Вы тут

Што адбываецца ў Перу?


Гэтыя дні дакладна ўвойдуць у гісторыю старажытнага Перу. У пачатку тыдня прэзідэнт лацінаамерыканскай дзяржавы Марцін Віскара абвясціў аб роспуску Кангрэса (аднапалатнага парламента) і правядзенні датэрміновых выбараў, перадалі сусветныя інфармагенцтвы. Гэта адбылося пасля таго, як дэпутаты вылучылі ў склад Канстытуцыйнага трыбунала людзей, якія, на думку кіраўніка краіны, могуць быць уцягнутыя ў карупцыйныя схемы. «Мы зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб зладжана ісці наперад разам з парламентам. Аднак відавочна, што перашкоды не канчаюцца, калі гаворка заходзіць аб абароне карупцыі, таму па гэтым пытанні пагадненне немагчымае», — заявіў Віскара. Аднак неўзабаве парламент абвясціў, што сам адхіляе прэзідэнта на год з-за яго «маральнай няздольнасці» кіраваць краінай, паведаміла Thе Nеw Yоrk Tіmеs. Чаму ліхаманіць Перу?


Прынада для іншапланецян

Аж да сярэдзіны ХVІ стагоддзя тэрыторыя Перу была цэнтрам імперыі інкаў — аднаго з найбольш высокаразвітых індзейскіх плямёнаў, якое здолела ўладкавацца ва ўмовах суровага высакагорнага клімату. Цяпер гэта трэцяя па плошчы (пасля Бразіліі і Аргенціны) краіна Паўднёвай Амерыкі. У сучасным Перу насельніцтва ўмоўна падзяляецца на тры часткі па колькасці ландшафтных тэрыторый у краіне. Найбольш заселеныя — коста (узбярэжжа Ціхага акіяна) і сьера (прылеглыя горныя даліны), менш за ўсё — сельва Амазонкі на ўсходзе.

Перу — аграрная дзяржава з высокаразвітой горназдабыўной і апрацоўчай прамысловасцю. Каля чвэрці валавога ўнутранага прадукту краіны (звыш 220 мільярдаў долараў) прыпадае на здабычу і перапрацоўку рэсурсаў: металаў, нафты, прыроднага газу. Перу — буйны экспарцёр. Летась краіна заўважна нарасціла аб'ёмы паставак на знешнія рынкі. «У 2018 годзе перуанскі экспарт склаў 47 мільярдаў 702 мільёны долараў, паказваючы рост апошнія тры гады, і перавысіў гістарычны рэкорд 2012-га (46 мільярдаў 359 мільёнаў долараў)», — паведаміла міністэрства знешняга гандлю і турызму Перу. Найбольш істотны рост паказаў аграсектар (15 %), хімічная (12 %) і металургічная (12 %) галіны, прадукцыя рыбалоўства (26 %). Перу стала другой краінай у свеце (пасля Мексікі) па аб'ёме экспарту авакада, які дасягнуў 793 мільёнаў долараў. Краіна таксама нарасціла пастаўкі прыроднага газу (на 35 %), нафты і яе вытворных (на 16 %).

Сельская гаспадарка фарміруе каля 10 працэнтаў ВУП, а пераважная доля эканомікі (у рэчышчы сучасных трэндаў) грунтуецца на сферы паслуг. Тут перш за ўсё варта згадаць турызм. Многія здзівяцца, але самая наведваемая краіна Паўднёвай Амерыкі зусім не Аргенціна або Бразілія, а Перу. Рэшткі старажытных цывілізацый (адна крэпасць Мачу-Пікчу чаго вартая!) і знакамітая на ўвесь свет кухня, маляўнічыя горы і амазонская сельва, цудоўныя пляжы і бяспека прыцягваюць сюды мільёны людзей. У «краіне інкаў» рэалізуюцца і ўвогуле ўнікальныя праекты — напрыклад, летась была праведзена серыя канферэнцый па ўзгадненні будаўніцтва... іншапланетнага пасольства. Не ведаю як прыцягненню касмічных цывілізацый, а пашырэнню турыстычнага патоку гэтая мера дакладна паспрыяе.

Як бачым, у Перу ёсць усе падставы для дынамічнага росту. Нездарма адной з асноўных задач у сваёй прамове парламенту пасля ўступлення на пасаду 24 сакавіка мінулага года прэзідэнт Марцін Віскара назваў эканамічнае развіццё рэспублікі. «Мы ведаем, што для росту нашай краіне неабходна быць канкурэнтаздольнай і ствараць рабочыя месцы для ўсіх перуанцаў, таму мы будзем стымуляваць прыватную ініцыятыву і падтрымліваць малы і сярэдні бізнес», — адзначыў палітык.

Хабар на 788 мільёнаў долараў

Аднак галоўнай задачай у тым жа выступленні перад Кангрэсам Віскара назваў барацьбу з карупцыяй. «Мы будзем вельмі цвёрда супрацьстаяць незаконным дзеянням, хто б іх ні здзяйсняў і чаго б гэта нам ні каштавала», — сказаў прэзідэнт фактычна ўсёй краіне, паколькі яго зварот перадаваў у прамым эфіры тэлеканал TV Реru. Інжынер па адукацыі, Віскара прыйшоў у палітыку толькі ў 2010 годзе пасля ўдзелу ў пратэстах супраць нераўнацэннага фінансавання рэгіёнаў і іх падаткаабкладання. Падчас гэтых маніфестацый ён прадэманстраваў сваё ўменне дамаўляцца і прыміраць варагуючыя бакі. Неўзабаве Віскара быў абраны губернатарам рэгіёна Mакегуа. У 2016 годзе Педра Пабла Кучынскі, які быў тады кандыдатам на пасаду прэзідэнта, паклікаў яго ў сваю каманду. Так Віскара стаў спачатку віцэ-прэзідэнтам, а летась — прэзідэнтам Перу.

Ён нездарма вызначыў барацьбу з карупцыяй у якасці галоўнага прыярытэту. Гэтая з'ява насамрэч стала праклёнам «краіны інкаў» і тормазам развіцця перспектыўнай ва ўсіх аспектах дзяржавы. Менавіта цяпер у самым разгары найбуйнейшы карупцыйна-палітычны скандал за апошнія гады. Галоўныя фігуранты — пяць (!) апошніх прэзідэнтаў краіны. Чыноўнікаў абвінавачваюць у атрыманні хабараў ад будаўнічай кампаніі Оdеbrесht.

Тры з экс-прэзідэнтаў пад следствам, а Альберта Фухіморы ўжо адбывае 25-гадовы турэмны тэрмін у сувязі з карупцыяй і парушэннем правоў чалавека. Ён правіў Перу 10 гадоў — з 1990-га да 2000-га. На думку прэсы, менавіта ён кіраваў цёмнымі схемамі нават пасля сыходу з пасады праз сваю дачку — Кейка Фухіморы. Яна, дарэчы, таксама цяпер пад арыштам, чакае суда.

Папярэднік Віскара Педра Пабла Кучынскі ў пачатку 2000-х двойчы займаў пасаду міністра фінансаў і эканомікі Перу, пасля чаго стаў прэм'ер-міністрам. У 2016 годзе яго абралі прэзідэнтам краіны. У канцы 2017-га Оdеbrесht у рамках урэгулявання міжнароднага карупцыйнага скандалу прызналася, што заплаціла звязаным з Кучынскі кампаніям Fіrst Саріtаl і Wеstfіеld Саріtаl амаль пяць мільёнаў долараў за «кансультацыйныя паслугі». Па версіі абвінавачвання, прэзідэнт Перу выдаткаваў гэтыя грошы на асабістыя патрэбы, у тым ліку на куплю асабняка ў элітным раёне Лімы. З-за скандалу з Оdеbrесht Кучынскі падаў у адстаўку ў сакавіку мінулага года.

Яшчэ адзін экс-прэзідэнт, Алан Гарсія, які таксама праходзіў падазраваным па справе Оdеbrесht, прасіў прытулак у пасольстве Уругвая ў Ліме, але атрымаў адмову. Сёлета ў красавіку ён застрэліўся, калі яго прыйшлі арыштоўваць па абвінавачванні ў карупцыі, паведаміла выданне Еl Tіеmро. Праўда, у сваёй перадсмяротнай запісцы колішні прэзідэнт заявіў аб сваёй невінаватасці. «Не было ніякіх рахункаў, ніякіх хабараў, ніякага багацця. Іншыя прадаюцца — я не», — напісаў Гарсія.

Оdеbrесht — будаўнічы гігант з Бразіліі, які на піку свайго поспеху ў 2010 годзе меў больш за 180 тысяч супрацоўнікаў у 21 краіне свету. Кампанія ўдзельнічала ў буйных інфраструктурных праектах у Паўднёвай Амерыцы, у тым ліку будавала метро ў Каракасе і аб'екты для чэмпіяната свету па футболе 2014-га і Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Бразіліі. У 2015-м у рамках расследавання справы аб карупцыі бразільскія праваахоўныя органы арыштавалі кіраўніка Оdеbrесht Марсела Одэбрэхта і шэраг топ-менеджараў кампаніі. Яны заключылі здзелку са следствам і далі прызнальныя паказанні.

Было ўстаноўлена, што Оdеbrесht з 2001-га да 2016-га заплаціла ў якасці хабару 788 мільёнаў долараў у 12 краінах Лацінскай Амерыкі. Атрымальнікамі грошай выступалі палітычныя дзеячы, якія дапамагалі кампаніі з выгаднымі кантрактамі. Самым высокапастаўленым палітыкам, асуджаным за хабар ад Оdеbrесht, стаў віцэ-прэзідэнт Эквадора Хорхе Глас, які ў снежні 2017 года быў прысуджаны да шасці гадоў турмы па абвінавачванні ў атрыманні 13,5 мільёна долараў. У Перу, згодна з паказаннямі кіраўніцтва, кампанія заплаціла хабараў на 29 мільёнаў долараў.

Апошняя кропля

Стаўшы прэзідэнтам краіны, Марцін Віскара імкнуўся правесці шэраг антыкарупцыйных рэформаў. Але парламент папросту не прымаў яго ініцыятывы. Увогуле канфлікт дзвюх галін улады ў Перу пачаўся яшчэ ў 2016 годзе, калі прэзідэнцкія выбары выйграў Педра Кучынскі. Яму ўдалося абысці лідара партыі «Народная сіла» (НС) Кейка Фухіморы. Пры гэтым НС мае самую вялікую фракцыю ў парламенце. «Вайна» з Кучынскі спачатку складвалася на карысць прыхільнікаў Фухіморы. Аднак віцэ-прэзідэнт Віскара, стаўшы кіраўніком дзяржавы, працягнуў канфрантацыю з парламентам. У кастрычніку 2018 года была арыштаваная яго галоўны апанент Кейка Фухіморы. Але ўплыў на сваю фракцыю ў парламенце ў яе па-ранейшаму застаўся. У цяжкай барацьбе з Кангрэсам Віскара дамогся вяртання на нары Фухіморы-старэйшага. З прычыны сталага ўзросту (ён 1938 года нараджэння) экс-прэзідэнт быў памілаваны ў 2017-м. Альберта Фухіморы зноў вярнуўся ў турму ў мінулым месяцы. Мабыць, гэта акалічнасць прымусіла «Народную сілу» і Кейка Фухіморы фарсіраваць канфлікт.

Кангрэс неаднаразова блакаваў розныя ініцыятывы прэзідэнта Віскары, у тым ліку і прапанову аб датэрміновых выбарах: як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх. Сітуацыя відавочна напалялася. Апошняй кропляй, якая прывяла да цяперашняму крызісу, стала жаданне Кангрэса практычна цалкам замяніць склад Канстытуцыйнага трыбунала краіны. «З неверагоднай хуткасцю яны прапанавалі кандыдатаў за паўгадзіны, нават не праверыўшы, ці няма ў іх сувязяў з тымі, каго падазраюць у карупцыі»,— сказаў прэзідэнт Віскара. Кандыдатаў вылучылі ў пятніцу, а ў панядзелак Кангрэс павінен быў зацвердзіць іх на пасадах. Прэзідэнт папярэджваў дэпутатаў, што абвесціць аб роспуску Кангрэса, калі тыя пачнуць прызначэнні суддзяў да таго, як разгледзяць пытанне аб даверы ўраду. Але яны не прыслухаліся да яго, і ўсё ж паспелі прызначыць аднаго з членаў трыбунала.

Пазней агенцтва Аndіnа паведаміла, што Віскара пасля роспуску парламента прызначыў новага кіраўніка савета міністраў. Па інфармацыі выдання, месца Сальвадора дэль Солара заняў міністр юстыцыі Вісэнтэ Себальяс. Пасля абвяшчэння аб роспуску дэпутаты засталіся на сваіх месцах да глыбокай ночы і прагаласавалі за адхіленне ад улады Марціна Віскары. Выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы яны прызначылі віцэ-прэзідэнта Мерседэс Араас. «Я з мужнасцю прымаю гэта (прызначэнне. — Рэд.), — заўважыла Араас. — Гэта адно з самых складаных рашэнняў у маім жыцці». Аднак пасля яна заявіла, што сыходзіць у адстаўку, і заклікала правесці ў найбліжэйшы час усеагульныя выбары. Згодна з заявай віцэ-прэзідэнта, яе адстаўка азначае, што яна таксама адмаўляецца ад даверанай ёй пасады выконваючага абавязкі прэзідэнта.

Час вырашаць

Як растлумачыў агенцтву Аssосіаtеd Рrеss прафесар па канстытуцыйным праве Пантыфікальнага каталіцкага ўніверсітэта Перу Сесар Ланда, любое рашэнне Кангрэса пасля заявы прэзідэнта аб яго роспуску не мае сілы. Дырэктар Цэнтра ібераамерыканскіх даследаванняў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Хейфец называе цяперашняе абвастрэнне супрацьстаяння заканамерным. «Можна сказаць, што да гэтага ўсё і ішло», — сказаў ng.ru эксперт. — У Віскары не было варыянтаў».

У падтрымку прэзідэнта ўжо выказаліся сілавыя структуры. Перуанскае выданне Lа Rерublіса апублікавала заяву міністэрства абароны, праз якое ваенныя ўлады пацвердзілі, што аб'яднанае камандаванне ўзброеных сіл, ваенна-марскога флоту і ваенна-паветраных сіл краіны падтрымліваюць кіраўніка дзяржавы і яго рашэнне распусціць Кангрэс. У заяве таксама падкрэсліваецца, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, прэзідэнт адначасова з'яўляецца галоўнакамандуючым узброеных сіл і Нацыянальнай паліцыі Перу.

Падтрымалі Марціна Віскару і жыхары краіны. Нягледзячы на позні час, пасля выступлення прэзідэнта сотні людзей сабраліся каля будынка Кангрэса, выкрыкваючы лозунг: «Прэч адсюль, прадажныя палітыкі!» Некаторыя пратэстоўцы нават паспрабавалі ўварвацца ў парламент, каб выгнаць дэпутатаў сілай. «Тое, што адбылося, — гэта канстытуцыйны роспуск кангрэса з захаваннем усіх законных патрабаванняў», — заявіла РІА «Навіны» экс-кангрэсмен ад левай партыі «Новае Перу» Таніа Парыона.

Паводле апытання, праведзенага Інстытутам перуанскіх даследаванняў і апублікаваным напрыканцы верасня, дзейнасць Кангрэса не ўхваляюць 87 працэнтаў апытаных. «Закрыццё (парламента. — Рэд.) выглядае дэмакратычным рашэннем праблемы, ад якой краіна пакутуе ўжо тры гады, — заявіў Віскара. — Дазвольце ўжо людзям вырашыць, хто мае рацыю». Правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў прызначана прэзідэнтам Перу на 26 студзеня 2020-га. Магчыма, «краіне інкаў» усё ж удасца пераадолець шматгадовы праклён.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Праклён «краіны інкаў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».