Вы тут

Капітальны рамонт: калі яго робяць і за чый кошт?


Рана ці позна кожнаму ўласніку давядзецца сутыкнуцца з сур'ёзным рамонтам свайго шматкватэрнага дома. Што трэба ведаць аб яго правядзенні?


Падставамі для капітальнага рамонту ў жылым доме з'яўляюцца перспектыўныя праграмы (на пяць гадоў) і бягучыя графікі (на адзін год). Іх распрацоўваюць і зацвярджаюць мясцовыя органы ўлады. Калі капітальны рамонт не можа быць зроблены без высялення жыхароў, то на час работ ім даецца жылое памяшканне манеўранага фонду, паведамляе партал камунальнай адукаванасці gkх.bу.

Калі ўласнік адмаўляецца пакінуць сваё жыллё, яго могуць выселіць праз суд.

Калі мы кажам пра тэхнічны стан дома, то трэба разумець, што ў любога будынка ёсць мінімальны тэрмін эфектыўнай эксплуатацыі. Ён залежыць ад умоў (тэмпературы, вільготнасці, якасці тэхнічнага абслугоўвання) і ад матэрыялаў, якія былі выкарыстаныя пры будаўніцтве дома (панэлі, цэгла). У сярэднім тэрмін складае ад 15 да 25 гадоў. Аднак трэба разумець, што гэта тэрмін мінімальны, і калі па яго заканчэнні дом знаходзіцца ў добрым стане, то гэта зусім не гарантуе вам правядзенне капітальнага рамонту.

Хто плаціць і за што?

Капітальны рамонт выконваецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і адлічэнняў грамадзян. Штомесячная аплата капітальнага рамонту пералічваецца на спецыяльныя рахункі, якія адкрыты ў мясцовых органах улады або таварыствах уласнікаў. Калі грошы пералічвалі на рахункі мясцовых органаў улады, то работы будуць выконвацца за кошт сабраных сродкаў і мясцовых бюджэтаў. Калі ж грошы трапілі на рахункі таварыстваў, то рамонт у такіх дамах будуць рабіць выключна за кошт дадзеных сродкаў. Але пры гэтым ва ўласнікаў жылля будзе магчымасць пералічыць сабраную суму мясцовым органам улады і атрымаць падтрымку ад дзяржавы.

Што будзе зроблена?

Галоўная мэта капітальнага рамонту жылых будынкаў — аднавіць асноўныя якасці пабудовы, страчаныя падчас эксплуатацыі: фізічныя, тэхнічныя, спажывецкія, эстэтычныя.

Абавязковыя віды работ пры капітальным рамонце: рамонт даху і фасадаў будынка (стыкі, швы, балконы, лоджыі, прыступкі, брылі), а пры прамярзанні — уцяпленне асобнымі фрагментамі тарцоў. Акрамя таго, прадугледжана замена запаўненняў аконных праёмаў і ўваходных дзвярных праёмаў у месцах агульнага карыстання, а таксама сістэм халоднага (гарачага) водазабеспячэння, каналізацыі і водаадвядзення (у падвалах і па стаяках кватэр). Сюды ж уваходзіць замена электрашчытавой, электраправодкі і электрашчыткоў у месцах агульнага карыстання.

Падчас такіх работ ажыццяўляецца рамонт і замена ўнутрыдамавых інжынерных сістэм электра-, цепла-, газа- і водазабеспячэння, водаадвядзення, супрацьдымнай абароны, установак супрацьпажарнай аўтаматыкі, а таксама каналізацыйных выпускаў у адпаведнасці з межамі балансавай прыналежнасці і эксплуатацыйнай адказнасцю бакоў, а таксама рамонт падмурка і аднаўленне адмосткі.

Што не робяць

Пры капітальным рамонце жылога дома ў індывідуальным памяшканні не робяць замену вокнаў, сантэхнікі, электраправодкі, электра- і газавага абсталявання, прыбораў уліку цепла- і электраэнергіі, расходу вады. Падчас такога рамонту не прадугледжаны абсталяванне дзіцячых пляцовак і дадатковых парковачных месцаў, а таксама рамонт лесвічных клетак і падвальных памяшканняў.

Якая роля заказчыка?

Яшчэ на стадыі афармлення праекта камунальнікі павінны правесці агульны сход жыльцоў. Вельмі важна не ігнараваць яго правядзенне, бо на сходзе будуць абмяркоўвацца вашы пажаданні і патрабаванні як уласніка, а таксама неабходнасць іх уключэння ў праектна-каштарысную дакументацыю. На сходзе таксама вырашаюцца пытанні, якія датычацца ўцяплення дома і ўстаноўкі індывідуальных прыбораў уліку (за кошт асабістых сродкаў уласнікаў).

Прадстаўнікі заказчыка павінны праінфармаваць аб выніках абследавання жылога дома, запланаваных відах работ і паведаміць кантактныя звесткі адказных асоб. Уласнікі, са свайго боку, павінны выбраць прадстаўніка на час капрамонту.

Колькі доўжыцца?

Тэрмін уводу дома ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту павінен быць прапісаны ў дагаворы. У цэлым нормы працягласці работ па капітальным рамонце пазначаны ў дакументах, зацверджаных Міністэрствам ЖКГ. Аднак тэрміны могуць быць перанесены, але толькі пры наяўнасці аб'ектыўных прычын. Гэта могуць быць форс-мажорныя абставіны (адзін з уласнікаў адмаўляецца даць доступ у кватэру для выканання пэўнага віду работ), значныя аб'ёмы дадатковых работ (калі іх неабходнасць была выяўлена пры правядзенні капітальнага рамонту), а таксама адсутнасць фінансавання на іх правядзенне. Прычым трэба ведаць, што ўвесці дом у эксплуатацыю заказчык зможа толькі пасля правядзення ўсіх работ, якія былі прадугледжаны праектам.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?