Вы тут

Правільнае захоўванне гладыёлусаў


Ёсць некалькі спосабаў. Які з іх выбраць, кожны вырашае сам, улічваючы ўсе нюансы (структура глебы, асветленасць, якое было лета і г. д.).


Выкопваць гладыёлусы пачынаюць на 3—5-м тыдні пасля цвіцення. Сцябло адразаюць, пакінуўшы пянёк вышынёй 3-4 см, абразаюць карані. Часткова выдаляюць старую клубнецыбуліну, імкнучыся не пашкодзіць тое месца, дзе яна злучаецца з маладой цыбулінай. Расліны складаюць па сартах у сеткаватыя мяшочкі і потым у драўляныя або пластыкавыя скрыні. Усю наступную апрацоўку праводзяць у памяшканні. Каб не страціць цікавыя сарты і забяспечыць іх чысціню, клубнецыбуліны лепш захоўваць па сартах у асобных пакетах або мяшочках, якія могуць быць з марлі, тканіны, капронавага цюлю або аналагічнага сінтэтычнага дробнасеткавага матэрыялу. Апошнія два варыянты асабліва зручныя, бо дазваляюць апрацоўваць пасадачны матэрыял проста ў мяшочках (уключаючы чарнавую мыйку, сушку, а таксама апрацоўку стымулятарамі, інсектыцыдамі і фунгіцыдамі). Старанным прамываннем у вадзе выдаляюцца рэшткі глебы і самая верхняя луска, якая не даходзіць да донца клубнецыбуліны. Пасля гэтага на працягу 30—40 хвілін пратручваюць пасадачны матэрыял у растворы інсектыцыду. Апрацоўку фунгіцыдам праводзяць прыблізна праз 3-4 дні. Затым 2-3 тыдні цыбуліны сушацца пры тэмпературы 25—27 °С (можна да 30 °С) і 1-1,5 месяца — пры пакаёвай тэмпературы ў цені. У працэсе сушкі матэрыял праглядаюць, каб адбракаваць захварэлыя клубнецыбуліны. Калі выяўляюць механічныя пашкоджанні, прыпякаюць іх зялёнкай.

Пасадачны матэрыял лепш захоўваць у склепе пры тэмпературы 3—7 °С. Пры захоўванні цыбулін пры тэмпературы, блізкай да пакаёвай (вышэй 15 °С), адбываецца незваротная страта іх сартавых характарыстык. Захоўванне пры досыць высокай тэмпературы і нізкай вільготнасці прыводзіць да памяншэння колькасці кветак у коласе, бо павялічваецца перыяд прарастання і зніжаецца жыццеўстойлівасць цыбуліны з-за яе высыхання ў перыяд захоўвання. Акрамя таго, у пакоі гладыёлусы мацней пашкоджваюцца трыпсамі і хваробамі (гэта выявіцца ўжо пасля высадкі цыбулін у грунт). Аднак калі захоўваць дзетак гэтых цыбулін у аптымальных умовах, то сартавыя характарыстыкі цалкам аднаўляюцца.

Лета ў нас раз на раз не прыходзіцца. Акрамя таго, калі ўчастак заценены, глеба цяжкая, то часта не ўсе сарты гладыёлусаў паспяваюць адцвісці і нарасціць нармальную цыбуліну. З гэтай прычыны частка іх пры захоўванні проста ўсыхае да вясны.

Але варта ўспомніць пра стары спосаб захоўвання рэпчатай цыбулі. Сутнасць яго ў тым, што пры ўборцы ў цыбулі не выдаляюць лісце, каб пажыўныя рэчывы з яго паступова перацяклі ў цыбуліну. Цыбуліны з лісцем сплятаюць у коскі, і такія вось гронкі захоўваюцца да вясны. А чаму б гэтак жа не зрабіць і з гладыёлусамі? Праўда, у цыбулі лісце драбнейшае, а ў гладыёлусаў большае, значыць, будзе выпарацца шмат вільгаці. Так што трэба ўнесці ў «цыбульны» спосаб некаторыя карэктывы.

Выкопваем гладыёлусы асцярожна, імкнучыся не пашкодзіць карані, стрэсваем зямлю так, каб на каранях яе заставалася няшмат. Нічога не абразаем і старую клубнецыбуліну не выдаляем.

Расліну цалкам (ці некалькі раслін аднаго сорту) змяшчаем у вялікі пакет, напрыклад для смецця (пажадана браць пакет самы моцны), так, каб расліна апынулася цалкам унутры. Калі лісты вельмі доўгія, іх можна злёгку падрэзаць. Зверху пакет трэба закрыць. Так забяспечваецца парніковы эфект, лісце выпарае вільгаць, яна асядае на сценках пакета ў выглядзе кандэнсату, які сцякае да каранёў, дзе засталося крыху зямлі, і гладыёлусы працягваюць расці і набіраць клубнецыбуліну. Перыядычна пакеты трэба адкрываць і праветрываць расліны, але не перасушваць іх.

У такім выглядзе гладыёлусы растуць да снежня. Потым вымаем расліны, коратка абразаем лісце, прамываем клубнецыбуліны, апрацоўваем іх фунгіцыдам, прасушваем і захоўваем у сухім прахалодным месцы. Старую клубнецыбуліну ў гэты час не выдаляем (каб не траўмаваць маладую), абрываем яе вясной альбо наогул пакідаем, калі яна занадта вялікая. Старыя клубнецыбуліны бываюць досыць буйныя, і ў іх яшчэ шмат пажыўных рэчываў — хай дапамагаюць расці новай цыбуліне.

Перыядычна праглядаем клубнецыбуліны, папярэдне расчышчаючы верхавіну. Там відаць адразу, ці ёсць пашкоджанні ад трыпсаў. Акрамя таго, такая расчыстка паскарае і палягчае прарастанне маладых парасткаў вясной пры яравізацыі.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».