Вы тут

Як у Магілёве насельніцтва разам з народнымі абраннікамі робіць утульнымі свае двары


Кожны хоча жыць у прыгожым адрамантаваным доме і бачыць са сваіх вокнаў добраўпарадкаваную тэрыторыю. Але што рабіць, калі чарга на капрамонт яшчэ не падышла? Дзейнічаць. І дэпутаты першыя, хто ў гэтым пытанні змогуць дапамагчы.


Жыхары дома № 44 па вуліцы Маўчанскага пачалі з таго, што звярнуліся да свайго народнага абранніка Віталя Мартынава — дырэктара вагонабудаўнічага завода. Сумна ім стала глядзець на свой двор. Таму размову пачалі з таго, што і самі не супраць укласці грошы ў яго развіццё. Сваімі сіламі яны сабралі больш за 800 рублёў. І яшчэ больш за 1200 рублёў выдзеліў гарсавет.

— Была закуплена дзіцячая пляцоўка для гульні, з'явіліся дадатковыя лаўкі, сметніцы, — расказвае Віталь Васілевіч. — Дырэктар «Магілёўзелянбуда» Пётр Аляксейчыкаў, таксама дэпутат гарсавета, дапамог з азеляненнем. Шчыравалі разам з жыльцамі, праводзілі сумесныя суботнікі. Да работы далучыліся і камунальнікі: зрабілі праезды, пешаходныя сцежкі. Непасрэдны ўдзел у вырашэнні пытання прыняла і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова.

Віталь Мартынаў расказвае, што гэты дворык не адзіны за невялікі пакуль тэрмін яго дэпутацкай дзейнасці. Летась у гэтым жа мікрараёне быў прыведзены да ладу яшчэ адзін.

— Кожны год мы сумесна з прадстаўнікамі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна праводзім агляд двароў і высвятляем, наколькі грамадзяне гатовы паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні сваёй тэрыторыі, — кажа ён.— Нехта чакае, што двор зробяць за бюджэтныя грошы. Але ж мы усе добра ведаем, што напаўняльнасць бюджэту залежыць ад вынікаў работы рэальнага сектара эканомікі. Хацелася б, каб гэта напаўняльнасць была большая. Да таго ж ёсць першачарговыя пытанні, куды павінны накіроўвацца сродкі. Па плане работы па капрамонце выконваюцца, але заўсёды хочацца чагосьці большага.

Дэпутат прыводзіць прыклады ініцыятыўнасці грамадзян, калі яны не толькі на словах, але і на справе пацвярджаюць сваё жаданне жыць прыгожа. Бяруць у рукі рыдлёўкі, пэндзлі — капаюць, фарбуюць, саджаюць кветкі.

— Тэма добраўпарадкавання для мяне асабліва важная. У гэтым мікрараёне (выбарчая акруга № 27) жыве шмат работнікаў вагонабудаўнічага завода, якім я кірую, — кажа дэпутат. — І я лічу сваім абавязкам дапамагчы. Жыхары дома на Маўчанскага пажадалі, каб у двары з'явіўся дзіцячы цягнічок. Гэта цалкам па нашым профілі. Будзем нешта рабіць. Але пры гэтым заклікаю і астатніх да дзеяння. Нельга сядзець і чакаць, калі да цябе нехта прыйдзе і зробіць. Калі дом прыватны, чалавек імкнецца зрабіць яго прыгожым не толькі знутры, але і звонку. А чым адрозніваецца шматпавярховы жылы дом? Не трэба абмяжоўвацца выключна сваімі сценамі. Прыгожая тэрыторыя — гэта перш за ўсё справа рук саміх жыльцоў. Ды і трэба развівацца разам з горадам. Наводзім прыгажосць не толькі каля дамоў. Вунь адрамантавалі лесвіцу каля гандлёвага цэнтра «Кантынент». Гэта таксама вынік зваротаў жыхароў.

— Як толькі работы па добраўпарадкаванні пляцоўкі скончацца, правядзём свята двара, — кажа старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын. — Збіраемся акцэнтаваць увагу на такіх праектах. Бо гэта не адзіны такі прыклад. Трэба паказаць, як працуюць з насельніцтвам магілёўскія дэпутаты. Летась падчас выязной сустрэчы з жыхарамі мікразоны пасёлка Грабянёва да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Пятра Салаўёва звярнуліся маладыя сем'і з просьбай пасадзейнічаць ва ўладкаванні пляцоўкі для адпачынку ў раёне прыватнай індывідуальнай забудовы. На прапанову аб добраўпарадкаванні тэрыторыі адгукнуліся дэпутаты гарсавета Пётр Аляксейчыкаў, Іван Жук, Павел Ларчанка, Віктар Нікіцін. Сумесна з жыхарамі яны ачысцілі пляцоўку, абкасілі траву і зрэзалі хмызняк. З прыцягненнем прадпрыемстваў акругі неаднаразова ажыццяўляўся падвоз грунту для выраўноўвання газона пад футбольнае міні-поле, тут з'явіліся дзіцячыя арэлі, гімнастычныя брусы, лава для адпачынку, былі прывезеныя матэрыялы, з якіх жыхары зрабілі сталы і лаўкі, плот, дзіцячыя малыя архітэктурныя формы. За кошт грамадзян устанавілі на дзіцячай пляцоўцы гульнявы комплекс. А маладыя сем'і з дапамогай старых аўтамабільных пакрышак і іншых другасных матэрыялаў упрыгожылі тэрыторыю. Вынікам добраўпарадкавання стала арганізаванае жыхарамі свята для дзяцей з запрашэннем аніматараў.

Пры дапамозе дэпутатаў гульнявыя пляцоўкі з'явіліся ў двух дварах па праспекце Шміта — у раёне дамоў №№ 32, 34, 36 і №№ 94, 96. Абсталяванне закуплена і ўстаноўлена сумеснымі намаганнямі дэпутатаў, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна і жыхароў.

У тэму

Артур Гарбакоўскі, начальнік аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду прадпрыемства ЖКГ Магілёўскай вобласці:

— Тыя грошы, якія адлічваюць жыхары на капрамонт, акумулююцца на асобных субрахунках гар-, райвыканкамаў і накіроўваюцца выключна на капрамонт жыллёвага фонду, у адпаведнасці з зацверджанымі рашэннямі мясцовых выканаўчых органаў, бягучых графікаў на капрамонт жылога фонду. Комплекс работ плануецца, зыходзячы з тэхнічнага стану дома, года яго пабудовы, тэхнічнага стану канструкцыйных элементаў і гэтак далей. Бягучыя графікі капрамонту дамоў размешчаны на сайтах выканкамаў. На сённяшні дзень у вобласці плануецца адрамантаваць 122 дамы. Па звестках за восем месяцаў, усяго адрамантавана і ўведзена 151,2 тысячы метраў квадратных жылля — 63 дамы па вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: А рамонт дапамогуць зрабіць... дэпутаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?