Вы тут

Як сэканоміць халадамі?


Камунальнікі падказваюць: праз новыя трубы, прыборы ўліку цяпла і індывідуальныя градусы

Штогод колькасць гігакалорый, затрачаных на ацяпленне нашых дамоў, змяншаецца. За кошт мадэрнізацыі цепласетак і ўцяплення фасадаў лічыць захаваныя адзінкі цяпла можна ўжо мільёнамі. Памер «зімовай камуналкі» пры гэтым, праўда, не меншае, але ж затое расце не так хутка, як мог бы, калі б цепластраты на шляху ад крыніцы энергіі да жылля былі большыя. Акрамя таго, можна атрымаць 5- або 10-працэнтную зніжку, разлічваючыся за цяпло індывідуальна.


15 тысяч «цёплых» кіламетраў

Работа па аднаўленні трас, па якіх у нашы дамы прыходзіць цяпло, актыўна вядзецца з 2000-х. А ўжо з 2004-га ў краіне не менш за 4 % старых цепласетак штогод стабільна замяняюцца новымі, а гэта як мінімум 600 кіламетраў, сёлета ж увогуле адновяць 649 кіламетраў. А ўсяго на балансе ЖКГ 15 тысяч кіламетраў цеплавых магістраляў, 67 % з якіх — гэта сучасныя ПІ-трубы.

— На сучасных перадізаляваных трубах прадугледжана сістэма аператыўнага дыстанцыйнага кантролю (САДК), якая дазваляе пастаянна сачыць за станам цеплаізаляцыйнага слою цягам усяго «жыцця» трубы — 25 гадоў, — расказала Святлана ЦІМОШКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. — Лічба ў 4 %, дарэчы, і разлічана зыходзячы з гэтага тэрміну, бо намінальна праз 25 гадоў новыя камунікацыі неабходна будзе мяняць, каб не надышоў звышнарматыўны тэрмін эксплуатацыі. Праўда, цяпер гэты час, пэўна, можна і перагледзець, таму што камунікацыі служаць значна даўжэй, а некаторыя вытворцы заяўляюць час службы трубы і ў 50 гадоў. Аднак рабіць гэта, каб мяняць штогод, скажам, толькі 2 % цеплатрас ад агульнай іх колькасці, мусіць, лепш, калі ў нас ужо 100 % цеплавых магістраляў будуць з ПІ-труб.

Каб вызначыць стан трубы і вырашыць, ці настаў ужо час мяняць яе, акрамя паказчыкаў сістэмы САДК, арыентуюцца і на тое, ці здараліся на цеплаправодзе прарывы за час эксплуатацыі. Нарэшце, для поўнай карціны можна зрабіць шурфоўку — адкапаць частку цеплатрасы і паглядзець на яе стан.

Труба, якая падчас службы «праштрафілася», ставіцца ў план на замену, або рамантуецца пэўны кавалак яе. Рэдка калі патрабуецца рамонт ізаляцыі, бо на сучасных трубах пашкодзіць вонкавую абалонку амаль немагчыма. А праблема непасрэдна падчас пракладкі цеплатрас можа быць толькі адна: калі камунальнікі не паспяваюць скончыць работы ў час, сцвярджае прадстаўніца ЖКГ.

Яшчэ здараецца (праўда, крайне рэдка), што цеплатрасу немагчыма правесці пад зямлёй і даводзіцца рабіць паветраную пракладку — уладкоўваць трубы ў ацынкаванай абалонцы звонку, па-над глебай, як пракладваюцца газавыя камунікацыі. Аднак гэта вельмі не вітаецца, бо ў такім выпадку большыя цепластраты. У 2016-м, напрыклад, цеплатрасы краіны агулам страцілі 12 % цеплаэнергіі, а летась — ужо 10,3 %.

— Сеткі перакладваюцца за кошт мясцовых бюджэтаў. Ёсць і людскія рэсурсы, і тэхніка, і праекціроўшчыкі, аднак сродкаў часта не хапае. У прысталічнай вобласці на перакладку цепласетак камунальнікам нават даводзіцца браць крэдыты, — адзначыла Святлана Цімошкіна. — Тым не менш да канца года заданне па замене цеплатрас будзе цалкам выканана.

Індывідуальны разлік таннейшы

Каб плаціць за цяпло менш, беларусы могуць пачаць разлічвацца па паказчыках індывідуальных прыбораў уліку (ІПУ) цеплаэнергіі або па размеркавальніках цяпла на батарэях. Атрымаць дадаткова зніжку ў 5 % могуць жыхары, у чыіх кватэрах па праекце стаялі прыборы ўліку, але яны раней не разлічваліся па іх. Калі ж дакументацыяй ІПУ ў доме не прадугледжваліся, а людзі самі ўсталявалі іх і плацяць па атрыманых на прыборах лічбах, ім прапануецца 10-працэнтная зніжка. Такія ўмовы даюцца цягам трох гадоў з моманту пачатку разліку па ІПУ.

— Сістэма зніжак пачала працаваць летась, і за гэты час ёй скарысталася каля 3400 чалавек, — заўважыла Жанна ПАПУЧЭЕВА, начальнік аддзела ўпраўлення эканомікі ЖКГ. — Сэканомленыя сумы адрозніваюцца — у сярэднім сем рублёў, аднак ёсць прыклады, калі лічбы даходзяць да 15 рублёў. Прычым гэта датычыцца выпадкаў разліку па субсідзіраваных тарыфах. У кватэрах жа, дзе ніхто не пражывае, да аплаты «камуналкі» прымяняецца эканамічна абгрунтаваны тарыф — з 1 чэрвеня ён складае 88,99 рубля. Для такога жылля, асабліва вялікай плошчы, усталяванне ІПУ для разліку робіцца яшчэ больш выгадным.

Атрымаць пераразлік за папярэднія гады, калі прыборы ў кватэрах існавалі, але жыхары па іх не плацілі, немагчыма, удакладняе Жанна Папучэева:

— Каб пачаць разлічвацца па прыборах, людзям трэба паведаміць пра сваё жаданне эксплуатуючай арганізацыі. Тая правядзе агульны сход, дзе раскажа жыхарам, як праводзіцца разлік. Грамадзяне выберуць разлікова-сэрвісную арганізацыю, якая апламбіруе іх прыборы на батарэях, і вызначаць перыяд для разліку: штомесяц або па завяршэнні сезона. Пры апошнім варыянце жыхарам падчас ацяплення будзе налічвацца плата па паказчыках групавога прыбора ўліку цяпла і плошчы кватэры. А лічбы з ІПУ здымуць пасля адключэння ацяплення і зробяць пераразлік.

Паколькі плата за ацяпленне ўсё роўна пастаянна ўзрастае за кошт падаражання энерганосьбітаў, разлік па ІПУ будзе зусім не лішні, мяркуюць камунальнікі.

— Калі людзі пачынаюць разлічвацца па паказчыках індывідуальных прыбораў, яны ўжо рэгулююць тэмпературу ў сваіх кватэрах, выбіраючы індывідуальны градус. У выніку гэта прыводзіць да значнага скарачэння цепласпажывання па ўсім доме, — заўважае начальнік аддзела. — Адпаведна, траціцца менш паліва на забеспячэнне цяпла, скарачаецца колькасць выкідаў у атмасферу, так што гэта выгадна ўсім і дазваляе сэканоміць за ацяпляльны сезон да 40—50 рублёў.

Без накіпу і з торфам

Сталіца — лідар па даўжыні цепласетак. У Мінску больш за 4000 кіламетраў трубаправодаў, 2600 з якіх знаходзяцца на балансе філіяла Мінэнерга — «Мінскіх цеплавых сетак», а 1400 — пад наглядам прадпрыемства «Мінсккамунацепласетка».

Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона пачынаецца не з адключэння гарачай вады ў кватэрах, як можна падумаць, а з распрацоўкі графіка ў студзені—лютым, калі сезон у разгары. Графік гэты змяшчае ў сабе не толькі сезоннае адключэнне вады, але і рамонт абсталявання цеплакрыніц, будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыю (замену старых камунікацый новымі), паведамілі ў «Мінскіх цеплавых сетках».

Сёлета на апрасоўку і рамонт выводзілася 96 участкаў цепламагістраляў. Гэта 6880 дамоў, 463 дашкольныя ўстановы і 293 школы. Адрамантаваны цепласеткі на 87 аб'ектах.

У выніку рамонту заменена 15,197 кіламетра цепласетак (запланавана 20 кіламетраў). За 2019 год ліквідавана 481 пашкоджанне, у тым ліку 147 — на цепламагістралях. Здзейснена 77 бягучых рамонтаў асноўнага абсталявання цеплакрыніц са 116 запланаваных, рамантуецца помпавае абсталяванне ЦЭЦ-2 і кацельняў. Падчас рэканструкцыі і капітальнага будаўніцтва перакладзена 26,728 кіламетра цепласетак, з прымяненнем ПІ-труб — 25,770 кіламетра.

Рыхтавацца да сёлетняга ацяпляльнага сезона ў «Мінсккамунцепласетцы» таксама пачалі рана, ужо ў красавіку.

— Замянілі 33 з 54 запланаваных кіламетраў цепласетак, правялі гідраўлічныя іспыты трубаправодаў працягласцю 625 кіламетраў, адрамантавалі 39 кацельняў і 160 цэнтральных цеплапунктаў. Ачысцілі паверхню нагрэву, знялі накіп, усё прамылі, — падзяліўся лічбамі Уладзіслаў ЛЕВІН, галоўны інжынер прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка». — Па выніках дыягностыкі лабараторыі зваркі дэфектныя ўчасткі труб замянілі новымі.

Новыя тэхналогіі дазваляюць зніжаць пашкоджвальнасць цеплатрас. Сёлета іх стала амаль удвая менш. Пры гэтым трубаправоды рэгулярна аглядаюць, мяняюць лакальна старыя пракладкі, зношаную ізаляцыю.

Кацельні «Мінсккамунцепласеткі» працуюць як на газе, так і на мясцовых відах паліва, у асноўным на шчапе, якую і набываюць, і робяць самі. Магчыма, будуць выкарыстоўваць фрэзерны торф у выглядзе крошкі, бо, як мяркуецца, праз пэўны час торф будзе каштаваць прыблізна ўдвая танней, чым шчапа.

Ірына СІДАРОК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».