Вы тут

Што вымяраецца традыцыяй?


Выданне пад назвай «Нацыянальная мастацкая традыцыя ў кантэксце гуманітарнай бяспекі Беларусі», што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука», з’яўляецца плёнам шматгадовай працы Валерыя Максімовіча. Навуковец звяртае ўвагу на ўзровень духоўнай культуры, на стан захавання нацыянальных традыцый.


Паводле аўтара, гуманітарная бяспека мае на ўвазе такі стан грамадства, калі гарантуецца абароненасць самых разнастайных сфер дзейнасці як асобнага чалавека, так і ўсіх грамадзян, непарушнасць правоў, каштоўнасцей і традыцый, прынятага ладу жыцця.

Праца вызначаецца навуковай глыбінёй тэарэтычнай часткі. Згодна з пунктам погляду аўтара, традыцыя прызнаецца вымярэннем культуры , выяўляе яе сутнасць. Ад таго, наколькі чалавек паглыблены ў культурную стыхію, наколькі арганічна ён пачувае сябе далучаным да ўсіх праяў рэчаіснасці, залежыць яго ўнутраны стан, настрой, перажыванні, адчуванні і г. д. І гэта лагічна, бо тое, з чым даводзіцца сутыкацца ў паўсядзённым жыцці, аказвае на асобу самы непасрэдны ўплыў, фарміруе як грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. З новых пазіцый асэнсоўваецца феномен творчасці ў кантэксце станаўлення інтэлектуальнай культуры. Падкрэсліваецца важнасць усвядомленага звароту да досведу папярэдніх перыядаў развіцця літаратуры. Культурная традыцыя разглядаецца і ў якасці своеасаблівага канона на прыкладзе параўнання асновасутнасных ідэй класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча і расійскага рэлігійнага філосафа Паўла Фларэнскага. Аўтар аналізуе спалучэнне ў мастацкай творчасці традыцый і інавацый. Гэты аспект разгледжаны на прыкладзе вершаў М. Багдановіча «Летапісец», «Перапісчык» і «Апавядання аб іконніку і залатару...»

Змястоўным і глыбокім падаецца практычны раздзел манаграфіі, дзе даследчык засяроджвае ўвагу на спадчыне знакавых асоб у гісторыі нашай літаратурна-мастацкай і эстэтычнай думкі. У шэдэўрах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава сканцэнтраваны досвед развіцця беларускага мастацкага слова ў яго вяршынных праявах, выяўлены гістарычныя (сакральныя) архетыпы, міфалагемы, сімвалы, вобразы. Праз творчасць гэтых пісьменнікаў наша літаратура набыла высокі міжнародны статус і прызнанне.

Аўтар манаграфіі робіць філасофска-аналітычныя заглыбленні ў спецыфіку сённяшняй сацыякультурнай сітуацыі. Даследчык сцвярджае, што спрычыненасць да агульняпрынятых прынцыпаў і нормаў, перакананняў і мэт, якія складаюць аснову, базіс грамадскай структуры, дазваляе кансалідаваць грамадства, актывізаваць працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Манаграфія Валерыя Максімовіча — прыклад паяднання літаратуразнаўчага аналізу і філасофска-аналітычных рэфлексій, спроба дасягнуць арганічнай суладнасці паміж хоць і блізкімі, але і дастаткова самастойнымі галінамі навуковай дзейнасці. Гэтая спроба прадыктавана жаданнем стварыць паўнацэнную філасофію літаратуры і культуры з улікам дасягненняў міжгаліновых, міждысцыплінарных навук. Гэтая ў аснове сваёй наватарская праца спатрэбіцца ў навучальным працэсе, будзе карыснай для філолагаў, настаўнікаў беларускай літаратуры, выкладчыкаў каледжаў і ВНУ, культуролагаў, ідэалагічных работнікаў.

Вольга ШАРАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.