Вы тут

Вучні сярэдняй школы № 144 Мінска уручалі настаўнікам яблыкі


Падрыхтавалі вучні 8 «А» класа сярэдняй школы № 144 Мінска ў якасці сімвалічнага падарунка да прафесійнага свята педагогаў. З кошычкамі сакавітай садавіны трое вучняў сустракалі на ўваходзе настаўнікаў і кожнаму ўручалі чырванабокі, перавязаны стужкай яблык.


Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Пікулік.

Астатнія школьнікі класа віншавалі педагогаў на іншых паверхах. Іх «святочная служба» скончылася ў восем раніцы, а Руслана Краўцова, Уладзіслаў Жданько і Кірыл Меляняка дзяжурылі на пасту, пакуль у школу не прыйшлі ўсе настаўнікі. Уручыць яблык, усмешку і добры настрой было іх учорашнім абавязкам.

Чаму служба і абавязак? Проста 8 «А» на гэтым тыдні дзяжурны па школе: усе вучэбныя дні яны адказныя за сталоўку, урокі і, вядома, святкаванне. У панядзелак вахту пяройме іншы клас.

— Мы ўжо віталі настаўнікаў кветкамі, цукеркамі, дробнымі падарункамі. Цяпер вырашылі: паколькі зараз восень, будзе добра пачаставаць прыгожымі яблыкамі, — кажа Руслана.

Прыйшлі актывісты-выдатнікі, як кажа пра вучняў іх класны кіраўнік Людміла КАЗАЧОНАК, — яшчэ васьмі не было. А яблыкі ўпрыгожвалі стужкамі дома ў хлопцаў.

— Мама, канешне, дапамагала, — прызнаецца Кірыл, а на маё правакацыйнае пытанне «колькі сам з'еў?» адказвае, што ў яго на яблыкі алергія, так што ніводнага.

Ва ўсіх настаўнікаў, якія спяшаліся на работу як у звычайны дзень, пасля ўручэння яблыкаў спачатку на твары лёгкая разгубленасць, затым — шчырая ўсмешка і падзяка.

— Малайцы, здзівілі, прыемны падарунак, — смяецца педагог-арганізатар Васіль ГАЛАВЕШКА, які толькі што атрымаў свой яблык. — Мне ўдвая гэта прыемней, бо звычайна я адказны за нешта падобнае.

Педагог-арганізатар Васіль Галавешка.

— Мне дзеці насамрэч заўжды ўсміхаюцца. Мы заўсёды знаходзім агульную мову, а сёння дык тым больш, — дзеліцца ўражаннямі Васіль ЗЕЛЯНОЎ, настаўнік інфарматыкі, які жартуе з дзяжурнымі святкавальшчыкамі і падбадзёрвае іх на пачэсным пасту.

Настаўнік інфарматыкі Васіль Зеляноў.

— Некаторыя ад нечаканасці нават увесь кошык намагаліся схапіць, — смяюцца школьнікі. Яны толькі што высвятлялі праз гульню «камень-нажніцы-папера», хто будзе ўручаць яблык галоўнаму педагогу школы — дырэктару.

Школе, дарэчы, сёлета спаўняецца 40 гадоў. З датай святкавання яшчэ не вызначыліся, аднак цёплая сямейная атмасфера тут заўжды, кажа дырэктар, якая толькі ўвайшла ў дзверы і атрымала свой яблык.

Дырэктар школы Жанна Лазарчык.

— У нас традыцыі ўсе прыемныя. Школа наша невялікая, і я ведаю кожнага асабіста. Ужо шмат гадоў мы не проста вучымся тут, а жывём у ёй. Аднак такі сюрпрыз нечаканы, — прызнаецца задаволеная Жанна ЛАЗАРЧЫК, дырэктар школы. — Мы планавалі свята ў выхадны дзень, а сёння настройваліся на звычайную рабочую пятніцу.

Што ж, стварыць настаўніку з ранку добры настрой — пэўна, і ёсць самы лепшы падарунак.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Яблыкі для настаўнікаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.