Вы тут

Вачыма адвечнай праўды


Ёсць людзі, якія ад нараджэння пад шчаслівай зоркай маюць місію. Больш ці менш глабальную, больш ці менш агульназначную. Чалавек з такой выразна акрэсленай місіяй у нашай культуры — Сяргей Панізнік. І роля яго — Захавальнік. Традыцый, памяці продкаў, усмешак сучаснікаў, іх слоў-учынкаў. Незвычайна вялікі архіў са здымкамі, выразкамі, запісамі — Сяргей Сцяпанавіч карпатліва і чуйна збірае ўсё тое, чым яго на жыццёвым шляху ўзнагароджвалі Нябёсы. І ва ўласнай слоўнай творчасці толькі памнажае энергетыку геннай памяці.


Яго новая кніга «На падкове Дзвіны» — чароўны куфар, з якога ў розны час, пару можна даставаць сакавітыя прыпеўкі, замовы, прыказкі, выхопліваць іх з вершаванага радка і смакаваць... Створаны ў кнізе свет — сапраўды міфалагічны: ён з казак той зямлі, дзе мы нарадзіліся.

«Вершы ахвотней прыходзяць і шчырэй прамаўляюцца там, дзе сам з’явіўся на свет. Для мяне гэта бераг Прыдзвіння», — прызнаецца аўтар і вядзе нас на «мацярык трываласці», дзе ўладараць Раёк з Жытнем, дзе замоўныя словы збіраюць у жменю, дзе чаруе «ноч-павітуха». Збіральнік і вялікі знаўца фальклору, Сяргей Панізнік настолькі па-майстэрску ўплятае ў вершы народныя залацінкі, што мы не заўважаем, дзе канчаецца аўтарскае і пачынаецца народнае… Але часам паэт і атрыбутуе запісанае, указвае, у каго быў прыдбаны той ці іншы адметны выраз. А спектр крыніц вельмі шырокі: «з цыганскага фальклору», «з лявонпальскіх прымудрыкаў», «з песні, запісанай ад Маруты Пальчэх у Даўгінаве» ды інш.

Творца выразна артыкулюе думку пра тое, што родная Беларусь — не малая, нязначная кропка на карце, а вялікая краіна (нават наглядна ў параўнанні з тэрыторыямі іншых еўрапейскіх краін) і ўвогуле бязмежная — для закаханай душы. Увесь мацярык «ляжыць на падкове Дзвіны», ды і камель Усясветнага Дрэва на падкову Дзвіны апёрся!

Арыгінальная вобразнасць, нестандартныя творчыя хады, сугуба аўтарская метафарычнасць — усе гэтыя асаблівасці пісьменніцкай манеры Сяргея Панізніка яскрава праявіліся і ў вершах кнігі «На падкове Дзвіны». Як натуральна і разам з тым небанальна гучаць падобныя радкі:

Спыніўся ля помніка спілаванаму дрэву.

На камлі — гадавыя колцы

У сотні кружэлак.

Іх пракручвае Сонца

Залацістым сцяблом адвечнасці.

Прычым не баіцца паэт і публіцыстычнага градуса, паяднання яго з настроем чыста лірычным:

Пры вывучэнні нашай аўтэнтыкі

Гэтае атожылле абзываюць

Каранёвым меласам беларусаў.

Ад старадаўняга, спрадвечнага цягнецца масток традыцыі і ў сучаснасць. «На Лявонпальскае хрышчэнне ўнучкі Яны» — паэтычнае ўвасабленне гэткай лучнасці:

Ахоўныя ключы

у рукі мне ляцелі

ад продкаў па мячы

да продкаў па кудзелі.

Лагічна прадуманая кампазіцыя лірычнага зборніка ўключае сем адмысловых раздзелаў. Назва кожнага матываваная трапным і лаканічным уступным словам. «Літара Тура» — раздзел пра вечныя, нацыятворныя велічыні. Летапісны князь Тур, Францыск Скарына, Вацлаў Ластоўкі, Максім Багдановіч, Арсень Ліс, Пімен Панчанка вандруюць па старонках незвычайнай кнігі, асвятляючы даўніну і сучаснасць, «калышучы Айчыну зыбучую». «Увекавечвае сустрэчы» Сяргей Панізнік у аднайменным раздзеле, згадваючы Пятра Сушко, Алену Масла, Наталлю Бучынскую, Алену Бабіч і інш. Шчодра прадстаўляе паэт і ўласныя пераклады з творчасці Міхайла Шалаты, Даяны Лазаравіч, Евы Панізнік у раздзеле з кемнай назвай «Ласункі стасункаў». Багаты збор фатаздымкаў, карцін, дарчых надпісаў — у каляровай уклейцы зборніка.

«Прыветныя хвалі гамоняць са светам: праз Одэр і Балтыку весткі ляцяць праз акіян аж да самога Гурона, дзе Сяргей Панізнік у натхненні трапным вершам гукае вясну. І родніцца Гурон з Волтай і Друяй, зацвітаюць вішні над Вартаю — а ў адлюстраванні яе на другім беразе бачу квецень садоў Віцебшчыны», — падкрэслівае маштабнасць творчасці паэта ў прадмове да кнігі Аксеня Тарасевіч. І заклікае чытачоў разам пайсці на «агледзіны» спадчыны Сяргея Панізніка за 60 (!) год яго актыўнай працы. Легенды жывуць побач з намі — варта толькі пачуць!

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».