Вы тут

Сімвалам святкавання тысячагоддзя Брэста стала Біблія, якая зараз дэманструецца на выстаўцы


Больш за дзесяць гадоў таму, калі ў Брэсце сталі праводзіцца навуковыя канферэнцыі па мясцовых кнігазборах, калі сюды паехалі навукоўцы па кніжнай справе з многіх краін, ніхто не мог сцвярджаць, што Біблія адносна хутка вернецца ў горад, дзе яна ўбачыла свет. Тады ўпершыню адкрыта загаварылі пра галоўны культурны сімвал ХVІ стагоддзя. А шырокую грамадскасць з гэтай тэмай пазнаёміла Ала МЯСНЯНКІНА, тагачасны намеснік дырэктара абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага. Пра Берасцейскую Біблію даведаліся кіраўнікі горада і вобласці, прадстаўнікі дзелавых колаў, мецэнаты.


Коратка нагадаю, што знакамітая кніга выйшла ў свет па загадзе і за сродкі берасцейскага старасты і канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён запрасіў найлепшых на той час мастакоў Еўропы і перакладчыкаў. Кніга была выдадзена ў Брэсцкай друкарні ў 1563 годзе. Яе тыраж, як раней лічылі, складаў больш за 500 экзэмпляраў, цяперашнія даследчыкі дапускаюць, што было выпушчана ў два разы больш паасобнікаў.

Арыгіналы кнігі захаваліся ў розных краінах. Не было іх толькі ў нас. Праўда, у Брэсце некалькі гадоў таму з'явіўся фрагмент адной з кніг, а пра сапраўдны і поўны арыгінал даводзілася толькі марыць. І вось на святкаванні 1000-годдзя горада, як ужо шырока паведамлялася, Біблія вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Адну з кніг выкупілі на еўрапейскім аўкцыёне прадстаўнікі бізнесу. Яе ў дар гораду перадаў Прэзідэнт краіны. Ён тады адзначыў, што, паводле меркавання продкаў, горад, у якім выдавалася такая кніга, знаходзіцца пад асаблівай абаронай нябёсаў.

Літаральна праз некалькі дзён пасля святкавання бібліятэкі і музеі горада атрымалі таксама надзвычай каштоўныя падарункі — паасобнікі факсімільнага аднаўлення самага загадкавага, прыгожага і дарагога выдання ў айчыннай гісторыі — знакамітай Брэсцкай Бібліі. Работу выканала Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры фінансавай падтрымцы кампаніі «Белнафтастрах». І вось у Брэсце прайшла прэзентацыя факсімільнага выдання. Чытачы цэнтральнай гарадской бібліятэкі, якія сабраліся ў чытальнай зале, маглі дакрануцца рукой да гэтай незвычайнай кнігі, а хто здолеў — нават падняць яе. Усё-такі выданне важыць 15 кілаграмаў, і не кожны адважыўся патрымаць гэты скарб. Але ж убачыць на свае вочы прыгожы фаліянт, дакладна такі, які некалі выходзіў з рук майстроў друкарскай справы на тэрыторыі цяперашняй крэпасці, было ўжо падзеяй.

Прадстаўляў брастаўчанам факсімільнае выданне намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання, аўтар даследавання пра Брэсцкую Біблію Аляксандр СУША. Ён аспрэчыў некаторыя міфы, якія трывала прыжыліся вакол Бібліі. Адзін з самых распаўсюджаных, дарэчы, не раз агучаны падчас канферэнцый у Брэсце як навуковая версія, што пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага яго сын Юрый, заўзяты каталік, загадаў спаліць пратэстанцкае выданне. Кнігі палілі ў двары Нясвіжскага палаца і на адной з плошчаў Вільні. Аляксандр Суша лічыць, што гаспадары гэтай кнігі, якая каштавала больш, чым цэлая вёска з сялянамі, не маглі пайсці на гэта. Наадварот, Біблію шанавалі, бераглі, часам бацькі перадавалі кнігу ў пасаг дочкам, і гэта быў багаты дар. А той факт, што ў свеце вядома больш за 130 экзэмпляраў кнігі, сведчыць аб яе добрай захаванасці.

З часам мы ўбачым і арыгінал Берасцейскай Бібліі ў музеі гісторыі горада. Пакуль яна захоўваецца ў металічным сейфе ў чаканні спецыяльнай вітрыны, у якой будуць падтрымлівацца неабходны тэмпературны рэжым і аптымальны ўзровень вільготнасці. Бо, як заўважыла дырэктар названага музея Святлана ТАМЧУК, мы павінны захаваць для нашчадкаў кнігу, якая ўжо перажыла амаль пяць стагоддзяў. І вядома, арыгінальная Біблія будзе за вітрынай, а факсіміле можна разгледзець, пагартаць, убачыць скураны пераплёт, металічныя засцежкі.

На прэзентацыі таксама гаварылі пра найвялікшы сэнс вяртання Брэсцкай Бібліі як акта гістарычнай справядлівасці. Сёння Біблію можна набыць і прачытаць на любой мове. Але ж гэтая разнастайнасць мела свае вытокі, а Берасцейская Біблія і ёсць адна з такіх крыніц. Бо яе перакладалі на польскую з арыгіналаў — іўрыта і грэчаскай, а не з перакладаў. А польская мова тады была мовай міждзяржаўных зносін, як цяпер, скажам, руская альбо англійская. І магчымасць такога выдання, гэтага, як цяпер сказалі б, праекта, гаворыць пра асаблівае значэнне і маштаб Берасця. Горад быў адным з лідараў эпохі Адраджэння, а затым і Рэфармацыі. І яшчэ сімвалічным бачыцца, што выдадзеная ў верасні 1563 года знакавая кніга, у верасні ў Брэст і вярнулася.

Ала Мяснянкіна, пра якую я згадвала на самым пачатку, гаварыла аднойчы на канферэнцыі: «Святыні вяртаюцца тады, калі прыходзіць час ім вяртацца. Спадзяёмся, што гэты час калі-небудзь прыйдзе. Брэсцкая Біблія вернецца ў Брэст. І гэта будзе азначаць пачатак новага жыцця для горада і яго насельнікаў».

Вельмі шкада, што Ала Міхайлаўна не дачакалася гэтай значнай і знакавай падзеі. Яна заўчасна памерла літаральна за месяц да юбілею горада. А на памянёнай прэзентацыі прагучала прапанова назваць адну з вуліц горада яе імем. Такім чынам будзе ацэнены ўклад бібліятэкара ў вяртанне на гістарычную радзіму адной з галоўных славутасцяў старажытнага Берасця і аднаго са скарбаў Беларусі. Можна спадзявацца, што так і будзе. І пра Біблію не толькі загавораць на ўроках гісторыі, але і прывядуць дзетак у бібліятэкі, музеі і пакажуць ім наш скарб. Як было ўжо ў гарадской бібліятэцы. Яе дырэктар Святлана ГАРАДЗЕЦКАЯ сказала, што вучні адной са школ, якія прыйшлі на экскурсію ў ліку першых, былі ў захапленні ад гэтай кнігі, нехта параўноўваў яе са сваімі падручнікамі, іншыя згадвалі, дзе яшчэ былі на экскурсіях і якія незвычайныя кнігі бачылі. Думаю, трэба вадзіць сюды дзяцей як мага часцей. Менавіта ім расказваць пра шматлікія прароцтвы, што вяртанне Бібліі паспрыяе росквіту горада, стане пачаткам яго новага жыцця.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Час вяртання святыняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».