Вы тут

У Магілёве можна ўбачыць унікальныя археалагічныя знаходкі


Анатоль Седзін — археолаг з болей чым 30-гадовым стажам, вучоны сакратар абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава. Пра любімую справу можа расказваць гадзінамі, гісторыяй захапляецца з дзяцінства. Нават падлічыць цяжка, колькі часу ён правёў у археалагічных экспедыцыях. Іх вынікам сталі больш за сотню навуковых артыкулаў і дзве кнігі. Важнасць яго даследчай і асветніцкай работы ацанілі на высокім узроўні: Анатоль Аляксеевіч атрымаў грант Прэзідэнта, які стаў адзнакай работы і стымулам для далейшых даследаванняў. Падрыхтаваная ім выстаўка «Жалезны век і ранняе Сярэднявечча Усходняй Беларусі» (яна будзе працаваць амаль да канца гэтага года) — па сутнасці, дэманстрацыя ўсяго таго ўнікальнага, што было знойдзена на працягу апошніх гадоў. Па словах Анатоля Седзіна, Магілёўшчына — сапраўдная скарбніца старажытных каштоўнасцяў. Шмат у чым так сталася дзякуючы асабліва паўнаводнай у эпоху Сярэднявечча рацэ Дняпро. Менавіта ўздоўж Дняпра ішло перамяшчэнне і рассяленне плямёнаў.


У му­зеі за­хоў­ва­ец­ца са­мая вя­лі­кая ка­лек­цыя паль­ча­тых фі­бул.

Прачытаць код нацыі

Такога разнастайнага і багатага матэрыялу, напэўна, няма ні ў адной іншай вобласці Беларусі. На поўначы, напрыклад, жылі ў асноўным крывічы, на Гомельшчыне — радзімічы. А магілёўскія землі сталі прытулкам для розных плямёнаў. Тут засталіся паселішчы і крывічоў, і радзімічаў, і дрыгавічоў, якія насялялі Падняпроўе, пачынаючы з VІІІ стагоддзя. У Слаўгарадскім раёне налічваецца больш за 200 помнікаў археалогіі. Непадалёк ад Блакітнай крыніцы ёсць стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, славянскія паселішчы. Мясціны проста ўнікальныя і амаль не кранутыя археолагамі — у прыватнасці, таму, што забруджаныя чарнобыльскім попелам. Але, як сведчаць спецыялісты, у зямлі старажытныя прадметы таксама нядрэнна захоўваюцца. А з часам, магчыма, з'явяцца прыборы, з дапамогай якіх падземныя багацці можна будзе праглядаць, нават не падымаючы іх на паверхню.

Археалагічныя фонды абласнога краязнаўчага музея налічваюць 27 тысяч прадметаў асноўнага і каля 119 тысяч навукова-дапаможнага матэрыялу. Гэта адна з найвялікшых калекцый у нашай краіне. Магілёву заўсёды шчасціла з археолагамі: Міхась Ткачоў, Леанід Аляксееў, Леанід Побыль, Вячаслаў Капыцін зрабілі вялікі ўнёсак у агульную справу. Старажытнае мінулае Магілёўшчыны вывучалася на працягу шматлікіх гадоў. Музей носіць імя выдатнага вучонага, даследчыка Еўдакіма Раманава, які, дарэчы, таксама быў археолагам.

— На жаль, яго матэрыялы не захаваліся, — уздыхае суразмоўца. — Як і даваенная калекцыя музея. Але пачынаючы з пасляваеннага часу музей пастаянна праводзіў археалагічныя даследаванні і сіламі сваіх супрацоўнікаў, і ў складзе тых экспедыцый, якія сюды прыязджалі.

У музеі ёсць вялікая стацыянарная экспазіцыя па археалогіі, якая створана больш за 20 гадоў таму. І хоць яе экспанаты перыядычна мяняюцца, паказаць усё, што ёсць у запасніках, немагчыма. Выстаўка «Жалезны век і ранняе Сярэднявечча Усходняй Беларусі» дала шанц убачыць тыя багацці, якія дагэтуль наогул не выстаўляліся. Гэтымі прадметамі нельга не захапіцца. Бо яны — своеасаблівы наш радавод, код нацыі, інфармацыя пра тое, якімі мы былі амаль дзве тысячы гадоў таму.

Край гарадзішчаў і курганоў

Частку гэтых аб'ектаў можна ўбачыць на выставачных здымках. На першы погляд — нейкія пагоркі, парослыя дрэвамі. Але спецыялісты ніколі не пераблытаюць рукатворныя насыпы з прыроднымі. У VІІ стагоддзі да нашай эры гэта былі непрыступныя валы і магутныя ўмацаванні. За дзясяткі стагоддзяў яны паменшыліся ў памерах, але, калі прыглядзецца, і цяпер уражваюць. Месцамі яны дасягаюць у вышыню пяці і больш метраў.

— Адно з самых прыгожых у вобласці гарадзішчаў знаходзіцца ў вёсцы Міцькаўшчына Мсціслаўскага раёна, — звяртае ўвагу Анатоль Седзін. — Яно абнесена магутнымі валамі, па перыметры якіх стаялі абарончыя сцены. Пад імі ў перыяд вайны або нейкай іншай небяспекі хаваліся людзі.

VІІ стагоддзе да нашай эры — гэта той самы перыяд, калі з'яўляюцца першыя зробленыя найпрасцейшымі кавальскімі інструментамі недасканалыя прадметы з балотнай руды і крыцы для дому і працы. А яшчэ больш — магутная зброя.

— Пасля таго як з'явілася жалеза, сталі частымі ўзброеныя сутыкненні і канфлікты, — удакладняе археолаг. — Таму людзі і пачалі ўмацоўваць свае пасяленні равамі і валамі.

На палічках прадметы з тысячагадовай гісторыяй, але некаторыя з іх вельмі падобныя на тыя, якімі мы карыстаемся цяпер. Той жа посуд, халодная зброя, інструмент для апрацоўкі зямлі.

— Яны першапачаткова былі дасканалыя, — канстатуе суразмоўца. — Нашы продкі былі больш дасведчаныя і мудрыя, чым мы. Яны знаходзілі больш гармоніі з навакольным асяроддзем, былі больш універсальныя, шмат чаго ўмелі. Яны не адносіліся да прыроды па-вар'яцку. І нам шмат чаму трэба ў іх павучыцца.

На музейных вітрынах каштоўныя ўпрыгажэнні таго перыяду з цікавымі малюнкамі. На тых жа пальчатых фібулах з Нікадзімава мудрагелістыя завіткі, салярныя знакі, галовы розных жывёл.

— Гэта вельмі рэдкія рэчы, — удакладняе суразмоўца. — У 1987 годзе, калі мы знайшлі пальчатую фібулу, яна была адна з першых у Беларусі. На сёння ў нас самая вялікая калекцыя пальчатых фібул.

Вабіць вока шыкоўная калекцыя жаночых упрыгажэнняў з выемчатымі эмалямі. Падковападобныя, трохвугольныя, круглыя — прыгажуні ІІ—V стагоддзя ведалі толк у модзе.

У калекцыі прадметы перыяду ўтварэння ў Верхнім Падняпроўі першых гарадоў — цікавы меч канца ІХ—Х стагоддзяў, скроневае кольца радзімічаў, спражкі, фрагменты шкляных бранзалетаў ХІІ стагоддзя. А яшчэ маленькія кісцяні і булавы, удары якіх маглі быць зусім не бяскрыўдныя для чалавека.

Рэ­чы са ста­ра­жыт­ных га­ра­дзі­шчаў.

Таямніцы старажытнага Нікадзімава

Суразмоўца згадвае адно са старажытных месцаў пражывання нашых продкаў — гарадзішча Нікадзімава, якое ён асабіста даследаваў дасканала і грунтоўна. Яно знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна. Умацаванню 1,5 тысячы гадоў, а ў нас ёсць магчымасць убачыць, як яно выглядала. Гісторык напісаў пра Нікадзімава кнігу, якая на першым форуме нацыянальных музеяў Беларусі ў Гродне стала найлепшай сярод выданняў аб музейных прадметах.

— Мы даследавалі больш за тысячу квадратных метраў культурнага слоя, перабралі цэлы эшалон зямлі і знайшлі вялікае мноства розных прадметаў V—VІІ стагоддзяў, — кажа Анатоль Седзін. — Гэтае ўнікальнае пасяленне самае багатае не толькі ў Беларусі, а і наогул на ўсёй тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Такіх буйных аб'ектаў больш няма.

Даследчыкі высветлілі, што ў Нікадзімаве быў значны адміністрацыйна-тэрытарыяльны цэнтр, тут знаходзілася сядзіба князя і яго дружыны. Пра гэта сведчыць мноства зброі, наканечнікаў стрэл, дзід. А яшчэ тут былі знойдзены рэдкія жаночыя ўпрыгажэнні, бытавыя рэчы, насенне, косткі болей чым 50 жывёл. Усё гэта загінула ў агні пажару. Нікадзімава, як мяркуюць даследчыкі, спалілі качэўнікі.

— Тыя ж трохлопасцевыя наканечнікі стрэл, якія мы знайшлі, былі на ўзбраенні розных плямёнаў, але часцей сустракаліся ў качэўнікаў паўднёвых тэрыторый, — кажа археолаг. — Нехта лічыць, што крыж на гарадзішчы паставілі авары. Але, паўтаруся, гэта толькі здагадкі.

Цікавая знаходка — гнуты двухлязовы меч, самы старажытны на тэрыторыі Беларусі, ён датуецца VІ стагоддзем. Многім цяжка разглядзець у гэтым іржавым зламаным кавалку жалеза нешта каштоўнае, але спецыялісты ведаюць цану такім рэчам.

— Вось і я спачатку прыняў яго за скоблю, якой здымаюць кару дрэва, — усміхаецца мой гід. — А калі разгледзеў яго ўважліва, зразумеў, як нам пашчасціла. Такіх артэфактаў наогул у краіне амаль няма. На жаль, другую частку мяча не знайшлі, яна, магчыма, і цяпер ляжыць недзе ў зямлі. Такі меч быў на той час вельмі рэдкай і дарагой зброяй. Як і знойдзены там жа самы старажытны на тэрыторыі нашай краіны бранябойны наканечнік стралы. Нам сустракаліся нават фрагменты кальчугі. Уяўляеце, у шостым стагоддзі нашай эры былі ўжо бранябойныя наканечнікі стрэл і кальчугі. Гэта фантастыка.

Гісторык не хавае, што археалагічныя таямніцы нашай зямлі цікавыя для свету.

— У нас ёсць такія старажытныя рэчы, якія ўяўляюць цікавасць для ўсяго чалавецтва, — кажа ён. — Не раз даводзілася бываць на навуковых канферэнцыях у Расіі, Польшчы, іншых краінах. У нас шмат агульнага мінулага, а археалогія — адна з нямногіх навук, якая не дасць сказіць гісторыю. Кожную падзею яна пацвярджае фактычным матэрыялам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пра што маўчаць старажытныя курганы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».