Вы тут

Як пазбавіцца ад восеньскай нуды


У Спаса-Праабражэнскім саборы Мірожскага манастыра — самым старажытным храме старажытнага Пскова — захаваліся дзівосныя фрэскі ХІІ стагоддзя. Наўгародскі архіепіскап Ніфант, па замове якога сабор пабудавалі ў далёкім 1148 годзе, быў чалавекам, мякка кажучы, не бедным, пра што сведчыць глыбокі сіні колер, які служыць фонам для ўсіх сюжэтаў, выяўленых на сценах храма.


Сіняя фарба рабілася ў тыя часы з лазурыту — паўкаштоўнага каменя, які здабываўся на тэрыторыі сучаснага Афганістана. Улічваючы лагістыку і тэхналогіі ХІІ стагоддзя, можна толькі ўяўляць, колькі яна каштавала. Менавіта таму ўсе іконы паўночна-славянскіх земляў (тыя ж пскоўскія) такія змрочна-цёмныя — барвова-карычнева-зялёныя: пісалі мясцовымі, таннейшымі фарбамі. А тут — проста раскоша — заходзіш у нізенькі, за стагоддзі ўрослы ў зямлю больш чым на два метры сабор — і ад захаплення і нечаканасці аж дух займае — нібы яшчэ адно неба навісае проста над галавой...

Такія храмы ахоўвае, напэўна, сам Усявышні. Ворагаў у пагранічнага Пскова заўсёды было хоць адбаўляй, але ж Мірожскі сабор выстаяў. Нават падчас апошняй, самай разбуральнай вайны, калі падчас наступлення савецкіх войскаў немцы занялі абарону ў манастыры і іх выбівалі адтуль і артылерыяй, і авіяцыяй, у сабор трапіў толькі адзін снарад. Прычым дзівосным чынам заляцеў у вузкае акенца храма, ударыўся ў супрацьлеглую сцяну і... не разарваўся, пакінуўшы толькі выбоіну, праз якую цяпер добра відаць старажытная кладка.

З фрэскамі асобная гісторыя. Першы раз іх папсавалі ў XVІІ стагоддзі, калі сцены замазалі тынкоўкай, пабялілі і павесілі на іх іконы — мода была такая. Тады яшчэ людзі не разумелі, якую каштоўнасць хаваюць пад тынкоўкай. Тое ж, што зрабілі ў канцы ХІХ стагоддзя, выглядае (дый тады павінна было выглядаць) як акт вандалізму. Фрэскі тады знайшлі выпадкова — пры рамонце храма адваліўся кавалак тынкоўкі. Было вырашана іх адкрыць і давесці да ладу. Бо выявы захаваліся, але патрабавалі рэстаўрацыі — усё-такі больш за трыста гадоў пад іншым слоем. «Рэстаўрацыю» правялі своеасабліва — спяшаліся ўгадзіць царкоўнаму начальству — падмалявалі фрэскі таннымі клеевымі фарбамі. Спачатку ўсё было ярка і прыгожанька, а праз пару гадоў фарбы пацьмянелі, пасля ўвогуле пачарнелі. Паводкі (а храм стаіць паміж рэкамі Мірожа і Вялікая) таксама зрабілі сваю справу, на сценах ёсць адзнакі, дзе вада стаяла ў саборы падчас разліву. Апошні раз зусім нядаўна — у 1960-м, і чалавеку, які стаіць на сучаснай падлозе (метра на паўтара, калі не больш, вышэйшай за падлогу ХІІ стагоддзя), гэта адзнака па пояс.

На Мірожы пабудавалі дамбу, і вада цяпер не падымаецца аж да сабора. У 1970-я фрэскамі заняліся спецыялісты-рэстаўратары, і на сёння экскурсаводы з гонарам расказваюць, што восемдзесят працэнтаў выяў у храме — арыгінальнае ХІІ стагоддзе. Астатнія дваццаць — гэта тыя, унізе, што пастаянна на працягу многіх гадоў траплялі ў веснавую ваду. Там не вытрымаў нават лазурыт — сантыметраў на восемдзесят ад падлогі выявы цьмяныя і размытыя, іх так і пакінулі, нічога не падфарбоўваючы. Усё астатняе — сапраўднае дзіва — гісторыя Новага Запавету ў асобах, расказаная на сценах храма. Расказана вельмі таленавіта — пэўна, багацей Ніфант выпісаў з Візантыі і найлепшых мастакоў. Глядзіш і не верыш, што гэта ХІІ стагоддзе — на выяве Хрышчэння ў Хрыста так выпісаны мускулы ног, нібы да Вінчы і Мікеланджэла прыклалі сваю руку. У сюжэце аб Нараджэнні Божым Саламея, якая купае Ісуса-немаўля, апускае далонь у ваду, каб пераканацца, што яна не гарачая (зусім не па канонах, але як блізка да звычайнага жыцця). На выяве «Сыходжанне ў пекла», на якой Хрыстос выводзіць з сабой першых людзей Адама і Еву, Ева ідзе за спінай у Адама, а не з другога боку Збаўцы, як павінна быць у кананічным іканапісе. Тады яшчэ не было канонаў, і, пэўна, толькі ў гэтым храме ў сюжэце «Дабравешчанне» Архангел Гаўрыіл глядзіць на Дзеву Марыю... з процілеглага боку галоўнага скляпення храма...

Я да чаго гэта так падрабязна апісваю? Дзівоснае можна знайсці зусім недалёка. Да таго ж Пскова па добрай дарозе на машыне гадзін шэсць-сем язды ад Мінска. Калі ж на аўтобусе — на нейкую гадзіну больш, і білет каштуе нешта каля сарака рублёў. А яшчэ бліжэй, па дарозе — наш Полацк. І там фрэскі. Не менш старадаўнія. Больш цьмяныя — у Ефрасінні, пэўна, не было грошай на лазурыт. Але «калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў». Лепш за Караткевіча не напішаш, дый навошта спрабаваць?

Убачыць нябачанае ці ўжо бачанае калісьці. Уразіцца, здзівіцца, дакрануцца да чагосьці незвычайнага — не рукой, дык вачыма і душой. Адчуць сябе часткай гэтага вялікага і не заўсёды зразумелага... Ці не найлепшы сродак ад знакамітай восеньскай нуды, ад якой безвынікова спрабуеш схавацца на канапе, уткнуўшы нос у камп'ютар ці тэлевізар.

Паверце на слова — дапамагае, яшчэ як. Не верыце — праверце. Часу яшчэ шмат: восень са сваёй нудой тут надоўга затрымалася.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Мы хадзілі глядзець фрэскі...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.