Вы тут

Пагранічнікам варта актыўней працаваць з насельніцтвам


Такую параду выказаў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падчас наведвання Інстытута пагранічнай службы. Ён азнаёміўся з парадкам падрыхтоўкі курсантаў, сустрэўся з выкладчыкамі і курсантамі ВНУ, адказаў на іх пытанні.


Каб лепш быў зразумелы прадмет размовы высокага госця з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі інстытута, у двух словах нагадаем кароткую, але цікавую і насычаную гісторыю ўстановы вышэйшай адукацыі органаў пагранічнай службы. Пра прычыны ўзнікнення і этапы станаўлення ВНУ расказаў начальнік інстытута палкоўнік Сяргей Жылінскі. Паводле яго слоў, пасля развалу СССР узнікла патрэба ва ўласнай сістэме падрыхтоўкі афіцэраў менавіта для органаў пагранічнай службы Беларусі. Спачатку гэта быў факультэт пагранічных войскаў. Потым ён увайшоў у Ваенную акадэмію. Затым факультэт стаў Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Такі вось шлях. Сёння гэта самастойная і самадастатковая ВНУ з выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, сучаснымі аўдыторыямі, у якіх навучаюцца 365 курсантаў. Штогод сюды прымаюць каля сотні чалавек. Лекцыі курсантам чытаюць прафесійна падрыхтаваныя выкладчыкі, сярод якіх тры дактары навук і 23 кандыдаты навук. Яны актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных навуковых канферэнцыях. Пераважная большасць выкладчыкаў мае досвед пагранічнай службы.

Міхаілу Мясніковічу паведамілі, што за час існавання інстытута яго выпускнікамі стала больш за дзве тысячы афіцэраў. У іх ліку не толькі маладыя грамадзяне нашай краіны. ВНУ ўжо не першы год ажыццяўляе экспарт навучальных паслуг: у яе сценах сёння можна сустрэць, напрыклад, прадстаўнікоў Кітая. Атрымалі дыпломы афіцэраў-пагранічнікаў грамадзяне Казахстана, Азербайджана, Катара, Узбекістана. Імаверна, што неўзабаве курсантамі інстытута стануць хлопцы з В'етнама і Арменіі. Цяпер ідуць перамовы.

Адукацыйны працэс тут прадугледжвае комплекс тэарэтычных і практычных заняткаў. З парадкам іх арганізацыі і правядзення дэталёва азнаёміўся Міхаіл Мясніковіч. Ён наведаў вучэбныя аўдыторыі і спецыялізаваныя класы, у тым ліку і для вывучэння замежных моў, лабараторыі, вучэбную пагранічную заставу, дзе адпрацоўваюцца навыкі праходжання службы ва ўмовах аховы граніцы.

Старшыня Савета Рэспублікі цікавіўся не толькі выкарыстаннем найноўшых сродкаў тэхнічнага кантролю пагранічнікамі, у прыватнасці электроннага абсталявання, беспілотнай авіяцыі, але і асаблівасцямі псіхалагічнай падрыхтоўкі кадраў, харчаваннем на заставах і тым, як пагранічнікі ўзаемадзейнічаюць з мясцовым насельніцтвам. Бо, па словах Міхаіла Мясніковіча, цяпер рыхтуюцца змены ў Закон аб мясцовым самакіраванні, якія будуць накіраваны на далейшае пашырэнне ініцыятывы жыхароў тэрыторый, і пагранічнікам гэта трэба ўлічваць.

Спікер Савета Рэспублікі таксама прачытаў лекцыю выкладчыкам інстытута на тэму «Актуальныя пытанні развіцця Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». У ёй Міхаіл Мясніковіч закрануў пытанні ўмацавання экспартнага патэнцыялу краіны, прааналізаваў магчымасці і рызыкі глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», спыніўся на праблемах дзейнасці і перспектывах развіцця ЕАЭС, пытаннях дзяржпадтрымкі навукоўцаў, развіцця сістэмы адукацыі і іншых тэмах.

У размове з журналістамі Міхаіл Мясніковіч адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў у інстытуце. На яго думку, з гэтай навучальнай установы выходзяць усебакова падрыхтаваныя афіцэры.

Леанід Тугарын

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».