Вы тут

Ці стане Зямля чырвонай планетай?


Вучоныя заяўляюць, што сёлетні ліпень прызнаны самым спякотным месяцам за ўсю гісторыю назіранняў і, хутчэй за ўсё, 2019-ы ўвойдзе ў пяцёрку самых гарачых гадоў. Перыяд за 2015—2019 гады (зноў жа рэкордны па высокіх тэмпературах) сведчыць, што глабальнага пацяплення не пазбегнуць. Сярэдняя тэмпература ўжо паднялася на 1,2 градуса і будзе працягваць расці. Вучоныя ўсяго свету папярэджваюць аб пагрозах жыццядзейнасці чалавека і яго здароўю. Пацяпленне адаб'ецца на водазабеспячэнні, харчовай бяспецы, эканоміцы. Геафізічныя катастрофы, звязаныя са змяненнем клімату, за перыяд з 1998 года ўжо забралі жыцці аднаго мільёна 300 тысяч чалавек. Эксперты лічаць, што прамыя эканамічныя страты ў выніку прыродных катаклізмаў ацэнены амаль у тры трыльёны долараў. І гэта толькі пачатак крызісу.


Мы пачынаем бой

Усе гэтыя праблемы, а таксама шляхі іх вырашэння нядаўна разглядаліся на Саміце па клімаце, што прайшоў у Нью-Ёрку. У ім прымалі ўдзел сусветныя лідары, члены ўрадаў, прадстаўнікі бізнесу і грамадства. Галоўная мэта саміту — узгадніць план дзеянняў па выкананні Парыжскага пагаднення, прынятага ў 2015 годзе. У гэтым дакуменце дзяржавы (а дакумент ратыфікавалі 186 краін, у тым ліку і Беларусь) дамаўляліся аб тым, што будуць рабіць усё магчымае для таго, каб утрымліваць пацяпленне ў межах двух градусаў Цэльсія ў параўнанні з паказальнікамі даіндустрыяльнай эпохі. Цяпер размова вядзецца пра тое, што патрэбна і магчыма скараціць рост тэмператур на 1,5 градуса.

— Змены клімату — галоўная бітва нашага жыцця, якую мы можам і павінны выйграць, — заўважыла падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанна Казана-Вішнявецкі. — У нас ёсць неабходныя інструменты, тэхналогіі, веды. А чаго не хапае, так гэта палітычных рашэнняў. У першую чаргу трэба спыніць будаўніцтва новых вугальных электрастанцый і зрабіць гэта да 2020 года. Нам патрэбна зялёная, а не шэрая эканоміка. Але многія краіны, у тым ліку і Еўрапейскага саюза, да гэтага часа фінансуюць станцыі, якія працуюць на вугалі. Важным з'яўляецца інвеставанне ў чыстую энергетыку і энергаэфектыўнасць. Наступны прыярытэт — мадэрнізацыя жылых дамоў (і наогул усяго асяроддзя чалавека: офісаў, школ, садкоў і іншага). Будынкі павінны быць энергаэфектыўныя. Трэба знізіць утрыманне вугляроду ў працэсе вытворчасці цэменту, пластыку і сталі; перайсці на электратранспарт, больш выкарыстоўваць грамадскі, а не індывідуальны транспарт.

Найбольшы ўплыў на змены клімату аказваюць гарады. Па даных ААН—Хабітат, гарады спажываюць 78 працэнтаў сусветнай энергіі і даюць каля 60 працэнтаў выкідаў парніковых газаў. Пры гэтым яны займаюць менш за два працэнты паверхні зямлі. Становішча пагаршаецца яшчэ і таму, што скарачаецца колькасць зялёных зон. Таму сёння чалавецтву трэба перагледзець падыходы да выкарыстання энергетычных, зямельных рэсурсаў, мяняць інфраструктуру. Гарады ва ўсім свеце пачалі прымаць меры па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і праводзіць палітыку заахвочвання выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі. Шмат залежыць і ад паводзін насельніцтва. Так, гараджане, якія з аўтамабіляў перасаджваюцца на ровары, такім чынам садзейнічаюць скарачэнню забруджвання паветра.

На колькасць парніковых газаў уплывае нават тое, якую ежу мы ўжываем. Адна справа, калі мы выбіраем раслінную, другая — мяса, пры вытворчасці якога большы выкід парніковых газаў.

Як заўважыла Іаанна Казана-Вішнявецкі, глабальныя фінансавыя выдаткі, накіраваныя на барацьбу з кліматычнымі зменамі, выраслі ў апошнія чатыры гады на 17 працэнтаў. Гэта станоўчая тэндэнцыя, але рэсурсаў для вырашэння праблемы пакуль яшчэ не хапае.

Час не церпіць

Эксперт ААН/ЭС у галіне змен клімату Аляксандр Грабянькоў прадэманстраваў графікі і карты, на якіх некаторыя краіны пафарбаваны ў чырвоны колер, што сведчыць пра небяспеку. Прагнозы пра тое, што чакае нашу планету, калі чалавецтва не будзе рабіць ніякіх захадаў, даволі песімістычныя. Так, да 2100 года сярэдняя глабальная тэмпература можа вырасці на пяць працэнтаў вышэй за аптымальны клімат. Напрыклад, для Беларусі гэта азначае, што знікнуць яловыя лясы і мы станем стэпавай краінай.

Апошнія 20 гадоў у Беларусі былі самымі спякотнымі за 130 гадоў назірання. У выніку змен клімату, з аднаго боку, павялічыўся цёплы і вегетацыйны перыяд і сфарміравалася новая агракліматычная зона, але ўраджай асноўных відаў культур стаў менш стабільны. Зніжэнне ўзроўню грунтовых водаў, пажары, ураганы, размнажэнне шкоднікаў і развіццё хвароб негатыўна адбіваюцца на лясной гаспадарцы. Калі тэмпературы будуць расці, гэта можа паўплываць на якасць пітной вады і на здароўе людзей.

— Часу зусім няма. Калі прымалася Парыжскае пагадненне, меркавалася, што ўсе краіны пачнуць дастаткова хутка зніжаць выкіды на 1,5 працэнта ў год. Мы не тое што не паспяваем рэалізаваць планы, а наадварот. Нягледзячы на нашы амбіцыі, усе краіны павялічваюць выкіды (за апошнія 10 гадоў яны раслі з хуткасцю 3,5 працэнта ў год). Колькасць жыхароў на планеце Зямля працягвае павялічвацца. А калі паглядзець на графікі з глабальнай колькасцю насельніцтва і глабальнымі выкідамі, можна ўбачыць, што яны амаль ідэнтычныя, — гаворыць прадстаўнік ААН.

— Калі разлічвалася, што скарачэнне выкідаў на 1,5 працэнта ў год — рэальная лічба, чаму яна да гэтага часу недасягальная? — спыталі журналісты.

— Планета не можа зрабіць такі хуткі крок. Краіны яшчэ не гатовы, няма інфраструктуры. Узяць тую ж Беларусь, яна не зможа павярнуцца хутчэй, чым дазволіць эканоміка. Так і з іншымі краінамі. Яшчэ не працуюць механізмы, якія прапануе Парыжскае пагадненне. Сярод іх — узаемнае фінансаванне, абмен вугляроднымі квотамі, дапамога краінам, якія развіваюцца, каб яны скарачалі выкіды. У той жа час страты ад невыканання нашых абавязкаў перад прыродай могуць з кожным годам расці. Вялікія выдаткі звязаныя з пераадоленнем наступстваў прыродных катастроф. Калі сітуацыя пагоршыцца, каля паўмільярда чалавек вымушаны будуць перасяляцца, а гэта таксама патрабуе сродкаў. Але справа не толькі ў грошах, важна мяняць палітыку, выкарыстоўваць матывуючыя інструменты, якія дазволілі б бізнесу ісці па правільным кірунку.

Экспертаў засмучае, што Парыжскае пагадненне арыентуецца на індывідуальныя абавязацельствы краін, не ўстанаўлівае ніякіх забарон ці пакаранняў для «вытворцаў выкідаў», што, натуральна, не матывуе прадпрыемствы на змены ў «зялёны» бок. Але Парыжскае пагадненне ўводзіць механізмы, якія дазволяць бізнесу справіцца з задачай па скарачэнні выкідаў. Дарэчы, у Германіі ўрад ужо сёння спрабуе іх выкарыстоўваць. Тут будуць штрафаваць за выкіды, у выніку чаго рабіць бізнес па старых тэхналогіях стане дорага. У той жа час пры пераходзе на новыя тэхналогіі прадпрыемствы змогуць атрымліваць пэўныя фінансавыя выгады, напрыклад гранты і льготы.

Бясспрэчна, і Беларусі трэба сачыць за тым, якія экалагічныя рашэнні прымаюць іншыя краіны. І не толькі для таго, каб змагацца з пацяпленнем клімату, а каб быць канкурэнтаздольнай краінай. Мы не выжывем у новых эканамічных умовах, калі не будзем развіваць вугляроданейтральныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі.


Электробусы супраць пацяплення

Рэспубліка Беларусь стала краінай Парыжскага пагаднення 20 верасня 2016 года — першай з усіх краін СНД і 30-й у свеце — і за гэты час паспела зрабіць вельмі шмат для пераходу да зялёнай эканомікі. Так, яна выконвае свае абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на 28 працэнтаў і гатова заявіць пра больш амбіцыйныя планы — да 2030 года знізіць выкіды на 33 працэнты ў параўнанні
з 1990 годам.

Для выканання абавязацельстваў па Парыжскім пагадненні ўрадам Беларусі зацверджаны план мерапрыемстваў. Адно з рашэнняў, якое спрыяе набліжэнню краіны да вугляроднай нейтральнасці, — пераход на электрычны транспарт. Прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў высокага ўзроўню, якія рэгулююць гэтую сферу.

Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, у нашай краіне распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў буйных гарадах на электрычную цягу. У Беларусі вырабляюцца ўсе віды пасажырскага электратранспарту, ёсць уласныя інавацыйныя распрацоўкі электрамабіляў. На сёння эксплуатуецца 83 адзінкі электробусаў вытворчасці кампаніі «Белкамунмаш». Цяпер кампанія займаецца распрацоўкай новага электробуса, які будзе адпавядаць патрабаванням Еўрасаюза і можа экспартавацца ў краіны, што ўваходзяць у яго склад.

Неабходна яшчэ шмат зрабіць для развіцця інфраструктуры. Тут не абысціся без каардынацыі намаганняў краін па фарміраванні адзіных падыходаў да абсталявання зарадных станцый, станцый тэхнічнага абслугоўвання. Тады Беларусь магла б стаць сапраўдным калідорам для электратранспарту, які перамяшчаецца з Заходняй Еўропы на ўсход або з поўначы на поўдзень.

Беларусь імкнецца стаць нізкавугляроднай краінай да 2050 года. У ліку канкрэтных мер на шляху да гэтай мэты — больш шырокае выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля, укараненне ў эканоміку нізкавугляродных і безвугляродных тэхналогій, увядзенне вугляроднага падатку і стварэнне нацыянальнага вугляроднага рынку. Паралельна краіна працуе над зніжэннем выкідаў парніковых газаў і павышэннем іх паглынання прыроднымі экасістэмамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Інфаграфіка Аляксандра АСІПЕНКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?