Вы тут

Валанцёрскі клуб «СЛОН» мае вопыт удзелу ў мерапрыемствах рознай накіраванасці


Менавіта так называецца валанцёрскі клуб Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Чаму не атрад, як гэта бывае звычайна, і адкуль узнікла назва? Мы сустрэліся з членамі гэтага добраахвотнага аб'яднання і яго заснавальніцай Анжалікай Байко, старшым выкладчыкам кафедры педагогікі сацыяльна-культурнай дзейнасці ВНУ.


— Сапраўды, у снежні 1999 года са студэнтаў нашай кафедры, якія навучаліся па спецыяльнасцях «сацыяльная работа», «сацыяльная педагогіка» і праходзілі на першым курсе практыку пад назвай «Міласэрнасць», напачатку быў створаны добраахвотніцкі атрад. Ён ставіў мэтай даць кожнаму яго члену магчымасць сфарміраваць прафесійныя кампетэнцыі і развіць важныя асабістыя якасці. Першыя пяць гадоў назвы ў атрада не было, але з прычыны павелічэння колькасці суб'ектаў дапамогі, неабходнасці ўдзелу ў розных конкурсах і падачы праектных заявак, гэта пытанне стала падымацца. А ў 2010 годзе атрад быў пераўтвораны ў клуб, — расказала пра гісторыю стварэння «Слана» Анжаліка Пятроўна.

— Слова «клуб» было больш знаёма студэнтам БДУКМ, бо іх нярэдка размяркоўвалі менавіта ў такія сельскія ўстановы, — смеючыся, дадае Настасся Кузьміч, камандзір аб'яднання ў 2009—2012 гадах, якая цяпер працуе мастаком-рамеснікам. — Дарэчы, Анжаліка Пятроўна і «прывяла» «Слана» ў клуб. Насамрэч гэта абрэвіятура, якая расшыфроўваецца як «слова любви, обретающие надежду».

На сёння валанцёрскі клуб «СЛОН» мае найбагацейшы вопыт удзелу ў мерапрыемствах самай рознай накіраванасці. Гэта і арганізацыя дзейнасці з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі-інвалідамі, і наведванне дамоў ветэранаў... Канцэрты, конкурсы, тэатралізаваныя паказы, дапамога ў добраўпарадкаванні тэрыторый... Арганізацыя і ўдзел у сумесных міжнародных, рэспубліканскіх праектах, гарадскіх сацыяльна-культурных мерапрыемствах...

— Іх бывае па тры-чатыры за дзень. Для мяне, напрыклад, самым маштабным з такіх стаў модны паказ «Каляровыя сны», ён праходзіў у Нацыянальнай школе прыгажосці. Юныя мадэлі з ліку дзяцей-сірот, што да таго ж маюць розныя асаблівасці развіцця, выходзілі на подыум у адзенні, якое спецыяльна пашылі мадэльеры, а сам выхад суправаджаўся выступленнем вядомых артыстаў беларускай эстрады. Падчас кожнага такога мерапрыемства ўсведамляеш, што ўсё ты рабіў нездарма, і чакаеш рэалізацыі новых ідэй, — дзеліцца Кірыл Громаў, студэнт другога курса факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці.

Настасся Грыцкевіч, выпускніца 2019 года, а цяпер малады спецыяліст культурна-забаўляльнага цэнтра «Рытм» ААТ «Керамін», расказала пра вопыт супрацоўніцтва з папраўчай установай адкрытага тыпу № 35 у Мінску:

— Калі пачула першы раз, дзе трэба валанцёрыць, пачуцці былі, шчыра кажучы, змешаныя. Я не зусім разумела, як з тымі хлопцамі камунікаваць, пра што гаварыць. Баялася, як на мяне будуць рэагаваць, ці ўспрымуць усур'ёз і г. д. Але ўжо пасля першай рэпетыцыі мы абдымаліся пры расставанні і планавалі далейшае супрацоўніцтва. Вядома, былі пэўныя моманты, якія патрабавалі большай стараннасці і цярпення з майго боку, але я разумела, што і ім даводзіцца часам пераступаць цераз сябе. Сумеснымі кампрамісамі і саступкамі мы намацалі шлях работы адно з адным. Наша сяброўства (не пабаюся гэтага слова) пачалося са снежня мінулага года і паспяхова доўжыцца дагэтуль. Разам мы ўжо ўвасобілі ў жыццё шмат праектаў, акцый і мерапрыемстваў, за гэты час хлопцы сталі больш мяккія і камунікабельныя ў стасунках. Я думаю, што гэта наша агульная заслуга. Мы, у сваю чаргу, пазбавіліся ад многіх забабонаў, перагледзелі некаторыя жыццёвыя ўстаноўкі. Гэтае супрацоўніцтва пайшло на карысць абодвум бакам.

Па словах Кірыла Громава, «кожнае мерапрыемства, кожнае праведзенае імгненне ў клубе нясуць толькі станоўчыя эмоцыі. Вядома, перыядычна ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, але дзякуючы зладжанай рабоце хлопцаў і дзяўчат і падтрымцы куратара Анжалікі Пятроўны мы іх пераадольваем».

«Немагчыма растлумачыць словамі тыя эмоцыі і прычыны, якія натхняюць займацца валанцёрствам, — кажа Настасся Грыцкевіч. — Сябры ставяцца да яго вельмі па-рознаму. Некаторыя ўжо ўступілі ў наш клуб, што для мяне вельмі важна. Але мы ніколі не прымушаем і знарок не агітуем. Прыемна, калі людзі самі да гэтага прыходзяць».

Дзмітрый Каракуца, выпускнік 2019 года, які цяпер працуе асістэнтам івэнт-менеджара ў рэкламным агенцтве, раіць людзям, якія хацелі б стаць валанцёрамі, але па нейкіх прычынах баяцца пачаць: «Трэба не хвалявацца, а зрабіць першы крок, прыняць удзел у некалькіх мерапрыемствах і ўсё — адказ прыйдзе сам сабой».

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Загаловак у газеце: Надзею дорыць «СЛОН»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».