Вы тут

Кампазітар Дзмітрый Фрыга: Самае дзёрзкае яшчэ наперадзе


Вы любіце кіно? А тэатр? А рэкламу? А ці ведаеце, чыя музыка не выходзіць з вашай галавы пасля спектакля? А чыю мелодыю напяваеце пасля фільма? Задумваліся, хто прыдумаў тыя акорды, па якіх без запінкі адгадваецца ўлюбёны брэнд? Не ведаеце? А вось кампазітар Дзмітрый Фрыга дакладна ведае, хто стварыў саўндтрэкі да кінакарцін «Вышэй за неба», «ГараШ», «РАRTY-ZАN фільм», хто аздобіў гукам Тэатр беларускай драматургіі, хто напісаў ноты да любімых (ці наадварот?) рэкламных ролікаў. Здагадваецеся, чаму?


— Многія прызнаюцца, што сталі музыкантамі дзякуючы бацькам: яны першымі заўважылі талент і, часам насуперак дзіцячаму жаданню, прывялі ў музычную школу. Ваша гісторыя мае падобны пачатак?

— Магчыма, я вас здзіўлю: мае бацькі ніколі не хацелі, каб я вучыўся ў музычнай школе. Памятаю, тата быў нават супраць: куды, маўляў, нам гэтае фартэпіяна. Але я настойваў... З ранніх гадоў адчуваў, што павінен займацца творчасцю. Маленькім я проста абажаў чытаць вершы і спяваць. Таму вучоба ў музычнай школе, а пазней у Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы і ў БДПУ імя М. Танка на музычным аддзяленні трымалася выключна на маім жаданні. Быў, праўда, момант, калі ў сярэдніх класах я апынуўся перад выбарам: музыка або інфарматыка. Але, як бачыце, мастацтва ўзяло верх.

— Капіраванне чужых прыёмаў лічыцца натуральным этапам станаўлення творцы. А вам, пачаткоўцу, на каго хацелася быць падобным?

— Ужо падчас навучання ў каледжы, калі я пачаў паглыблена вывучаць гісторыю музыкі, калі сутыкнуўся з прафесійным аналізам твораў, калі асэнсаваў, як развіваецца музычнае мастацтва, сярод безлічы майстроў вылучыліся асобы, якія сталі маімі арыенцірамі. Я адкрыў іх для сябе ўжо не проста як слухач, але як прафесіянал. У акадэмічнай музыцы гэта Людвіг ван Бетховен і Сяргей Пракоф'еў. А ўлюбёныя прадстаўнікі папулярнай музыкі — гурты Quееn і Thе Bеаtlеs. Я захапляюся іх упартасцю, працаздольнасцю, смеласцю перад новым і рызыкоўным. Іх пераадоленне трывіяльнасці і самакапіравання мяне натхняе.

— Вы працавалі гукарэжысёрам на радыёстанцыях «Сталіца», «Юністар», «Бі-Эй», «Мінская хваля». Ні ў каледжы, ні ва ўніверсітэце асновы гукарэжысуры не выкладаюцца. Дзе вучыліся, адточвалі сваё майстэрства?

— Яшчэ студэнтам я бачыў, як імкліва развіваецца музычная культура. Разумеў, што ўменняў, якія даюць навучальныя ўстановы, недастаткова для поспеху. Гукарэжысура, сапраўды, ні ў каледжы, ні ва ўніверсітэце не выкладалася. Але я шукаў літаратуру, раіўся са старэйшымі калегамі... Безумоўна, мне вельмі дапамаглі велізарныя архівы «Ютуба». А ўвогуле я — вечны вучань, вечны навічок. Кожны раз, беручыся за новую работу, разумею, што зноў трэба пачынаць спачатку, зноў трэба вучыцца. Без самаадукацыі прафесіяналу не абысціся.

— Як тэатральны кампазітар вы дэбютавалі ў тэатры імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева «Людзі на балоце», а сёння на сцэне Тэатра беларускай драматургіі ваша музыка гучыць у гарцуеўскіх жа спектаклях «Тры Жызэлі», «Пелікан», «Сірожа». Памятаеце, як пазнаёміліся з майстрам?

— Я тады якраз працаваў на радыё «Юністар». Аляксандр Гарцуеў удзельнічаў у адной з нашых праграм. Пасля запісу я расказаў пра сябе — пра адукацыю, пра свае сачыненні, пра вопыт дырыжыравання — і прапанаваў штосьці напісаць для тэатра. Безумоўна, Аляксандр Фёдаравіч мог бы скептычна ўспрыняць такую смелую прапанову, але майстра зацікавіўся і папрасіў паказаць некалькі накідаў. На вялікае шчасце, яму спадабалася, і ён адразу ж запрасіў мяне аформіць пастаноўку «Людзі на балоце». Адказнасць была велізарная: такі твор, ды яшчэ на сцэне Купалаўскага! Але, як мне здаецца, я справіўся няблага. Супрацоўнічаць з тэатрамі для мяне — вялікая радасць. Але так сталася, што апошнім часам не паспяваю адсочваць, як праяўляюць сябе ў тэатры мае калегі: нядаўна я стаў бацькам двайнят, і на прэм'еры ў мяне пакуль не стае часу.

— А прывядзіце, калі ласка, прыклады ўдалага, на ваш погляд, музычнага афармлення фільмаў...

— У кінамузыцы спецыфіка такая: музычная тэма мусіць задаваць тон, ствараць атмасферу, перадаваць настрой карціны, і ў той жа час яна не павінна раздражняць, адцягваць увагу. Некаторыя рэжысёры ўдала выкарыстоўваюць кампіляцыю вядомых музычных твораў. Як прыклад — «Змрок» Кэтрын Хардвік. Спецыяльна для фільма была напісана толькі адна фартэпіянная тэма, астатняе — трапна падабраныя песні славутых гуртоў... Мне вельмі падабаецца, як піша для кіно Алан Менкен. Цудоўна працуе Дэні Эльф-
ман: аформленая ім карціна «Кашмар перад Калядамі» — выдатны прыклад фільма-мюзікла. Шыкоўная музыка ёсць і ў Раміна Джавадзі: думаю, многія ведаюць яго трэкі да фільмаў «Жалезны чалавек», «Свет дзікага Захаду» і, безумоўна, «Гульня тронаў». Пасля прагляду згаданых карцін яшчэ доўга памятаеш і музыку — а гэта так каштоўна.

— Шосты год вы ўваходзіце ў незалежнае творчае аб'яднанне «Без Буслоў Артс», якое скіравана на стварэнне і прасоўванне фільмаў. Як вы, прафесійны музыкант, прыйшлі да думкі стаць кінапрадзюсарам?

— Аднойчы, седзячы ў кавярні, мы з рэжысёрам Андрэем Курэйчыкам загаварылі пра тое, што на беларускае кіно наракаюць усе: публіцы няма чаго глядзець, акцёрам няма дзе здымацца, а ў пастаноўшчыкаў няма сродкаў, за што здымаць. І падумалі: а чаму б нам проста не паспрабаваць стварыць сваё кіно? Так, як можам. Так, як адчуваем. З'явілася ідэя зрабіць фільм пра аўтасэрвіс. Знайшлі гараж — і праблема з дэкарацыямі была вырашана. Толькі паставіў святло — і пляцоўка для здымак гатовая. Мы з Курэйчыкам скінуліся па дзве з паловай тысячы долараў, і гэтых грошай хапіла на ўсе выдаткі. За чатыры здымачныя змены зрабілі фільм «ГараШ». Карціна была прадстаўлена на кінафестывалі «Лістапад», а пасля выйшла і ў шырокі пракат. На той момант «ГараШ» быў самым камерцыйна паспяховым беларускім фільмам. Важна было даказаць, што і малабюджэтнае кіно можа мець попыт. Цяпер нам, творцам, важна не спыняцца. Сёння «Без Буслоў Артс» схіляецца да стварэння не камерцыйнага, а фестывальнага кіно.

— Вы пісалі музыку для рэкламы такіх вядомых брэндаў, як Bоn Аquа, Соса-Соlа, MсDоnаlds, Gеfеst ды многіх іншых — на рахунку ўжо некалькі соцень агучаных ролікаў. У чым тут спецыфіка?

— Хачу сказаць, што тэрміны работы над рэкламнай музыкай заўсёды вельмі кароткія. Часта мне тэлефануюць з агенцтва, тлумачаць, што трэба зрабіць, а назаўтра я ўжо здаю заказ. Хуткасць — адно з галоўных патрабаванняў да кампазітара, які працуе ў гэтай сферы. Але часам бываюць праекты, якія рыхтуюцца доўга і калектыўна. Напрыклад, аднойчы мяне папрасілі напісаць гімн для футбольнай каманды. Дзеля гэтага запрасілі сімфанічны аркестр і хор, а запіс рабілі ў Доме радыё. Незабыўны заказ! Хачу сказаць, што рэклама — вельмі карысны вопыт. Кожны раз ты працуеш у новым жанры, кожны раз выпрабоўваеш сябе.

— Для некаторых вы вядомы як Frіgа — выканаўца аўтарскіх песень. Як вырашыліся пісаць песенныя тэксты па-англійску?

— З праекта Frіgа, можна сказаць, і пачалося маё прафесійнае станаўленне як кампазітара. Гэта так званая першая проба пяра. Цяпер бачу свае хібы і ў аранжыроўцы, і ў выкананні — разумею, што многае можна было б зрабіць па-іншаму, лепш. Але Frіgа — этап, праз які я, малады, мусіў прайсці, няхай і з памылкамі. На пачатку дзейнасці адразу хацеў вызначыцца, хто мая аўдыторыя, для каго я працую. І гэтым пытаннем, дарэчы, раю задацца ўсім навічкам — адказ многае вызначыць. Мне, пачаткоўцу, хацелася, каб творчасць была запатрабавана і за мяжой, таму і пісаў песні па-англійску. З тэкстамі праблем хапала, але, на шчасце, у мяне былі знаёмыя лінгвісты, якія маглі мне штосьці падказаць, выправіць, дапамагчы адпрацаваць вымаўленне. Яшчэ ў свой час мне вельмі пашанцавала з выкладчыцай замежнай мовы ва ўніверсітэце — менавіта ад яе атрымаў асноўныя веды.

— А якую сваю работу вы лічыце самай смелай, самай дзёрзкай?

— Нечаканым паваротам у кар'еры стаў аўтарскі праект брата TrосkеnSаft, які даў мне магчымасць паспрабаваць сілы ў электроннай музыцы. Дзіўны вопыт! Але самае дзёрзкае яшчэ наперадзе: даўно я думаю пра тое, каб напісаць оперу. Трэба ўжо нарэшце сабрацца з сіламі!

Марыя Страх, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.