Вы тут

Беларусь прапануе Украіне ствараць сумесныя вытворчасці


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прапанаваў ствараць сумесныя прадпрыемствы і супрацоўнічаць у ракетабудаванні. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння на перамовах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Украіны.


Фота БЕЛТА

«Гэта не толькі просты гандаль (у супрацоўніцтве паміж краінамі. — Заўвага БЕЛТА). Мы прынялі рашэнне фактычна. Міжурадкамісія, якая збярэцца ў Кіеве (мы таксама дамовіліся пра гэта), прыме канкрэтныя рашэнні па стварэнні сумесных прадпрыемстваў. У вас ва Украіне, а ўжо 9 магутных (беларускіх — Заўвага БЕЛТА) кампаній працуюць тут, і ў нас у Беларусі», — сказаў Прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, і гэтае пытанне было абмеркавана на перамовах з Уладзімірам Зяленскім: «Гэта не таму, што бразгаем зброяй. Мы вельмі шмат цяпер працуем над развіццём галіны ракетабудавання ў Беларусі. У нас не было такой вытворчасці, а ў вас яна ёсць. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы нам у гэтым дапамаглі».

«Калі вы дапаможаце, мы свой праект рэалізуем, ужо сумесны, за паўтара-два гады. Калі не, то 4-5 гадоў. І грошай менш трэба будзе», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок у сваю чаргу гатовы інвеставаць і ствараць сумесныя прадпрыемствы ва Украіне па грамадзянскім кірунку — аўтамабілі, трактары, аўтатэхніка вялікай грузападымальнасці, іншая тэхніка. «Мы гатовыя аж да ўваходжання ў капітал гэтых прадпрыемстваў. Гэта значыць, мы абмеркавалі шэраг вельмі важных пытанняў», — сказаў Прэзідэнт.

Аб нафтаперапрацоўцы

«Мы не ўтойваем. Мы і нафтапрадукты абмеркавалі, і перапрацоўку нафты, альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і агульныя рынкі, і заводы, і капіталы, і акцыянерныя... І электраэнергію пасля ўводу атамнай станцыі. Не буду казаць па цане. Ужо дамовіліся, як і дзе можам прадаваць. Вельмі шмат пытанняў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго ёсць адзіная просьба: «Калі дамовіліся, давайце зробім. Калі не трэба, не хочам — мы павінны шчыра сказаць, як родныя людзі: гэта пакуль не цікава ці нельга, гэта рабіць не будзем. Але калі вырашылі дно паглыбіць на Прыпяці і Дняпры, давайце паглыбім».

Аднаўленне суднаходства па Дняпры і развіццё партовай гаспадаркі ў тым ліку абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. «Гэта нам будзе выгадна», — упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Ён успомніў момант, калі падчас нядаўняй уборачнай кампаніі Украіна папрасіла паставіць больш дызпаліва і бензіну. «Аказалася, вагонаў няма. Бочкі гэтыя збіралі з усяго свету, каб паставіць сюды. А была б дарога па Дняпры, Прыпяці — у нас наогул бы не было праблем. І ў зваротным напрамку», — заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што абмеркаваны ўсе пытанні, якія былі на паверхні, аж да сферы СМІ, культуры, у тым ліку магчымасці сумесных здымак кінастужкі. «Сваты» хацелі зняць. Хваля пачалася — «Сваты» не знялі. Ну, беларускія «Сваты» здымем. Мы гатовыя даць усе ўмовы. Яны ў нас шыкоўныя. У вас вопыт каласальны — тое, чаго ў нас няма. Давайце разам ствараць гэтыя фільмы, каб нашы народы бачылі, што мы родныя, нікуды не разбегліся і бегчы не збіраемся«, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб мяжы

Мяжа Беларусі з Украінай не павiнна быць перашкодай для перамяшчэння людзей.

«Я Прэзідэнту (Украіны — Заўвага БЕЛТА) паабяцаў, што тут не будзе ніякіх праблем», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Уладзімір Аляксандравіч (Зяленскі) правільна паставіў пытанне па мяжы. Я як адчуў, што, можа, нават з папрокам. Не павінна быць беларуска-ўкраінская мяжа перашкодай для перамяшчэння людзей. Я пакляўся, што гэтага не будзе. Мы ніколі не стрымлівалі і стрымліваць не будзем нашых украінцаў і беларусаў пры перамяшчэнні», - заявіў беларускі лідар.

Ён прывёў прыклад, што мяжа Беларусі адкрыта для жыхароў сумежных тэрыторый, якія прывыклі збіраць у Беларусі грыбы і ягады.

«Ужо не хачу казаць пра „пагрозы“ з боку Беларусі, Украіны... Мы, дарэчы, на гэтую тэму практычна не размаўлялі. Гэта я ўжо сказаў: вы не хвалюйцеся, мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі. Памятаеце, што там — на поўначы (у Беларусі — Заўвага. БЕЛТА) народ іншы быццам бы, але гэта ваш народ. Гэта вашы людзі. Я да ўкраінцаў так стаўлюся — гэта нашы людзі тут», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Беларусь і Украіна задумаліся над сумесным правядзеннем Алімпійскіх гульняў

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не так даўно Мінск прымаў II Еўрапейскія гульні, матчавую сустрэчу па лёгкай атлетыцы Еўропа — ЗША. У гэтых спаборніцтвах актыўны ўдзел прымалі і ўкраінскія атлеты, прычым даволі паспяхова: напрыклад, на Еўрапейскіх гульнях яны сталі трэцімі ў агульнакамандным заліку.

«Думаю, нашы дзяржавы разам маглі б пазмагацца за права правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў высокага ўзроўню. Гэта я кажу аб прапанове Прэзідэнта Украіны разам падумаць над тым, а ці не замахнуцца нам на Алімпійскія гульні. Для дзвюх краін гэта пад сілу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што асаблівае месца ў адносінах дзвюх краін займае дыялог культур, пабудаваны на аснове блізкіх і зразумелых сэрцу кожнага беларуса і ўкраінца традыцый і духоўных каштоўнасцей.

«Прайшоў год, але мінчане і госці сталіцы да гэтага часу знаходзяцца пад уражаннем ад Дзён культуры Украіны. Вашы калектывы і артысты сталі ўпрыгажэннем міжнародных фестываляў - «Славянскага базару ў Віцебску», свята «Купалле» ў Александрыі. Мы рады, што беларускія выканаўцы гэтаксама папулярныя ва Украіне. Ганарымся, што мастацкі кіраўнік ансамбля «Сябры» (Анатоль Ярмоленка. — Заўвага БЕЛТА) стаў лаўрэатам украінскай агульнанацыянальнай праграмы «Чалавек года — 2018», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Маючыя адбыцца Дні культуры Беларусі ў Кіеве, дадаў ён, будуць выдатнай магчымасцю для беларусаў падарыць украінскім сябрам часцінку сваёй душы, выяўленую ў народнай творчасці і сучасным мастацтве.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Украіна — не проста суседзі, краіны звязваюць повязі, якія мацней любых самых эфектыўных эканамічных, дыпламатычных і культурных узаемаадносін. «Гэта повязі крэўнай і духоўнай роднасці, повязі нашага славянскага адзінства. І сёння гэтыя сувязі падтрымліваюцца дзелавымі кантактамі, культурнымі і адукацыйнымі праектамі, турызмам, паездкамі да сяброў, сваякам. Мы вельмі шануем нашы адносіны і вельмі-вельмі высока цэнім дружбу паміж нашымі народамі» , - сказаў беларускі лідар.

Дружба Беларусі і Украіны будзе адчуваць ціск і з Захаду, і з Усходу

«Хачу вам сказаць шчыра: чым бліжэйшымі і цяснейшымі мы будзем з вамі, чым раднейшымі будуць нашы дзяржавы, чым згуртаванейшымі, тым большы супраціў мы будзем адчуваць. Ніхто ніколі, як бы ні заяўлялі палітыкі вакол нас і ў свеце, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. На жаль, свет дзейнічае па прынцыпе «падзяляй і ўладарствуй», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: дружба паміж Беларуссю і Украінай будзе адчуваць ціск не з адной якой-небудзь боку, а і з Усходу, і з Захаду. «Мы разумеем гэта з Прэзідэнтам (Украіны. — Заўвага БЕЛТА) і гаварылі пра гэта, калі вялі перамовы сам-насам. Гэты бар’ер мы поўныя рашучасці пераадолець, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы добрыя людзі. Не жадаем супраць кагосьці сябраваць, супраць каго-небудзь ваяваць. Мы павінны быць моцнымі».

Лукашэнка назваў прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва з Украінай

«Безумоўна, Украіна — адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Толькі за мінулы год мы павялічылі тавараабарот амаль на 20%, але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцяў. Агульная гісторыя і суседства прадвызначылі прыярытэты ў тым ліку ў эканамічнай сферы. Гэта, перш за ўсё, паліўна-энергетычны і аграпрамысловы комплексы, прамысловая кааперацыя, транспартна-лагістычная сфера», - пералічыў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адбыліся сёння перамовы па змесце і аб’ёме разгледжаных пытанняў былі не проста асабістым знаёмствам. «Гэта было падобна на разбор завалаў, якія створаныя за апошнія гады. На жаль, так здарылася, час выбраў нас разграбаць гэтыя развалы. Мы сёння гэта пачалі рабіць», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж абласцямі, раёнамі і гарадамі дзвюх краін дзейнічаюць 120 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Яны дазваляюць на пастаяннай аснове забяспечваць развіццё эканамічных, гандлёвых, культурных і гуманітарных сувязяў. Маштабы гэтага ўзаемадзеяння дазволілі у 2018 годзе правесці I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі. «Вынікам праведзенага там дыялогу раўнапраўных партнёраў і добрых суседзяў сталі камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму больш за $100 млн. Гэты форум прынёс больш за паўмільярда даляраў. Важна, што ўсе яны выконваюцца, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Падпісаны ў гэтыя дні новы салідны пакет дакументаў — паказчык запатрабаванасці і актуальнасці гэтага фармату ўзаемаадносінаў».

Зяленскі дзякуе Лукашэнку за перамоўную пляцоўку ў Мінску

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за перамоўную пляцоўку ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны.

Уладзімір Зяленскі выказаў упэўненасць, што адносіны паміж дзвюма краінамі ў далейшым будуць толькі паляпшацца на доўгія гады. Ён падзякаваў і за ролю Беларусі ў пытанні ўрэгулявання канфлікту, за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі ў Мінску. «Я хачу выказаць падзяку за ўсё, што Беларусь робіць для Украіны, і за пляцоўку ў Мінску», — сказаў украінскі лідар.

Ён таксама выказаў словы падзякі за падтрымку з боку Беларусі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».