Вы тут

Чаму больш не працуе метад бізуна і перніка ў педагогаў?


Што рабіць настаўніку, якога не слухаюць вучні? Як быць, калі педагог крычыць на дзіця? Што такое аўтарытэт настаўніка? Ці мэтазгодна ўводзіць пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці тэст на прафесійную прыдатнасць? На гэтыя і многія іншыя важныя тэмы разважаў у Мінску заснавальнік гуманна-асобаснага падыходу ў выхаванні і адукацыі, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, педагог-наватар, чыя спадчына вывучаецца ва ўніверсітэтах многіх краін свету, Шалва АМАНАШВІЛІ. Славуты стваральнік канцэпцыі гуманнай педагогікі наведаў Беларусь, каб абмеркаваць разам з настаўнікамі і бацькоўскай грамадскасцю актуальныя праблемы сучаснай школьнай адукацыі і выхавання.

Шалву Аманашвілі называюць настаўнікам ад Бога. Яго галоўная педагагічная ідэя — прыняцце любога вучня такім, які ён ёсць. Ён упэўнены, што нельга падзяляць дзяцей на добрых і дрэнных, на разумных і неразумных. На першае месца Аманашвілі заклікае ставіць выхаванне і сцвярджае, што дабрыня памнажаецца дабрынёй, шчырасць — шчырасцю, радасць — радасцю. «Нам патрэбныя людзі, для якіх дыктатура сумлення стаіць вышэй за ўсё, — кажа ён. — Дзяцей трэба выхоўваць на найлепшых шэдэўрах чалавечнасці». А вось школьную адзнаку Шалва Аманашвілі параўноўвае з вінтоўкай, нацэленай у лоб дзіцяці. Мы сабралі самыя цікавыя тэзісы зоркі педагогікі, якія прагучалі на сустрэчы ў Мінску.


Дзеці з фіялетавай аўрай

— Мяне ўпрыгожваюць дзве васьмёркі (мэтру педагогікі цяпер 88 гадоў. — Аўт.). А калі іх павярнуць, атрымаецца вечнасць, — жартуе ён. — У далёкім 1963 годзе, калі мы з маёй жонкай пачалі ствараць сваю сям'ю, ніякай гуманнай педагогікай мы не валодалі, а проста былі неблагімі людзьмі, з добрым выхаваннем і адукацыяй. І сына выхоўвалі па-добраму, як самі гэта разумелі і адчувалі на той момант. Потым нарадзілася дачка. Прайшло шмат гадоў, і з'явіліся ўнукі, а цяпер ужо і праўнукі. І ў нас назапасіўся вялікі вопыт, які мы называем гуманным падыходам да выхавання.

Сучасныя дзеці дастаўляюць шмат пакут і для бацькоў, і для школы... Але чаму так адбываецца? Прыблізна з сярэдзіны 1990-х гадоў у свет сталі прыходзіць дзеці з фіялетавай аўрай — іх называюць «дзеці індыга». Гэта зусім іншыя дзеці, у іх вельмі шмат таленавітасці, прычым шматграннай. Маім пакаленнем можна было лёгка кіраваць і маніпуляваць, чым паспяхова займаліся і сям'я, і школа. Але з дзецьмі індыга такія падыходы не спрацоўваюць. У іх шмат свавольства, непакорлівасці, пакрыўджанасці, яны адчуваюць перавагу над намі, перавагу над сваімі настаўнікамі (не свядома, а інтуітыўна). Яны прыйшлі ў наш свет адразу з ведамі. Гэта іншае пакаленне, якое пераўзыходзіць нас. А мы па-ранейшаму спрабуем іх выхоўваць метадам бізуна і перніка. Ніяк не можам адмовіцца ад аўтарытарнай педагогікі. Сілавы падыход да дзяцей, на жаль, — норма для  традыцыйнага адукацыйнага працэсу. Калі ў педагогаў узнікаюць складанасці ў стасунках з вучнем, яны называюць яго гіперактыўным. «Калі ласка, бацькі, прыміце меры, ваша дзіця не падпарадкоўваецца волі настаўніка...» А што такое актыўнасць? Ці можна ўвогуле вымераць яе ўзровень? Няма такога тэрмометра. Можна вымераць тэмпературу паветра або тэмпературу цела. Калі 36,6 — гэта норма, а калі вышэй ці ніжэй — то не. А якім прыборам будзем вымяраць дзіцячую актыўнасць? І ў кожнага настаўніка будзе свая «норма»...

Будзь у курсе!

Тэрмін «дзеці індыга» ўвялі ў абарачэнне эзатэрыкі. Вывучаючы аўры розных людзей, яны са здзіўленнем выявілі ўсё часцейшае з'яўленне дзяцей з аўрай цёмна-фіялетавага колеру, колеру індыга. Па гэтай адметнай прыкмеце і былі названыя незвычайныя дзеці новага часу. Яны неардынарна праяўляюць сябе ў вонкавым свеце і маюць зусім непадобную на папярэднія пакаленні сістэму каштоўнасцяў. Прыходзяць у гэты свет з адчуваннем сваёй значнасці, адчуваюць, што «заслужылі быць тут». У іх няма абсалютных аўтарытэтаў, яны не лічаць патрэбным тлумачыць свае ўчынкі і прызнаюць толькі свабоду выбару. Яны ўсё пра ўсё ведаюць і патрабуюць ад навакольных, каб з імі размаўлялі як з дарослымі людзьмі. Іх немагчыма напалохаць або прымусіць што-небудзь зрабіць, з імі можна толькі дамовіцца.

У мяне часта пытаюцца: «Як паводзіць сябе з гіперактыўнымі?» Гэта цікавіць і бацькоў, і педагогаў. Вось вам рэцэпт: у сям'і бацька павінен быць больш гіперактыўны, чым дзіця. А калі ён прыходзіць дадому, павячэраў і потым перамясціўся на канапу адпачыць, то навошта ўвогуле такі бацька? Для яго дзіця заўсёды будзе цяжкое ў выхаванні. А вось калі тата — рамантык, для якога не існуе ніякіх межаў, то з яго прыходам жыццё абавязкова зменіцца. І дзеці будуць яго чакаць: «Тата прыйшоў!»

Маладое віно ў старых мяхах

А які настаўнік скардзіцца на гіперактыўных дзяцей? Толькі гіперпасіўны. Педагог павінен быць творчым, вынаходлівым наватарам, тады і скаргаў на гіперактыўнасць не будзе, не будзе рознагалоссяў у класе. Дзеці бязмежныя ў сваіх здольнасцях, таму кожнаму патрэбен свой урок. Яны хочуць свабоды, а свабода — гэта выбар, што вучыць і як вучыць. Таму на адным уроку павінна быць столькі нарыхтовак, колькі ў класе дзяцей, — як матрошка ў матрошцы. Настаўнік павінен рыхтаваць вялікую матрошку да кожнага ўрока.

Малым гіперактыўнасць патрэбная для рэалізацыі і ўвасаблення той місіі, якую яны нясуць у сябе. Без прызначэння ніхто наогул не нараджаецца, але хтосьці яго знаходзіць, а хтосьці — не. Калі чалавек не знаходзіць свой шлях, гэта бяда, ён заўсёды будзе ўсім незадаволены: жыццём, сваім акружэннем, надвор'ем, заробкам... Усё таму, што стаіць не на сваёй, а на чужой сцяжынцы. Прыслухайцеся да сваіх дзяцей. Тое, што яны кажуць, можа гучаць дзіўна. «Маё дзіця — фантазёр», — кажуць бацькі. А яно не фантазіруе, а праўду кажа, толькі яго праўда не ўкладваецца ў свядомасць дарослых.

«Сіндром дэфіцыту ўвагі» — для мяне гэта не дыягназ, які патрабуе карэкцыі. Ён часта гучыць у бок дзяцей, чые патэнцыйныя магчымасці не задзейнічаны, ім не хочацца знаходзіцца на ўроку, бо там сумна.

Пакаленне індыга пакуль яшчэ прырастае. Калі гэта скончыцца — праз пяць ці праз дзесяць гадоў — планета сама вырашыць. Дзеці — іншыя, але педагогі не хочуць гэтага зразумець. Ці можна ў старых мяхах утрымліваць новае віно, маладое, якое кіпіць? Канешне, немагчыма: мяхі будуць разарваныя, і віно выльецца вонкі. Патрэбныя новыя мяхі. Вы жадаеце, каб дзеці перавысілі вашы чаканні, сталі лепшыя за вас, але педагагічныя інструменты для дасягнення мэты заржавелі. Трэба шукаць новыя...

Калі настаўнікі не зменяць сваё стаўленне да дзяцей і будуць «зацыкленыя» толькі на навучанні, то бяды не пазбегнуць. Пакуль у школе пануе аўтарытарызм, будуць і канфлікты, што мы паўсюдна і назіраем. Дзіця ператвараецца ў агрэсара, і педагог становіцца агрэсарам. Новае пакаленне не пацерпіць аўтарытарызму ні ў сям'і, ні ў школе. Трэба гэта, нарэшце, зразумець. Калі настаўнік больш любіць уладу над вучнямі, чым іх саміх, школьнікі рэагуюць адпаведна — бунтам!

Дамалюйце дзіця!

Аднойчы Шалва Аманашвілі атрымаў ліст ад маладой настаўніцы, якая маліла дапамагчы: падказаць, як зрабіць так, каб дзеці не перашкаджалі ёй на ўроку. (З падобным пытаннем да яго звярнуліся і ў Мінску: «Як наладзіць кантакт з класам, калі цябе не слухаюць?» — Аўт.)

— Я задумаўся і напісаў ёй: «У вас, напэўна, здаровая псіхіка. Таму можаце ўзяць даведку, пайсці у магазін па продажы зброі, купіць там вінтоўку і навесці яе на дзіця. І паглядзіце, ці будзе яно вас слухацца», — усміхаецца Шалва Аманашвілі. — Ёсць паняцце — настаўнік ад Бога. Калі б такога педагога не было ў маім жыцці, то і я не стаяў бы цяпер на гэтай сцэне. Яна прыйшла і выратавала мяне. 

Да шостага класа Шалва быў двоечнікам, замест урокаў катаўся па Тбілісі на трамваі.

— Бацькі няма, ён загінуў на фронце, маці дапамагчы мне не можа, педагогам было на мяне напляваць. І тут прыходзіць у школу настаўніца, якая стане маім асабістым духоўным выхавальнікам, — расказвае Шалва Аманашвілі. — Яна кліча мяне да сябе і кажа: «Хлопчык, дай мне паглядзець у твае вочы». І доўга так вывучае, у мяне ўжо мурашкі па целе пачынаюць бегаць, бо я не разумею, што адбываецца. А потым яна пытаецца: «Ты вершы пішаш?» «Не пішу», — шчыра адказваю я. «А ў цябе такі паэтычны погляд», — кажа яна. Сабрала вучнёўскія сшыткі і выйшла з класа. А я стаю ашаломлены. У мяне, аказваецца, паэтычны погляд! Нічога падобнага мне раней не казалі, ніводнага добрага слова... І вось іду я па вуліцах Тбілісі, дзе гуляюць паэты 40-х гадоў, ганаруся, бо ў мяне ж таксама паэтычны погляд! Гляджу раз-пораз у люстэрка... І, нарэшце, вырашыў сесці за вершы. Цяпер мне за іх сорамна, але тады я прыйшоў з імі да настаўніцы. А яна кажа: «Якая рыфма! Адкуль такі вобраз да цябе прыйшоў?» Гэты педагагічны метад называецца дамалёўваннем. Мяне дамалявалі, наклалі пэўную фарбу. Але як высока ўзнялася мая самаацэнка! Школу скончыў ужо з залатым медалём. А пазней і вершы ў мяне атрымаліся...

Звычайна настаўнікі ідуць да вучняў са сваім прадметам у руках. А трэба разам з вучнямі ісці да прадмета. Развіццё — гэта не атрыманне ведаў, а адкрыццё тых здольнасцяў, з дапамогай якіх мы атрымліваем веды. Не бывае неталенавітых дзяцей — бывае толькі абмежаваная педагогіка. Школа — гэта лесвіца для ўзыходжання дзіцяці. Толькі ад настаўніка залежыць, ці зможа самарэалізавацца пакаленне індыга.

Педагог на ўроку можа «памыліцца», а вучні яго папраўляюць і тым самым узвышаюцца. Але настаўнік не прызнаецца, што памыліўся знарок, што гэта і ёсць яго методыка. Ён, як добры акцёр, іграе сваю ролю, а дзеці нічога не заўважаюць.

Сучасныя адукацыйныя стандарты распрацоўваюцца на ўзроўні сярэдняга настаўніка. Мы быццам вядзём сваіх вучняў на могілкі: вось тут «пахаваная» фізіка, а тут — геаметрыя. Дзеці вывучаюць мёртвыя веды: 90 працэнтаў таго, што мы ім сёння даём, заўтра ўжо проста не спатрэбіцца.

Не забывайцеся: мы маем справу з бязмежна таленавітым пакаленнем дзяцей. Упэўнены, што яны павінны прыўнесці ў свет штосьці вельмі важнае, інакш навошта так шмат адоранасці? І наша задача — дапамагчы ім рэалізаваць свае здольнасці, а не пахаваць іх у дзяцінстве. Чаму часта выдатнікі, якія пераходзяць у сярэднюю школу, становяцца там сераднячкамі? А таму, што пачатковая школа не дае дзецям шырату мыслення, уменне аналізаваць, абагульняць, мець уласную думку...

Вашы шэдэўры

Выхаванне — такі феномен, пра які ў кожнага ёсць сваё меркаванне. Можна спыняць людзей на вуліцы і пытацца: «Маё дзіця сваволіць, не слухаецца, урокі рабіць не хоча, як быць?» І любы чалавек палічыць магчымым даць вам параду. Ніводны не скажа: «Я не педагог».

У выхаванні ніхто не ведае, у каго ісціна, бо адны і тыя ж метады могуць спрацаваць у дачыненні да аднаго дзіцяці і аказацца абсалютна бессэнсоўнымі ў дачыненні да іншага. Выхаванне — гэта вельмі тонкае мастацтва, духоўнае сілкаванне стрыжня дзіцяці. Вакол нас вельмі шмат хлусні. З тэлевізара льюцца магутныя патокі хлусні.
А мы памылковыя думкі нясём дзецям як ісціну.

Чым больш ты караеш дзіця, тым горш, тым больш моцнае будзе супраціўленне. Калі дзіця падрасце, гадоў у трынаццаць яно цалкам выйдзе з-пад вашага кантролю. Дзіцяці трэба дарыць ласку, любоў, спагаду і дараванне...

Успрымайце дзіця як з'яву ў вашым жыцці. І стаўцеся да яго адпаведна, у першую чаргу без раздражнення, таму што калі маці ці бацька раздражняюцца, не ідзе гаворка ні пра якое выхаванне, а толькі пра разбурэнне ўжо створанага. А калі выхаванне правалілася, пачынаецца перавыхаванне, што яшчэ горш.

Памятайце, што дзіця нараджаецца не дзеля таго, каб працягнуць ваш шлях ці рэалізаваць вашы амбіцыі. Нельга навязваць яму прафесію, густы, ацэнкі. Трэба даць яму магчымасць прайсці свой шлях, пражыць сваё жыццё і выканаць сваю місію. Не выхоўвайце дзіця для сябе, яно не ваша ўласнасць. Выхоўвайце яго для свету. Свет чакае вашых шэдэўраў!

Даведка:

Шалва Аманашвілі — грузінскі, савецкі, расійскі педагог-наватар. Доктар псіхалагічных навук, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі,  прафесар. Уладальнік шматлікіх званняў і ўзнагарод, у тым ліку “Рыцар дзяцінства”, “Настаўнік Вялікай Расіі”, лаўрэат прэміі ўрада Расійскай Федэрацыі. Аўтар больш як 20 кніг, многія з якіх сталі класікай выхаваўча-педагагічнай літаратуры.

Заснаваў больш за 200 цэнтраў і лабараторый гуманнай педагогікі ў Расіі, Украіне, Беларусі, Кіргізіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Эстоніі. З'яўляецца навуковым кіраўніком шэрагу эксперыментальных школ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Ці не заржавелі педагагічныя інструменты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».