Вы тут

«Беларусь памятае. У імя жыцця і міру»


Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» презентавала серыю кніг «Беларусь памятае. У імя жыцця і міру». Скарбонка кніг, якія зберагаюць нашу гісторыю і тыя факты, што нельга забываць, папоўнілася трыма друкаванымі крыніцамі. У серыю ўвайшлі тры кнігі: «Беларусь партызанская. Ілюстрыраваная энцыклапедыя партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць. Ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан». У кожнай з іх больш за 600 фотаздымкаў, многія з якіх апублікаваны ўпершыню. Кнігі будуць прадстаўлены шырокаму колу чытачоў на разнастайных кніжных форумах, а таксама з’явіцца магчымасць набыць іх у кніжных крамах ва ўсіх, хто цікавіцца дазенай тэмай.


— Ухіл выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» зрабіла на тэмы эмацыянальныя, шчымлівыя, якія былі на інфармацыйным полі нашай краіны на працягу ўсіх гэтых гадоў. Але з’яўляюцца новыя тэхналогіі і паўстае пытанне, як прыцягнуць увагу да гэтых кніг, асабліва моладзі. Безумоўна, гэта павінна быць сучаснае візуальнае аздабленне кнігі і важную ролю адыгрывае не толькі размяшчэнне тэксту, але і фотаздымкі, дызайн, — зазначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. — Зараз, калі ў Заходняй Еўропе ёсць пасыл на адраджэнне нацысцкай ідэалогіі, то хто, як не беларусы, павінны папулярызаваць тэму гістарычнай праўды і выступаць са сваёй пазіцыяй.

Першая кніга «Беларусь партызанская. Ілюстрыраваная энцыклапедыя партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» расказвае аб унікальнай з’яве ў сусветнай гісторыі і ў гісторыі нашай краіны — партызанскім руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выданне на 352 старонкі з’яўляецца практычна агульнанацыянальным праектам, у падрыхтоўцы якога прымалі ўдзел Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, абласныя і раённыя гісторыка-краязнаўчыя музеі. 

У выданні паказана не толькі героіка партызанскай барацьбы, але і суровыя партызанскія будні, жыццё і побыт гэтых людзей. Аўтарскія тэксты для выдання падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У кнізе распавядаецца пра нацыстскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі нашай краіны, пра падпольны антыфашысцкі і партызанскі рух, аб унікальных партызанскіх зонах, на якія не распаўсюджвалася ўлада акупантаў, пра Беларускі штаб партызанскага руху і прысягу партызана, якая натхняла на барацьбу з ворагам. Таксама наглядна паказаны партызанскія аперацыі, дыверсійная дзейнасць, «рэйкавая вайна», партызанская разведка. Асобныя тэмы выдання — гэта дапамога тылу і мясцовых жыхароў партызанам і іх зваротная падтрымка мірнага насельніцтва. Кніга дае магчымасць пазнаёміцца з партызанскім друкам — рукапісныя часопісы, газеты, лістоўкі, што пісалі пра барацьбу з захопнікамі і жыццё партызан. Эксклюзіўным раздзелам выдання з’яўляюцца старонкі, дзе чытач можа даведацца пра партызанскі побыт, рэаліі жыцця ў тых умовах: якое было ўзбраенне, медыкаменты, боепрыпасы, харчаванне, абмундзіраванне, партызанскія майстэрні па вытворчасці зброі, пашыву адзення, выпечкі хлеба, а таксама партызанская мастацкая самадзейнасць і лясныя школы. Не абмінулі ўвагай і такія пытанні як роля моладзі ў партызанскім руху, дапамога партызан Чырвонай арміі, удзел народных мсціўцаў у вызваленні Беларусі. Вартыя ўвагі і матэрыялы аб партызанах Героях Савецкага Саюза, пра ўдзел замежных антыфашыстаў у партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Другая кніга серыі мае назву «Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць. Ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і расказвае чытачу аб трагедыі беларускіх вёсак спаленых нацыстамі разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут наглядна можна ўбачыць, якімі былі дзеянні захопнікаў на беларускай зямлі, маштаб колькасці ахвяр і ўвекавечанне памяці загінулых. 

Трэцяя кніга серыі «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан» прысвечана воінам-узбекістанцам, якія змагаліся супраць нацызму ў нашай краіне падчас Вялікай Айчыннай вайны — былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху, вызвалялі Беларусь.Многія ўзбекістанцы за і гераізм і мужнасць удастоены звання Героя Савецкага Саюза. І тысячы воінаў-узбекістанцаў назаўсёды засталіся ў беларускай зямлі. У нашай краіне памяць пра мінулую вайну свяшчэнная, як і памяць пра тых салдат і афіцэраў з Узбекістана, чые лёсы непарыўна павязаны з Беларуссю. Іх імёнамі названы вуліцы, ім стаяць помнікі і мемарыяльныя дошкі і іх памяць зберагаецца беларусамі. У кнігу ўпершыню ўключаны імёны больш за тысячу салдат, якія былі прызваны з Узбекістана і загінулі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта таму найбольшы інтарэс кніга будзе мець сярод тых, хто вывучае Вялікую Айчынную вайну, а таксама працягвае шукаць сваіх блізкіх, якія аддалі жыццё за Перамогу.

Алена ДРАПКО

Фота Анастасіі ПРАКАПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».