Вы тут

Больш за 150 маці атрымаюць персанальныя віншаванні ад Тэатра эстрады


Больш за 150 маці павіншуюць са сцэны Палаца Рэспублікі 14 кастрычніка ў час вялікай святочнай праграмы Тэатра эстрады "Усе песні для цябе", паведаміла рэжысёр канцэрта Вольга Осіпава, піша БЕЛТА.


Тэатр эстрады традыцыйна арганізуе канцэрты да Дня маці. Але ў гэтым годзе было вырашана прадставіць праграму "Усе песні для цябе" ў Палацы Рэспублікі. Гэта будзе шчырае прызнанне ў любові самым блізкім людзям і падзяка за іх клопат і дабрыню.

"Напярэдадні канцэрта мы прапанавалі ўсім, хто набыў білеты на канцэрт для сваіх любімых жанчын, зрабіць гэты падарунак яшчэ больш прыемным. У прыватнасці, даслаць на нашу электронную пошту віншаванні і фатаграфіі з мамамі. Мы атрымалі больш за 150 віншаванняў з фотаздымкамі маці з усіх куткоў краіны. Сюрпрызам для іх стане тое, што ў час канцэрта, кожная маці ўбачыць сябе на экране", - расказала Вольга Осіпава.

На адной сцэне выступяць вядомыя выканаўцы - артысты Тэатра эстрады: Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, Гюнеш, Аляксей Хлястоў, Вольга Вронская, Жанет, Вольга Плотнікава, Алена Грышанава, ансамбль "Верасы", група "PROвакацыя", група ByCity, балет тэатра Fusion, салісты Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна і іншыя. "Артысты падораць свае лепшыя хіты, прагучаць таксама новыя песні і нечаканыя дуэты. Гэта будзе вельмі шчыры і цёплы канцэрт", - адзначыла рэжысёр.

  • Яшчэ адным падарункам для маці стане канцэрт шоу "Алюр" 15 кастрычніка, які таксама пройдзе на сцэне Палаца Рэспублікі. Створаны больш як 15 гадоў таму Людмілай Радзівонавай калектыў паспеў выступіць у адной праграме з такімі зоркамі, як Cabaret Chicago, Moulin rouge, Riverdance, Flamenco. Артысты шоу заваявалі сэрцы гледачоў у многіх краінах, даказаўшы, што цыганскай песні не патрэбны пераклад, а цыганскія танцы сагрэюць любое сэрца.

"Ніводнае сапраўднае свята не абыходзіцца без музыкі і танцаў. Песні шоу "Алюр", якія бяруць за душу, іх іскрамётныя танцы, галавакружны карагод стракатых убранняў і яркіх мелодый прымушаюць сэрца радавацца і сумаваць, смяяцца і рыдаць адначасова. Гледачы ў зале акунуцца ў дзіўны свет рамантыкі, любові і гарачых пачуццяў, прыгажосці і свабоды", - дадалі ў тэатры.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.