Вы тут

У кастрычніку ў краіне стартуе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання


У кастрычніку ў краіне стартуе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання (РТ). Пералік устаноў, дзе яно будзе праводзіцца па матэрыялах арганізатараў ЦТ, можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ).


Сёлета рэгістрацыя на рэпетыцыйнае тэсціраванне будзе ажыццяўляцца ў анлайн-рэжыме праз адзіную сістэму рэгістрацыі ў асабістым кабінеце ўдзельніка тэсціравання на сайце РІКВ. Як тлумачаць у інстытуце, гэта робіцца для зручнасці абітурыентаў, магчымасці аператыўна вырашаць пытанні, што ўзнікаюць у ходзе рэгістрацыі, і інфармавання абітурыентаў аб выніках рэпетыцыйнай спробы.

Каб зарэгістравацца для ўдзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні, абітурыент павінен зайсці ў свой асабісты кабінет на сайце www.rіkс.bу, выкарыстоўваючы ўкладку «РТ, оn-lіnе рэгістрацыя», увёўшы серыю і нумар дакумента, які сведчыць асобу, або пасведчання аб нараджэнні, і пароль.

Калі будучы абітурыент рэгіструецца для праходжання рэпетыцыйнага тэсціравання ўпершыню, ён павінен стварыць свой асабісты кабінет удзельніка рэпетыцыйнага тэсціравання на сайце РІКВ, выкарыстоўваючы ўкладку «РТ, оn-lіnе рэгістрацыя».

У асабістым кабінеце трэба зрабіць заяўку на ўдзел у першым раўндзе рэпетыцыйнага тэсціравання, выбраўшы пункт яго правядзення, дату, час здачы экзамену, навучальны прадмет і мову прадстаўлення тэста (беларускую ці рускую).

Удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні аплачваецца з выкарыстаннем нумару асабовага рахунку, прысвоенага ўдзельніку у момант стварэння асабістага кабінета на сайце РІКВ. Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні складае сем рублёў за адзін прадмет. Аплаціць паслугу неабходна на працягу 24 гадзін з моманту фарміравання заяўкі на ўдзел у тэсціраванні, але не пазней часу заканчэння рэгістрацыі (дату і час заканчэння рэгістрацыі ўстанаўлівае пункт правядзення тэсціравання). Працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў РТ лічыцца завершаным толькі пасля здзяйснення аплаты. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў раздзеле «РТ» «Памятка ўдзельніку РТ».

Да пачатку ўступнай кампаніі абітурыенты змогуць праверыць свае веды некалькі разоў. Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання будзе доўжыцца да канца гэтага года. Другі этап пройдзе ў студзені — лютым. Трэці — у сакавіку — красавіку. Кожны раз варыянты, вынесеныя на «рэпетыцыю», будуць змяняцца.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.