Вы тут

У музеі ВАВ праходзіць часовая фотадакументальная экспазіцыя «1939. Пачатак Другой сусветнай вайны»


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзіць часовая фотадакументальная экспазіцыя «1939. Пачатак Другой сусветнай вайны».

Вы не знойдзеце тут «разжаванай» інфармацыі, але ўбачыце архіўныя дакументы, вывучаючы якія можна самому зрабіць высновы пра падзеі, што адбываліся ў 1939 годзе. Вы даведаецеся, якія пазіцыі займалі тыя ці іншыя кіраўнікі, што за рашэнні прымалі, як вырашаліся лёсы краін, і нават паспрабуеце знайсці адказы на пытанні, ці магчыма было прадухіліць Другую сусветную і ці ўсё было для гэтага зроблена. На многіх з прадстаўленых на выстаўцы дакументах пазначана «строга сакрэтна», але ў наш час яны сталі даступныя для даследчыкаў.


Фотадакументальная экспазіцыя створана Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Экспазіцыя грунтуецца на дакументальных матэрыялах з Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, якія ахопліваюць перыяд з сакавіка да жніўня 1939 года і адлюстроўваюць узаемаадносіны Савецкага Саюза з Германіяй, Польшчай, Японіяй, Англіяй і Францыяй. Раней гэтыя дакументы ў такім маштабе ў нашай краіне прадстаўлены не былі. А сёння высокаякасныя электронныя копіі дазваляюць убачыць нават заўвагі, якія рабілі кіраўнікі ў бок складальнікаў дакументаў, і тыя адзнакі, што пакідаліся на палях.

Дакументы даюць магчымасць па месяцах прасачыць, як развіваліся падзеі. Прадмовай для экспазіцыі яе стваральнікі абралі словы з выступлення Сталіна 10 сакавіка 1939 года на XVІІІ з'ездзе партыі са «Справаздачным дакладам аб рабоце ЦК ВКП(б)», калі ён заўважыў: «Ужо другі год ідзе новая імпералістычная вайна, якая разыгралася на велічэзнай тэрыторыі ад Шанхая да Гібралтара і захапіла больш за 500 мільёнаў насельніцтва. Гвалтоўна перакройваецца карта Еўропы, Афрыкі, Азіі. Узрушана ў корані ўся сістэма пасляваеннага так званага мірнага рэжыму... Вось пералік найважнейшых падзей за справаздачны перыяд, якія паклалі пачатак імпералістычнай вайне. У 1935 годзе Італія напала на Абісінію і захапіла яе. Летам 1936 года Германія і Італія арганізавалі ваенную інтэрвенцыю ў Іспаніі. Прычым Германія зацвердзілася на поўначы Іспаніі і ў іспанскім Марока, а Італія — на поўдні Іспаніі і на Балеарскіх астравах. У 1937 годзе Японія пасля захопу Маньчжурыі ўварвалася ў Паўночны і Цэнтральны Кітай, заняла Пекін, Цяньцзін, Шанхай і стала выцясняць з зоны акупацыі сваіх замежных канкурэнтаў. У пачатку 1938 года Германія захапіла Аўстрыю, а восенню 1938 года — Судзецкую вобласць Чэхаславакіі. У канцы 1938 года Японія захапіла Кантон, а ў пачатку 1939 года — востраў Хайнань.

Характэрная рыса новай імпералістычнай вайны складаецца ў тым, што яна не стала яшчэ ўсеагульнай, сусветнай вайной...»

Да пачатку Другой сусветнай тады заставалася каля паўгода.

Дакументы сведчаць: сярод прычын, якія прывялі да катастрофы, — недасканаласць створанай пасля Першай сусветнай вайны Версальскай сістэмы, якая паставіла Германію ў адасобленае становішча. Паўплываў і сусветны фінансава-эканамічны крызіс 1929—1933 гадоў, які закрануў вядучыя краіны Захаду. Не было зроблена нічога, каб спыніць нацызм, агрэсіўную сутнасць якога не разгледзелі ці не хацелі заўважаць заходнія лідары і таму не супрацьстаялі захопніцкім планам Германіі, Італіі і Японіі.

Выстаўка адкрываецца экспазіцыяй дзвюх нот, якімі абмяняліся знешнепалітычныя ведамствы Германіі і Савецкага Саюза па чэхаславацкім пытанні. Нямецкі бок пастфактум паведамляў, што 15 сакавіка 1939 года германскія войскі перайшлі чэхаславацкую мяжу і што прэзідэнт Гаха «перадае лёс чэшскага народа і краіны ў рукі фюрара германскай дзяржавы». У савецкай ноце ў адказ было заяўлена аб немагчымасці прызнання ўключэння Чэхіі ў склад Германскай імперыі. СССР аказаўся адзінай краінай, якая выступіла супраць агрэсіі Германіі.

Улічыўшы рост пагрозы для краін Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, у сакавіку наркам замежных спраў Літвінаў разаслаў тэлеграмы сваім паўнамоцным прадстаўнікам у Францыі і Англіі з тым, каб было ініцыявана пасяджэнне ці канферэнцыя па бяспецы з удзелам зацікаўленых бакоў. СССР бачыў, якая небяспека пагражае Румыніі, і гатовы быў прыйсці на дапамогу. Аднак яго прапанова не была прынята.

Дакументы паказваюць, што перамовы з Англіяй і Францыяй у 1939 годзе больш нагадвалі «працэс дзеля працэсу» . Між тым падзеі развіваліся імгненна. Мы можам убачыць тэлеграму наркаму замежных спраў Вячаславу Молатаву ад часовага паверанага ў справах СССР у Даніі, дзе той паведамляе пра заключэнне пактаў аб ненападзенні паміж Даніяй і Германіяй. Як вядома, гэты пакт Данію ад акупацыі не выратаваў. У экспазіцыі можна ўбачыць артыкул члена Палітбюро Жданава з красамоўным загалоўкам «Англійскі і французскі ўрады не хочуць роўнага дагавора з Савецкім Саюзам», ліст часовага паверанага ў справах СССР Астахава, дзе ён з трывогай піша пра блізкасць канфлікту, які наспявае паміж Германіяй і Польшчай. Германскі бок не саромеецца ў перапісцы казаць пра тое, што польскае пытанне будзе вырашана любой цаной. Прадстаўлена на стэндах і перапіска паміж Сталіным і Гітлерам, дзе яны абмяркоўваюць пытанні будучага дагавора аб ненападзенні, а таксама сам дагавор і сакрэтны пратакол да яго, ёсць і фатаграфія, якая зафіксавала гістарычны момант падпісання дагавора. Таксама тут змешчаны дакументы, якія паказваюць, якія перагаворы Савецкі Саюз вёў з Японіяй, тэлеграма ваеннага аташэ пры паўнамоцным прадстаўніцтве СССР у Польшчы Рыбалка і паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Шаронава аб нападзенні Германіі на Польшчу, датаваная 1 верасня 1939 года.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Мінулае — для сучаснікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».