Вы тут

Каля Манумента Дружбы новы ландшафтны дызайн


Тэрыторыя вакол знакамітага помніка на граніцы трох краін набыла закончаны выгляд. Валанцёры БРСМ актыўна падключыліся да гэтай справы.


На прыграніччы Беларусі, Расіі і Украіны закладзена ландшафтная кампазіцыя, якая стала сапраўдным упрыгожаннем адноўленага Манумента Дружбы. У работах прыняла ўдзел моладзь з Добрушскага раёна і Гомеля.

Аснову зялёнай зоны складаюць серабрыстыя вербы. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала адзначае, што самы высокі ўзровень кампазіцыі сімвалізуе старэйшае пакаленне, тых, хто стаяў ля вытокаў традыцый сумесных мерапрыемстваў каля манумента, якія пачалі праводзіць у далёкім 1962 годзе:

— Сучаснасць — кампактныя вытанчаныя вербы, а ярус спірэй сімвалізуе будучыя пакаленні. У трох узроўнях кампазіцыі ўвасоблена ідэя пераемнасці пакаленняў — тых, хто закладваў традыцыі правядзення сустрэч моладзі трох краін каля манумента, тых, хто гэтыя традыцыі павінен захаваць, і тых, каму іх перададуць і хто іх прымножыць. Таму мы вельмі спадзяёмся на тое, што хутка тут зноў будуць гучаць галасы і смех моладзі трох краін.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі стала працягам праведзеных сёлета работ па рамонце памятнага знака на мяжы трох краін. Даручэнне давесці да ладу манумент, які пачаў разбурацца за апошнія гады, даў сёлета ў лютым Прэзідэнт Беларусі. На гэтыя работы было накіравана каля Br2 млн.

Над праектам маштабнага аднаўлення знакавага месца працавалі спецыялісты ААТ «Інстытут Гомельграмадзянпраект». Захаваны барэльефы гербаў трох краін, адрамантаваны пілоны, пакладзены новыя гранітныя прыступкі, з'явілася тратуарная плітка, выкладзеная ў выглядзе вышыванкі. Пры добраўпарадкаванні выкарыстоўваліся высакаякасныя матэрыялы.

Нагадаем, што Манумент Дружбы ў гэтым кутку прыгранічнай тэрыторыі быў пабудаваны ў 1975 годзе — у гонар 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да 2014 года тут праводзіліся сустрэчы моладзі трох краін. Беларусь, Расія і Украіна штогод па чарзе прымалі гасцей. Тут праходзілі сустрэчы першых асоб трох дзяржаў, прыёмы дэлегацый, падпісанне дамоў пра супрацоўніцтва, творчыя і спартыўныя спаборніцтвы...

Пяць гадоў, як мерапрыемства ў трохбаковым фармаце на скрыжаванні трох граніц перастала праводзіцца. Фестываль апошнім часам праходзіць па чарзе ў прыгранічных гарадах Расіі ці Беларусі. І вось зноў з'явіўся шанц згуртаваць усходнеславянскія народы. Пра адраджэнне сустрэч каля манумента, які ў народзе па-ранейшаму называюць «Тры сястры», мараць усе простыя людзі, што жывуць, маючы сваякоў і сяброў па ўсе бакі трох граніц. Беларусы спадзяюцца, што фестываль «Славянскае адзінства» ўжо налета зможа вярнуцца на сваю родную пляцоўку.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.