Вы тут

У мясцовых бюджэтах з'явяцца дадатковыя магчымасці


У Мінску распачала сваю работу сёмая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання. Усяго на парадку дня сесіі больш за 40 законапраектаў. Яны датычыліся эканомікі, сацыяльнай сферы, знешняй і ўнутранай палітыкі нашай краіны — у тым ліку і рэгіянальнай.


Сесія пачалася з даклада старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча «Бягучыя і перспектыўныя задачы развіцця». Сярод важных і першачарговых пытанняў ён агучыў пэўныя меры і прапановы па далейшым актыўным развіцці рэгіёнаў. Возьмем законапраекты так званага «бюджэтнага пакета», якія ўтрымліваюць новыя падыходы да фінансавання патрэб раёнаў. Цяпер паказчыкі мясцовых бюджэтаў па даходах на 2020 год разлічаны з захаваннем дзеючых нарматываў адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў і збораў у бюджэты абласцей.

Важная акалічнасць, на якую звярнуў увагу спікер верхняй палаты парламента: плануецца захаваць аб'ёмы датацый, якія перадаюцца абласцям, на ўзроўні, не ніжэйшым, чым у бягучым годзе, незалежна ад планаванага паступлення ўласных даходаў. Савету Рэспублікі як палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва мэтазгодна падтрымаць такія падыходы ўрада і Міністэрства фінансаў пры разглядзе законапраекта аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год, упэўнены старшыня Савета. Ён выказаў надзею на тое, што на месцах скарыстаюцца гэтымі дадатковымі магчымасцямі для росту валавога рэгіянальнага прадукту і стварэння новых працоўных месцаў. Прадугледжваюцца і іншыя меры заахвочвання больш актыўнага развіцця рэгіёнаў.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Савет Рэспублікі і Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, што функцыянуе пры ім, шукаюць новыя кірункі рэгіянальнага развіцця. На яго погляд, гэтыя пытанні актуальныя не толькі ў перыяд выбарчых кампаній. Так, напрыклад, у верасні бягучага года ў Бялыніцкім раёне былі дэталёва разгледжаны пытанні ўдасканалення работы з сельскім насельніцтвам. Акрамя таго, вызначаны шэраг мер, якія датычацца падтрымкі асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пакуль гэтая работа ў стадыі станаўлення, але ўжо можна разлічваць на яе эфектыўнасць.

Прамоўца не абмінуў увагай актыўную і насычаную міжнародную дзейнасць членаў Савета Рэспублікі па пашырэнні міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Знакавым мерапрыемствам у гэтым сэнсе стаў VІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. На думку Міхаіла Мясніковіча, форумы рэгіёнаў увогуле сталі прывабным прыкладам для наладжвання цеснага супрацоўніцтва з іншымі краінамі. Сёлета ў ліпені па ініцыятыве Савета Рэспублікі ўпершыню адбыўся такі форум сумесна з Узбекістанам. Сенатары таксама ўдзельнічалі ў беларуска-польскім форуме «Добрасуседства-2019».

Але Расія — наш ключавы і стратэгічны партнёр. Таму варта ўлічваць падыходы па паглыбленні інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, сфармуляваныя ў абноўленай Праграме дзеянняў. Дарэчы, Савет Рэспублікі прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага дакумента. Работы па яго рэалізацыі чакаецца шмат. Ураду, Нацыянальнаму банку з удзелам парламентарыяў і іншых ведамстваў і арганізацый трэба будзе распрацаваць больш за 30 беларуска-расійскіх дарожных карт, сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У заканатворчым партфелі шмат ініцыятыў, якія накіраваны на вырашэнне паўсядзённых праблем людзей. Гэта законапраекты «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», «Аб ахове працы», «Аб пажарнай бяспецы», «Аб персанальных даных» і іншыя.

Падчас сёмай сесіі Савета Рэспублікі быў зацверджаны шэраг важных законапраектаў. Засяродзімся на асобных.

Як вядома, законы, як і людзі, пад уздзеяннем часу і перамен паступова старэюць. Тады заканадаўцам даводзіцца іх, так бы мовіць, амалоджваць, прыводзіць у адпаведнасць з патрабаваннямі новых рэалій. Пра неабходнасць унясення змен у дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб ваенным супрацоўніцтве яшчэ ад 19 снежня 1997 года расказаў членам Савета Рэспублікі міністр абароны Андрэй Раўкоў. Яго судакладчык Сяргей Рахманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, падтрымаў міністра. Прагаласавалі аднагалосна.

Праект закона аб ратыфікацыі дагавора паміж Беларуссю і Польшчай аб сацыяльным забеспячэнні прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Нагадаем, што галоўная мэта дагавора — гарантаваць грамадзянам абедзвюх краін аб'ектыўнае фарміраванне сацыяльных (пенсійных) правоў і іх рэалізацыю незалежна ад месца жыхарства. Гэта датычыцца ўплаты ўзносаў на абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, прафесійных захворванняў у перыяд работы ў Беларусі ці Польшчы. Узносы трэба будзе адлічваць у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, на тэрыторыі якой грамадзяне працуюць.

Як адзначыла ў адказах на пытанні міністр працы і сацабароны, цяпер ідзе распрацоўка падобных пенсійных дагавораў з Малдовай, Балгарыяй, Латвіяй, Літвой і іншымі краінамі.

Адносін з Польшчай датычыцца яшчэ адзін законапраект, які быў прыняты членамі Савета Рэспублікі, — аб ратыфікацыі дагавора паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб утрыманні пагранічных чыгуначных маставых аб'ектаў на беларуска-польскай граніцы. Мяркуецца, што ўступленне ў сілу дагавора дазволіць урэгуляваць спрэчныя пытанні, павысіць бяспеку руху цягнікоў, у цэлым палепшыць чыгуначныя зносіны паміж краінамі.

Леанід ТУГАРЫН

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.