Вы тут

Якім будзе новае школьнае меню?


У 2019/2020 навучальным годзе для школьных сталовак распрацавана адзінае двухтыднёвае меню, якое ўключае як традыцыйныя стравы, так і новыя прысмакі.


— Апошніх — дзесяць, сярод іх яблычны пірог «Смак», чымсьці падобны на шарлотку, катлета са свініны «Знайка» з дабаўленнем аўсяных шматкоў, запечанае філе птушкі «Капрэзэ» з памідорам, цефцелі з рыкотай, — паведаміла намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Марына ДЗЯКАВА. — У буфетах вучням прапануюцца свежая агародніна, тварожная прадукцыя, карысныя салаты, сытныя бутэрброды. Для дзяцей, якія атрымліваюць харчаванне за кошт сродкаў бюджэту, прадугледжаны сняданак і абед, а для тых, хто харчуецца за кошт сродкаў бацькоў і іх законных прадстаўнікоў, — толькі абед. З улікам таго, што сталічныя школы досыць шматлікія і накарміць усіх дзяцей у адзін прыём праблематычна, харчаванне даводзіцца арганізоўваць на кожным перапынку. Таму можа ўзнікнуць сітуацыя, калі хлопчыкі і дзяўчынкі з ільготных катэгорый прыходзяць снедаць, а школьнікі, чыё харчаванне аплачваюць бацькі, — абедаюць. Але пазней і ў дзіцяці з ільготнай катэгорыі будзе такі ж абед.

Па словах Марыны Дзякавай, вучні першых-чацвёртых класаў, якіх у сталіцы каля 91 тысячы, атрымліваюць сняданак на суму 1,57 рубля. Вучням ільготных катэгорый, якіх у Мінску прыблізна 31 тысяча, даецца аднаразовае, двухразовае або трохразовае бясплатнае харчаванне: аднаразовае — да 2,11 рубля, трохразовае — да 4,65 рубля.

— Між іншым, стравы, якія даюцца ўсім вучням на выбар, зацвярджаюцца з улікам густаў дзяцей, — заўважае Марына Дзякава. — Для гэтага ў школах і гімназіях перыядычна праводзіцца анкетаванне, а таксама вядзецца тлумачальная работа як з дзецьмі, так і з іх бацькамі, прысвечаная прынцыпам здаровага харчавання.

Начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя МІХАЛЬЧУК запэўніла, што адзіны рацыён цяпер прадугледжаны для ўсіх дзяцей ва ўсіх школах краіны, не зважаючы на тое, за чый кошт яны харчуюцца: дзяржаўнага бюджэту, бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.

— Харчаванне вядзецца па прыкладным двухтыднёвым рацыёне, які распрацоўваецца згодна з санітарнымі нормамі і патрабаваннямі, з улікам узросту школьнікаў. Якасць кожнай партыі прыгатаванай ежы ў сталоўках і буфетах штодня правярае бракеражная камісія, якая павінна быць створана ў школах або садках. Для дзяцей, якія па медыцынскіх паказаннях знаходзяцца на дыетычным харчаванні, забяспечваецца спецыяльны рацыён. Цяпер у краіне функцыянуе 2802 установы агульнай сярэдняй адукацыі. Пры іх працуе 3319 аб'ектаў грамадскага харчавання: 70 працэнтаў з іх — сталоўкі, астатнія — школьныя буфеты, кавярні і крамы кулінарыі.

Люцыя Міхальчук адзначыла, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі харчаванне ажыццяўляецца пераважна за кошт бацькоў. Але пэўным катэгорыям сем'яў даюцца льготы, што зніжаюць яго цану на 50 працэнтаў. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі бясплатна харчуюцца дзеці з інваліднасцю, навучэнцы, якія пакутуюць на анкалогію, сухоты, вірус імунадэфіцыту чалавека. Для дзяцей са шматдзетных сем'яў плата зніжана на 50 працэнтаў.

Калі ва ўстанове адукацыі ўзнікаюць праблемныя сітуацыі з арганізацыяй харчавання, бацькі павінны паведамляць пра гэта яе кіраўніку. Калі пытанне на гэтым узроўні ігнаруецца, трэба звяртацца ў аддзел ці ўпраўленне адукацыі, дзе ёсць спецыялісты, якія курыруюць арганізацыю харчавання, і гэта праблема абавязкова будзе вырашана.

«Школьнае і дашкольнае харчаванне павінна быць збалансаваным і натуральным, — падкрэслівае кансультант аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Анастасія ЕРАХАВЕЦ. — Меню складаецца так, каб ежа была разнастайная. У стравах выкарыстоўваюць дабаўкі з марской капусты, у мясныя вырабы замест хлеба дадаюць крупы. Акрамя таго, два дні запар стравы не паўтараюцца. У школьных буфетах павінны быць прадстаўлены ў асартыменце натуральныя сокі, у якіх фруктовая частка складае не менш за 50 працэнтаў, кісламалочныя і малочныя прадукты. А вось кандытарскія вырабы прамысловай вытворчасці, такія як цукеркі і печыва, павінны быць абмежаваныя да двух найменняў. Піцы, смажанкі, сасіскі ў цесце могуць прысутнічаць не часцей, чым два разы на тыдзень. Акрамя таго, у буфетах арганізуюцца куткі здаровага харчавання, дзе можна набыць прадукцыю, узбагачаную пекцінам, напрыклад зефір».

Пра новыя распрацоўкі ў галіне дзіцячага харчавання расказала вядучы спецыяліст Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Наталля БЕЛЯКОВА:

— У нашым «партфелі» прадстаўлена ўжо больш за 350 найменняў прадуктаў: гэта кісламалочныя, сухія малочныя прадукты, сокі, фруктова-агароднінныя пюрэ, макаронныя вырабы і іншыя. Вядуцца работы па распрацоўцы чайных напояў і пітной вады для дзяцей. У рамках навукова-тэхнічнай праграмы «Дзіцячае харчаванне. Якасць і бяспека» Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці і Навукова-практычным цэнтрам па харчаванні ствараюцца спецыялізаваныя прадукты для дзяцей, хворых на фенілкетанурыю (гэта рэдкае генетычнае захворванне, пры якім у арганізме парушаецца расшчапленне незаменнай амінакіслаты). Усе прадукты для такіх дзяцей ствараюцца на аснове крухмалу.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?