты з відамі святых месцаў, то гранатавы сок, які робіцца на тваіх вачах. Спакус шмат: так хочацца пакруціць у руках вунь тую ляльку, а вось гэты заплечнік так пасуе да майго абутку. Пра што гэта я? Вось тут шмат стагоддзяў таму ішоў знясілены, абражаны, асуджаны на нечалавечыя пакуты Хрыстос, а ў галаве аднекуль бяруцца спажывецкія думкі. Можна, аказваецца, здраджваць неўсвядомлена. Даводзіцца ўзносіць над сабой плётку (дастаткова ў думках) і болей не глядзець па баках. Крыху не па сабе ад узброеных людзей з аўтаматамі праз плячо. Гэта, тлумачыць гід, прадстаўнікі Іерусалімскага ісламскага савета, якія патрулююць тэрыторыю. Наогул стары горад Іерусаліма сёння стаў месцам супрацьстаяння трох рэлігій: ісламу, хрысціянства і іўдаізму. Нават Храм Уваскрэсення Хрыстова падзелены паміж праваслаўнымі, каталікамі і армянамі. Штодзень тут здзяйсняюцца тры літургіі. Гэты храм — найсвяцейшае месца для паломнікаў з усяго свету. Тут адначасова гучаць дзясяткі моў. Ён пабудаваны на месцы ўкрыжавання Хрыста, яго пахавання і ўваскрэсення. У часы тых падзей Галгофа знаходзілася за гарадскімі сценамі. Цяпер яна ўнутры храма. Першыя хрысціяне так шанавалі гэтае месца, што рымскі імператар Адрыян пабудаваў тут паганскі храм Венеры, каб пазбавіць іх гэтай святыні. Але такім чынам толькі абазначыў святое месца. У ІV стагоддзі імператар Канстанцін узвёў тут прыгожы храм у гонар Хрыста. Ён перажыў некалькі разбурэнняў, але ўсё ж такі быў адноўлены і стаіць да нашых часоў.

Месца амаль міфічнае, тут адчуваеш сябе пылінкай у бяздонным сусвеце. І толькі пакаянне прыносіць палёгку...

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Іерусалім

  • Працяг будзе.

Загаловак у газеце: Святыні зямлі Запаветнай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.