Вы тут

​Садаводы расказваюць пра новыя трэнды восеньскіх кірмашоў


Спецыялізаваны кірмаш «Агравосень» — сапраўдны рай для аматараў-садаводаў. Тут можна набыць саджанцы як традыцыйных, так і новых культур. А паколькі попыт на «зялёную» прадукцыю высокі, сёлета кірмаш будзе доўжыцца амаль да канца кастрычніка — па тры дні на тыдні. Арганізатарам вось ужо пяць гадоў выступае Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, дзе і праходзіць сам кірмаш. Праўда, сказаць, што колькасць удзельнікаў зашкальвала, наўрад ці магчыма. Затое не было недахопу ў асартыменце. У топе — буякі, ажына, бружмель...


... і персікі

Яны сёлета багата ўрадзілі, кажуць садаводы. Таму і попыт на саджанцы з кожным годам расце. Яшчэ некалькі гадоў таму многія з недаверам адносіліся да іх пасадкі — цяпер жа амаль праз аднаго набываюць саджанцы. І хоць кошт даходзіць да 14 рублёў, яны добра разыходзяцца.

Цікаўлюся ў садавода са стажам Віктара Сяргеевіча, якія новыя прапановы ёсць на рынку.

— З'явіліся новыя сарты клубніц, у якіх вага адной ягады дасягае 100 грамаў. Яны вырастаюць да памеру невялікага яблыка, — расказаў садавод. — Такіх сартоў раней не было, яны з'явіліся адносна нядаўна, і мы іх актыўна прасоўваем. Таксама многія цікавяцца вінаградам. Мы прапануем няўкрыўныя сарты.

Ірына мае свой гадавальнік паблізу горада. Яна таксама праводзіць свой маніторынг попыту і адзначае, што гродзенцы любяць эксперыментаваць і не баяцца ўкараняць нешта новае. Напрыклад, цяпер набываюць папулярнасць ягадныя культуры — буякі, бружмель, ажыны. Дарэчы, апошнія разабралі за некалькі гадзін. На рынку гэта адна з самых танных культур — як і маліны, прадаюцца ўсяго па 2-3 рублі.

А вось бружмель амаль удвая даражэйшы. Прызнацца, гэтая расліна для мяне асацыюецца з парфумай. Між тым бружмель пладаносіць ягадамі, якія нагадваюць па смаку чарніцы. Яны з'яўляюцца ўжо ў маі, таму могуць забяспечыць арганізм першымі натуральнымі вітамінамі. Садзіць кусты трэба парамі, кажа Ірына.

Новыя культуры заваёўваюць усе больш прыхільнікаў. Вельмі папулярныя цяпер буякі. Ірына дэманструе фота з багатым ураджаем. І ягады вельмі салодкія, дадае яна.

— У Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства гэтай культурай займаюцца з пачатку 90-х гадоў, — тлумачыць Сяргей, сусед Ірыны, — а праз некалькі гадоў пачалі займацца і садаводы-аматары. Народ ягады пакаштаваў, зразумеў, што гэта смачна і карысна. Цяпер шмат хто вырошчвае буякі. Без перабольшання, можна лічыць іх лідарамі продажу.

Белы наліў ці зізіфус?

А вось на думку Святланы, папулярнасць традыцыйнай ягады не адыходзіць у мінулае. У яе добра разыходзяцца якраз-такі чорныя парэчкі і агрэст, прытым што кошт саджанца складае 4-5 рублёў. Паціху зніжаецца попыт на глог і айву. Па словах Святланы, некалькі год таму назіралася нямала прыхільнікаў ягад годжы, але цяпер попыт знізіўся — магчыма, таму, што не ўсюды гэта культура прыжываецца, і калі не ведаць тэхналогіі вырошчвання, добрага ўраджаю не будзе.

Затое можна спадзявацца на вялікую колькасць чырвоных парэчак. Напрыклад, прадпрымальнік Сяргей заўсёды мае іх у асартыменце. Праўда, парэчкі ў яго новага сорту, даўжыня кісці ў іх дасягае 25 сантыметраў. І амаль без кіслінкі.

— Многія шукаюць старыя сарты тых жа яблыкаў — белы наліў, антонаўку, каштэлю, — заўважае Сяргей. — Людзі мараць вярнуць у сады тое, што было некалі ў іх дзяцінстве. А вось у прамысловых масштабах трэба кіравацца іншымі прынцыпамі — устойлівасцю да хвароб, ураджайнасцю.

Апошнім часам назіраецца праблема з грушамі. Аляксей, які прывёз свае саджанцы з Бераставіцы, расказаў, што многія дрэвы «хварэюць». У чым тут справа? Аказваецца, для груш небяспечны сусед — ядловец, бо на іх зімуе грыбок, які потым перакідваецца на дрэва, і на лісце з'яўляюцца рыжыя плямы знізу. А расліна шырока распаўсюджана на прыватных сядзібах. Таму дрэва трэба абараняць ад такога суседства.

Новай з'явай Аляксей называе высадку чарэшневых садоў. Раней гэта былі ў асноўным адзінкавыя дрэвы. Для сада многія шукаюць невысокія дрэвы з буйнымі пладамі, кошт якіх вагаецца ад 12 да 15 рублёў за саджанец. У некаторых раёнах добра разыходзіцца грэцкі арэх.

Удала рушаць у сядзібы гродзенцаў зізіфус. Слова гэта больш на слыху як касметычны сродак.

— Гэта кітайскі фінік, які можна вырошчваць і ў нас. Ён вельмі салодкі на смак і багаты вітамінамі, а яшчэ каштоўны як лекавая расліна. Культура зімастойкая і даволі перспектыўная, існуе больш за 400 сартоў, — лічыць Аляксей.

А вось попыт на дэкаратыўныя расліны не такі высокі — мо таму, што іх звычайна высаджваюць вясной. І тут ёсць свае навінкі. У іх ліку — кампсісы. Гэта разнавіднасць
ліяны з яркімі кветкамі, эфектная і даволі моцная. Паўднёвая культура шырока распаўсюджана ва Украіне, а вось у нас толькі заваёўвае палісаднікі. Па словах Вік-
тара Сяргеевіча, яна добра зімуе, не мае схільнасці да хвароб, як, напрыклад, ружы. Увогуле раслінны свет даволі разнастайны, і заўсёды можна знайсці штосьці новае, каб упрыгожыць свае сядзібы.

Дрэвы-калоны

Вырошчванне саджанцаў ягадных кустарнікаў і садовых культур — асноўны від дзейнасці фермерскай гаспадаркі Аляксандра Брукіша. Справу пачыналі яго бацькі, а пасля заканчэння аграрнага ўніверсітэта далучыўся і сын. Цяпер Аляксандр працягвае справу разам з жонкай Кацярынай. Апошнім часам яны займаюцца вырошчваннем дэкаратыўных раслін, у асноўным туй і кустарнікаў для «жывых» платоў.

Суразмоўнік кажа, што ёсць мода на форму раслін. Напрыклад, сёлета многія цікавяцца дрэвамі, якія нагадваюць калону. У іх вузкія кроны: да аднаго метра ў шырыню, а плады растуць амаль што на ствалах. Самі дрэвы невысокія — да 2,5 метра, што дае магчымасць іх шчыльнай пасадкі. Такія дрэвы адрозніваюцца і сваёй цаной. Калі звычайная яблыня ацэньваецца ў сем рублёў, дык каланавідная — у 10.

Ці хапае кірмашоў?

Як расказаў памочнік рэктара Гродзенскага аграрнага універсітэта Уладзімір КІСЛЫ, «Агравосень» — кірмаш традыцыйны, але вузкаспецыялізаваны. Тут можна набыць у асноўным саджанцы і насенне.

— Звычайна мы праводзім кірмашы ў першых дэкадах кастрычніка і красавіка. Кожны ўдзельнік — прафесіянал у сваёй справе і трымае руку на пульсе часу. Ёсць і іншыя фарматы — вінаградны кірмаш і нават кавуновы. Сёлета ён праходзіў з удзелам Гродзенскай гародніннай фабрыкі з дэгустацыяй, — кажа арганізатар.

Віктар Войцік — пастаянны ўдзельнік кірмаша «Агравосень». Ён працуе ў асноўным у інтэрнэце і лічыць, што ў абласным цэнтры магло б быць больш кірмашоў. На рынку таксама складана з месцам, дакладней, з яго памерамі: выдзяляецца крыху больш за метр, і размясціць свае расліны складана.

А між тым наведвальнікаў — натоўпы. Асабліва ў першай палове дня. Такі інтарэс абумоўлены яшчэ і сезонам — ідзе час пасадак. Дарэчы, кірмашовы бум назіраецца паўсюдна ў рэгіёне, у тым ліку ў райцэнтрах і аграгарадках.

— На гэтым рынку таксама вялікая канкурэнцыя, — кажа Уладзімір Кіслы. — У сувязі з гэтым ёсць небяспека трапіць на нядобрасумленнага прадаўца. Былі выпадкі, калі людзі набывалі замест садовага дрэва лясное. У нас такіх казусаў няма, бо кожны садавод нам добра вядомы і пастаянна ўдзельнічае ў кірмашах.

Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў толькі пачаўся, да таго ж у розных фарматах. У Гродне «Агравосень-2019» пройдзе ў канцы гэтага і наступнага тыдняў — па тры дні на кожны этап. Так што яшчэ ёсць час пасадзіць дрэва сваёй мары, а потым ласавацца яго пладамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бружмель ці буякі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».