Вы тут

Якія крокі робіць дзяржава па лібералізацыі бізнесу?


Прэзумпцыя добрасумленнасці, законапаслухмянасць бізнесу і прастата ў падатках

Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі ўчора ўдзельнікі пасяджэння Савета па развіцці прадпрымальніцтва, якое адбылося ў новым будынку Вярхоўнага суда краіны. Эксперты намагаліся знайсці адказ, як вызначаць прэзумпцыю добрасумленнасці суб'ектаў гаспадарання, разбіраліся з артыкулам 33 Падатковага кодэксу і разглядалі асаблівасці правапрымяняльнай практыкі.


Усе суб'екты гаспадарання добрасумленныя, пакуль суд не дакажа адваротнага. Менавіта гэты прынцып неабходна закладваць як галоўны ва ўзаемадзеянні бізнесу і дзяржавы, заўважыў Аляксандр ТУРЧЫН, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва, першы намеснік прэм'ер-міністра.

Савет створаны як пастаянна дзеючы орган пры Прэзідэнце Беларусі, і ў яго склад уваходзяць кіраўнікі найбольш паспяховых прыватных прадпрыемстваў.

— Гэта людзі, якія няхай і не ў поўным аб'ёме, але ўвасабляюць сабой эліту нашага бізнесу. Людзі, за якімі стаяць шматтысячныя працоўныя калектывы, якія плацяць падаткі, таму да іх думкі абавязкова варта прыслухацца, — мяркуе старшыня Савета.

Дзяржава робіць сур'ёзныя крокі па лібералізацыі бізнесу ў краіне. Адменены Указ № 488, з 1 ліпеня лібералізаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У той жа час бізнес-суполка асцерагаецца, пэўна ж у нечым і справядліва, што могуць паўтарыцца негатыўныя гісторыі, якія мелі месца ў недалёкім мінулым, адзначыў старшыня Савета:

— Мы хочам пачуць і асцярогу экспертнай суполкі, і каб нашы калегі з сілавога блока адказалі на пытанні, якія цікавяць экспертаў.

Ён таксама акрэсліў сітуацыю адносна артыкула 33 Падатковага кодэкса. Артыкул датычыцца выплаты падаткаў, утойвання прыбытку, адсутнасці рэальнай гаспадарчай дзейнасці і іншых нормаў, парушэнне якіх, наўмыснае ці памылковае, цягне праверку і пакаранне.

— Гэты артыкул — не дакладная копія Указа № 488 аб ілжэпрадпрымальніцтве. Аднак усё залежыць ад таго, як будзе рэалізоўвацца гэты артыкул у правапрымяняльнай практыцы. У нас нармальныя законы, проста трэба навучыцца іх правільна выконваць. Менавіта суд ставіць канчатковую кропку ў спрэчках, аднак прапісаць у заканадаўстве кожны выпадак і сітуацыю немагчыма, — акрэсліў Аляксандр Турчын.

Эфект ад змен, якія прымаюцца, старшыня Савета разглядае праз прызму эканомікі і кажа: «Сёння паспяховае развіццё бізнесу — гэта рост нашай эканомікі, павелічэнне выплат у бюджэт і рост дабрабыту народа. Наш бізнес законапаслухмяны, усе стараюцца плаціць падаткі, аднак, як і паўсюль, тут ёсць свае выключэнні».

Аляксандр Турчын дадаў таксама, што ў грамадстве прысутнічаюць нейкія ілюзіі адносна таго, што такое малы і сярэдні бізнес:

— Сярэдні бізнес сёння — гэта кампаніі прыкладна да 250 чалавек. Ва ўмовах высокатэхналагічнасці нашага свету і вытворчасці кампанія ў 200 чалавек — гэта ўжо даволі вялікая арганізацыя. Вельмі важная ўмова, думаю, прастата: і падатковага заканадаўства, і іншых рэчаў. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і мікрапрадпрыемстваў, дзе занятыя два-тры чалавекі, усё павінна быць гранічна проста, каб немагчыма было памыліцца. Калі ж ты наўмысна ідзеш на парушэнне, за гэта прадугледжана адказнасць.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.