Вы тут

У Мінску працуе выстаўка «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагоддзя»


Упершыню на суд грамадскасці была выстаўленая экспазіцыя беларускіх талераў, той валюты 90-х, якая так і не была надрукавана.

25 гадоў таму, у кастрычніку 1994 года, Вярхоўны Савет нашай краіны падпісаў пастанову, якая заканадаўча замацавала беларускі рубель у якасці адзінага плацежнага сродку на тэрыторыі Беларусі. У рамках святкавання гэтага юбілею ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея нашай краіны «Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці» адбылося адкрыццё часовай выстаўкі «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагоддзя».


«За гэты перыяд беларускі рубель і нацыянальная грашовая сістэма прайшлі складаны шлях станаўлення і развіцця, перажыўшы перыяд гіперінфляцыі, шэраг інфляцыйных усплёскаў і дэнамінацый. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што беларускі рубель — гэта атрыбут самаідэнтыфікацыі і культуры нашай нацыі, прыкмета незалежнасці і сілы беларускай дзяржавы», — сказала на адкрыцці выстаўкі галоўны спецыяліст гісторыка-інфармацыйнага аддзела кіравання і грамадскіх сувязяў Нацбанка Беларусі, дырэктар Музея грошай Аляксандра Вараб'ёва.

Карткі пакупніка. Жаночыя і мужчынскія

Экспазіцыя выстаўкі пачынаецца з 1990 года — часу станаўлення Нацыянальнага банка ў якасці эмісійнага цэнтра і фарміравання незалежнасці дзяржавы. Гэта быў перыяд крызісу, калі не хапала простых прадуктаў харчавання. Тады ўсеагульны дэфіцыт спрабавалі пераадолець шляхам выпуску купонаў і картак пакупніка.

У насельніцтва яны тут жа атрымалі назву «Талоны на харчаванне». У першую чаргу іх выдавалі на тавары першай неабходнасці. Талоны дазвалялі купіць у крамах невялікую колькасць мяса, крупы, гарэлкі, віна, алею, малака, смятаны. Таксама былі карткі на адзенне, мыла, лямпачкі і нават запалкі. Друкаваліся паперкі на айчыннай (не вельмі якаснай) паперы, на якую ставілася пячатка бухгалтэрыі прадпрыемства. Купоны выдаваліся па месцы работы, так што без афіцыйнага працаўладкавання тады жыць было цяжка. Пенсіянеры іх атрымлівалі праз мясцовыя выканкамы.

Такія карткі на тавары ў той час уводзіліся ва ўсіх былых рэспубліках Саюза, але толькі ў нас гэтыя дакументы мелі адрозненне па палавой прыналежнасці. Карткі былі і жаночыя, і мужчынскія.

Стваральнікі выстаўкі аднавілі прылавак постсавецкай крамы. Гэта пустыя малочныя шкляныя бутэлькі (палова літра і літр), механічныя шалі (якія яшчэ з гірамі), драўляныя лічыльнікі, а таксама «вечныя» пліткі шакаладу і згушчонка ў бляшаных слоічках. «Пры падрыхтоўцы да выстаўкі мы выявілі, што гэты перыяд не так моцна прадстаўлены прадметным шэрагам. Сабраць інсталяцыю крамы было вельмі цяжка, таму што некаторыя прадметы побыту захаваліся толькі ў адзінкавых экзэмплярах», — тлумачыць спецыяліст.

Убачыць талеры

Далей ідзе 1992 год, калі пачынаўся працэс станаўлення нацыянальнай валюты. У гэты час кіраўніцтва краіны разглядала тры варыянты ўласных грошай. Тут мы можам убачыць выяву беларускага талера (была ідэя такіх грошай на пачатку 90-х), экспазіцыя якога ўпершыню паказана грамадскасці, у тым ліку праект банкнот з выявамі гістарычных асоб.

У чым жа прынцыповае адрозненне нашага талера ад іншай нацыянальнай валюты? Па словах нашага гіда — навуковага супрацоўніка Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці Міхаіла Качана, існуе некалькі адрозненняў. Па-першае, гэта назва грошай. Слова «талеры» носіць больш гістарычнае адценне, таму што менавіта так называліся грашовыя знакі, якія хадзілі ў побыце на нашай тэрыторыі ў перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага, а таксама ў часы ўваходжання нашай краіны ў склад Рэчы Паспалітай. Меркавалася, што талеры будуць мець разменны намінал — грошы. На новых грашах павінны былі адлюстроўвацца гістарычныя асобы. Распрацоўшчыкі прапанавалі змясціць на банкнотах выявы Льва Сапегі, братоў Луцкевічаў, Усяслава Чарадзея і княгіні Рагнеды, а таксама іншых славутых беларусаў.

Такі варыянт не быў абраны, бо ў той час у грамадстве не існавала адназначнага меркавання, хто сапраўды варты таго, каб яго змясцілі на купюру. У сувязі з гэтым былі выбраны больш нейтральныя варыянты дызайну — спачатку выявы жывёл, а пазней архітэктурных помнікаў.

«Таксама на талерах было іншае схематычнае выражэнне дзяржаўнасці. Ужо ў 1995 годзе ў нас у краіне памянялася дзяржаўная сімволіка. А на талерах засталася старая «Пагоня».

Колас з Купалам — таксама не

Разглядаліся і варыянты беларускага рубля з выявамі знакавых асоб айчыннай гісторыі.

Другі няздзейснены варыянт уласных грошай больш падобны на сучасныя купюры, але таксама меў некалькі адрозненняў. Першае — гэта выява асоб бліжэйшай сучаснасці: Якуб Колас на купюры наміналам 10 рублёў, а на 50-рублёвай мог бы быць Максім Багдановіч. На іншых банкнотах — Янка Купала і Францыск Скарына. Гэтыя грошы таксама павінны былі мець разменны намінал — грош: адзін рубель быў бы роўны 100 беларускім грошам. Аднак і гэты праект застаўся толькі на паперы. Ён не знайшоў належнай падтрымкі ні ў Вярхоўным Савеце, ні ў Нацбанку. Вярхоўны Савет прагаласаваў за «зайчыкаў».

Усё цячэ, усё мяняецца

Тут жа побач на экспазіцыі размясціліся грошы 1992 года выпуску, тыя самыя так званыя тады «зайчыкі», а таксама «ваўкі», «рысі» і «зубры». Яны досыць хутка змянялі адно аднаго, а ўспамін пра іх выклікае ў пажылога пакалення толькі кіславатую ўсмешку. «Варыянт адлюстраваць жывёл, узятых, дарэчы, з энцыклапедыі «Жывёлы і птушкі Беларусі», быў зроблены як кампрамісны», — тлумачыць Міхаіл Качан. Гэтага кампрамісу, заўважыў супрацоўнік музея, у нашай краіне прытрымліваюцца і да цяперашняга часу.

Аддрукаваныя «зайчыкі» два гады мелі статус разліковага білета. Беларусь, як і іншыя маладыя незалежныя рэспублікі, спрабавала зразумець, як ёй выбудоўваць фінансавую і банкаўскую сістэмы — самастойна або ў саюзе з Расіяй. Але 19 кастрычніка 1994 года Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову, якой надзяліў разліковыя білеты Нацбанка правам называцца паўнавартаснай грашовай адзінкай.

Перажыўшы некалькі дэвальвацый і дэнамінацый, беларускія грошы за чвэрць стагоддзя ўжо некалькі разоў змянілі свой знешні выгляд. На змену жывёлам прыйшлі вядомыя будынкі і помнікі.

Далей ідзе экспазіцыя нашых наступных банкнот. Тут можна ўбачыць, як мяняліся наміналы нацыянальнай валюты пасля дэнамінацый 2000 і 2016 гадоў.

Для душы і не толькі

Памятныя манеты ў нашай краіне пачалі выпускаць з 1996 года. На выстаўцы ёсць першая манета, выпушчаная ў тым годзе, — гэта манета, прысвечаная 50-годдзю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Манеты чаканіліся ў трох асноўных матэрыялах — у золаце, у серабры і ў медна-нікелевым сплаве.

Асобным блокам тут прадстаўлены працэс выпуску памятных манет. Гэта ўнікальныя прадметы: гіпсавыя ўзоры, рабочыя інструменты, малюнкі, эскізы манет.

Самым цікавым прадметам на выстаўцы з'яўляецца манета, адчаканеная да 900-годдзя Ефрасінні Полацкай. Тут прадстаўлены малюнак, які быў благаславёны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі Філарэтам. Тут жа знаходзіцца пластылінавы эскіз гэтай манеты і гіпсавыя мадэлі.

Паглядзець усе праекты грашовых знакаў, у тым ліку не выпушчаных, могуць усе ахвотныя з 1 кастрычніка да 21 снежня ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Неабходная папярэдняя рэгістрацыя. Паколькі выстаўка знаходзіцца на тэрыторыі рэжымнага аб'екта, з сабой неабходна ўзяць пашпарт (для непаўналетніх пасведчанне аб нараджэнні). Уваход платны: для дарослых — 5 рублёў, для студэнтаў — 3,5 рубля, для школьнікаў — 2,5 рубля. Паслугі гіда — 6 рублёў за гадзіну.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Ганны Занкавіч

Загаловак у газеце: Усяго 25, а ўжо з гісторыяй


Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.