Вы тут

Напярэдадні Дня настаўніка найлепшыя педагогі з усёй краіны наведалі Палац Незалежнасці


Настаўніцай хіміі ў гімназіі № 2 горада Бабруйска Алена ВЯНГЛІНСКАЯ працуе ўжо 17 гадоў. У 2002-м залатая медалістка, выпускніца гэтай установы адукацыі вярнулася ў родную гімназію ў якасці выкладчыцы. У школьныя часы яна перамагала ў абласных алімпіядах, а сёння ўжо яе вучні заваёўваюць званне найлепшых не толькі ў краіне, але і за яе межамі. На лацкане яшчэ маладога педагога ўжо блішчыць медаль — «Выдатнік адукацыі». Як і знак пашаны, ззяюць вочы Алены Уладзіміраўны, і адразу верыш, што ад сваёй работы яна атрымлівае асалоду. На думку настаўніцы, сакрэт «хіміі» адносін паміж вучнямі і выкладчыкамі просты — пачуццё меры, добразычлівасць і шчырая зацікаўленасць. Пазнаёміліся карэспандэнты «Звязды» з Аленай Вянглінскай у Палацы Незалежнасці. Яе і яшчэ амаль 60 калег (найлепшых з усёй Беларусі) напярэдадні прафесійнага свята запрасілі на экскурсію ў самы прыгожы адміністрацыйны комплекс краіны.


Пачалася экскурсія з самай вялікай часткі палаца — залы ўрачыстых цырымоній. Там адбываюцца маштабныя святочныя падзеі з удзелам вялікай колькасці гасцей. Зала ўпрыгожана манументальнымі пано, карцінамі, фотаработамі і скульптурамі найлепшых майстроў Беларусі.

Усяго ў комплексе 20 залаў выконваюць прадстаўніцкія функцыі. Госці наведалі большую частку з іх. Асабліва цікавай была «зялёная» зала, дзе адбываліся перагаворы нармандскай чацвёркі. Многія з настаўнікаў хацелі пасядзець за сталом перагавораў, за якім падзеі ва Украіне абмяркоўвалі лідары Расіі, Германіі, Францыі і Украіны.

Падобная на «зялёную», «камінная» зала, па словах экскурсавода, — самая любімая ў Прэзідэнта. Менавіта там адбываецца большасць сустрэч у вузкім фармаце: 200—250 у год. Асаблівая частка памяшкання — электрычны камін, але ўключаюць яго ўсяго некалькі разоў у год па жаданні высокіх гасцей.

Маштабам уразіла настаўнікаў вялікая зала прыёмаў, якая задзейнічана падчас важных свят. Там ушаноўваюць абаронцаў Айчыны, ладзяць сустрэчы да Міжнароднага дня жанчын.

Не маглі абысціся без фота госці і ў «чырвонай» зале. Яна асаблівая з многіх прычын. Тут адбываюцца толькі рабочыя нарады з кіраўніцтвам краіны, і да таго ж у 2017-м з навагоднім віншаваннем да беларусаў Прэзідэнт звяртаўся з гэтай залы.

Наведалі настаўнікі і адну з любімых (па словах экскурсавода) залаў Уладзіміра Пуціна — «Слуцкую». Сваю назву яна атрымала ад арнаменту на сценах, які ўвасобіў у сабе матывы малюнкаў на слуцкіх паясах.

Некаторыя з удзельнікаў экскурсіі зайшлі ў знаёмае месца ў палацы — залу ўручэння дзяржаўных узнагарод, дзе яны атрымлівалі свае знакі пашаны з рук Прэзідэнта.

Зацікавіла прысутных і экспазіцыя фота з прыватнага архіва Прэзідэнта. На ёй можна ўбачыць здымкі Аляксандра Лукашэнкі ў дзіцячыя, студэнцкія і армейскія гады.

Асаблівае ўражанне зрабіў на гасцей зімовы сад. Пад купалам палаца ў стаўку плаваюць рыбкі, чарапахі і б'е фантан. Ну і, вядома, дзівосныя, унікальныя рэчы змешчаны
у Музеі падарункаў.

Скончылася экскурсія для настаўнікаў у прывычным для многіх журналістаў месцы — прэс-цэнтры. І калі для нас гэта звыклае месца працы, то для гасцей Палаца Незалежнасці яно, як і іншыя, было надзвычай цікавае.

Пасля экскурсіі наша новая знаёмая Алена Вянглінская адзначыла, што адміністрацыйны комплекс уразіў яе сваімі маштабам, дызайнам. Але асаблівы гонар за тое, што ўсё зроблена рукамі айчынных майстроў. Падтрымала яе думкі і выкладчык рускай мовы і літаратуры Ірына САЎКІНА з гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны горада Мінска:
«Уражвае. Грандыёзнае месца. Рада, што ў нашай краіне ёсць такі прыгожы комплекс. Асобна адзначу, што ўсе работы, якія мы бачылі, зроблены нашымі таленавітымі майстрамі».

Настаўнікі з радасцю падзякавалі за такі цікавы і пазнавальны падарунак да іх свята. Але ўсё ж такі прызналіся, што найбольш чаканы і дарагі падарунак — словы ўдзячнасці ад іх вучняў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Падарунак да свята


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».