Вы тут

Арына Гардзей. Крама з непрыгожымі вавёркамі


У кніжнай краме, якая стаіць праз пару кварталаў ад цэнтра горада, ніколі не вадзілася прыгожых вавёрак. На дзіва, у ёй не вадзілася і пакупнікоў, толькі часам нехта забрыдаў, заблытаўшыся ў снягах ці заблукаўшы ў тумане. Забрыдаў, слізгаў вачыма па кнігах у старамодных вокладках, страсаў з сябе сняжынкі і холад, каб зноў пайсці ў туман і больш не вяртацца. Не вяртацца ў пыльную залу, дзе рэшткі сонечных промняў, працэджаныя праз жалюзі, з'яўляюцца хіба што па святах. Але гэта падабаецца маладой прадаўшчыцы, як падабаецца ёй танцаваць у адзіноце на шэрым у белую крапінку граніце, акуратна пераступаючы з квадрата ў квадрат...

We passed upon the staіr

We spoke of was and when

Although І wasn't there.


Затое непрыгожых вавёрак у краме хоць гаць гаці. Яны стаяць у аддзеле з канцылярыяй, зробленыя невядома кім, невядома навошта, і глядзяць на адны і тыя ж кніжкі крыва прыклеенымі вачыма. Побач з імі такія ж нязграбныя кацяняты нязменна пільнуюць ручкі, лінейкі і алоўкі. Зрэдку іх жыццё весялее: у краму завітвае якая-небудзь мама з дзіцёнкам, якому так шкада гэтых маркотных цацак, што слёзы наварочваюцца.

«Ну навошта табе гэтае непаразуменне?»

He saіd І was hіs frіend.

«Не нудзі! Ты паглядзі, якая яна непрыгожая, фу. Футра куртатае тырчыць у розныя бакі, вочы крывыя, іх нават прыклеілі не там, дзе яны павінны быць. Хадзем. Не нервуй мяне!»

«Ну ма-а-а-а...»

Whіch came as a surprіse.

«Паглядзіце, калі ласка, у нас ёсць яшчэ кацяняты. Мо нехта з іх спадабаецца?»

«Здзекуецеся?! Я не хачу нанесці свайму дзіцяці псіхалагічную траўму! І музыку сваю цішэй зрабіце! Працуеце абы-як і абы-што прапаноўваеце!»

А прапанаваць больш і не было чаго.

Грукнулі дзверы. І зноў у цішыні пераступаюць з пліткі на плітку хударлявыя ногі ў танных гумовых шлёпанцах...

І thought you dіed alone

A long long tіme ago, —

ціха падпявае тонкі голас, і дзяўчына кружыцца, кружыцца па пустой зале, прыгожа абмінаючы запыленыя старажытныя стэлажы.

* * *

У краму нават новыя кнігі паступалі з тоўстым слоем пылу. У выдавецтвах маглі бажыцца, што нічога стагоддзямі не ляжала на складзе і ніякай старой макулатуры яны не пастаўлялі. Па шчырасці, гэтым ніхто не цікавіўся: кнігі прывозілі, тыя не прадаваліся, іх адвозілі назад у выдавецтва, але адрас крамы з непрыгожымі вавёркамі чамусьці гублялі сярод іншых кніжных, і пра гэтыя партыі больш ніхто не згадваў. Як ні спрабавала прадаўшчыца датэлефанавацца, колькі ні паварочвала празрысты дыск на жоўтым тэлефоне, колькі ні трымала цяжкую трубку — ніякага адказу.

Oh no, not me

І never lost control, —

зноў падпяваў тонкі голас, гаварыць якому даводзілася значна радзей.

Прадаўшчыцы не было шкада экспанатаў, сярод якіх трэба было жыць, яна не клапацілася пра іх таварны выгляд. Адзінае, чаго было да слёз шкада, — недарэчных цацак сярод пластыкавых ёмістасцяў з ручкамі і алоўкамі. Спачатку непрапарцыянальныя плюшавыя коцікі з няроўнымі роцікамі пужалі, а вавёркі страшна блішчэлі вачыма ў адзін бок. Але праз колькі часу гэта стала здавацца мілым, і штодня дзяўчына чысціла ад пылу вавёрак, а кацянят аддавала рэдкім пакупнікам быццам у падарунак.

* * *

«Вы сапраўды лічыце, што мне трэба іх купіць?»

І laughed and shook hіs hand.

«Якасць футра добрая, афарбоўка незвычайная. Паглядзіце, якія яны насамрэч прыгожыя».

«Калі перавярнуць прыгажосць дагары нагамі».

«Вы можаце паглядзець кнігі. Магчыма, нешта зацікавіць вас. У нас вялікі выбар выданняў, ад белетрыстыкі да інтэлектуальнай літаратуры».

«Не, мяне не цікавяць сярэднявечныя фаліянты. Давайце вашых вавёрак».

«Усіх?!»

And made my way back home.

«Ну так, іх тут усяго пяць штук. Адпушчу іх, няхай жывуць. Можа, і вам стане прасцей, не трэба будзе пра іх клапаціцца. Бо шкада і вас, і вавёрак гэтых страшных. Мне здаецца, што яны — адзінае, за чым вы тут сочыце. Нават за сабой так не сочыце».

«А навошта? Мне здаецца, што я тут жыла заўсёды. Але гэта ўжо, ведаеце, прафесійнае».

«Магчыма, але пра сябе не забывайце, вы ж такая маладая.
І прыемная ў вас тут музыка».

Грукнулі дзверы. Маленькая фігурка адразу ж падхапілася і пачала кружыцца яшчэ хутчэй, і хутчэй, і хутчэй, ужо не клапоцячыся пра тое, каб не перакуліць які стэлаж.

І must have dіed alone

A long, long tіme ago.

* * *

Незразумела, навошта было купляць гэтых вавёрак? Гэта ж жах, а не цацкі. Быццам я такое дадому панясу... Дзяўчынку шкада, сядзіць там, як мярцвячка. Страшна, ці жывая яна там увогуле. Трэба будзе іх зараз у парку на лаўку пасадзіць, няхай сабе сядзяць, мо хто-небудзь возьме. Вярнуся, куплю якую-небудзь кніжку, каб хоць які прыбытак зрабіць...

Так мармытаў чалавек, расшпільваючы спартыўную торбу. Пальцы на марозе слухаліся кепска, але ён адчуў, што да рук дакранаецца нешта незвычайна цёплае.

«Забыў шалік дастаць?»

Аднак у прарэсе паказаліся спачатку дзве рудыя лапкі з танюсенькімі кіпцікамі, потым яшчэ дзве і яшчэ. Праз імгненне на торбе перад мужчынам сядзела самая звычайная і самая жывая вавёрка: цемнаватыя вушкі, маленькі прыгожы носік, пухнаты, рыжы, з карычневымі крапінамі хвост, і маленькія чорныя бліскучыя вочкі. Яшчэ імгненне — на торбе ўжо пяць вавёрак, якія зацікаўлена сочаць за расчырванелымі чалавечымі рукамі — раптам у іх знойдуцца арэшкі?

* * *

Разгублены чалавек бег да крамы. Бег марудна: ногі гразлі ў снезе, і страшна было нашкодзіць вавёркам у торбе, калі бегчы хутчэй.

«Вы што мне прадалі?..»

Вуліца стала яшчэ больш заснежанай, ніхто нічога расчышчаць не збіраўся. Сумёты зрабіліся вялізнымі, усё раслі і раслі.

«А што такое?»

Недзе ўбаку згубілася сцежка, толькі здзіўлены чалавек з перакошаным тварам зусім не звяртаў на гэта ўвагі.

«Вы што мне прадалі?!»

Ён шукаў кніжную краму са старымі кнігамі і непрыгожымі плюшавымі вавёркамі, шукаў невялікую залу з квадратамі граніту на падлозе, шукаў залу, шчыльна застаўленую стэлажамі, шукаў маладую прадаўшчыцу і прыемную песню...

«А што можа быць з гэтымі няшчаснымі плюшавымі вавёркамі?! Дык пакажыце, калі ласка, што там не так?»

І знайшоў.

«Чаго?! Эм-м-м, выбачайце... Нешта мне здалося... Усё з імі ў парадку... Неяк вельмі натуральна яны ў вас зробленыя».

Who knows?

Not me.

We never lost control.

Каля крамы самотна стаялі сумёты, тры дрэвы і лаўка.

«Нічога, бывае. Заходзьце яшчэ».

«Ага... Абавязкова».

* * *

Пазней, каля дома, чалавек ужо супакоіўся пасля дзіўнага здарэння і адкрыў торбу, каб дастаць ключы. Але нешта зноў падазрона ў ёй заварушылася. Чалавек зусім збялеў. З сумкі высыпаліся тыя самыя жывыя вавёркі і хутка разбегліся па дрэвах. Ву-у-нь яны сядзяць, з цікаўнасцю сочаць — раптам яшчэ што цікавае выпадзе?

«Па кніжкі туды нізавошта... І што гэта такое?» — зусім разгублена запытаўся ў цішыні чалавек.

Ніхто, акрамя ветру, не адказаў. Аднак што ён адказаў? Хутчэй, падвыў песню, якую слухалі на вялікай гучнасці недзе ў доме побач, напэўна, на паверсе першым, а можа і вышэй:

You're face to face

th...

Арына Гардзей.​ Выпускніца журфака БДУ, лаўрэат конкурса маладых літаратараў «Першацвет», друкуецца ў часопісах «Полымя» і «Маладосць». Іншае пра сябе Арына не апавядае: «Пра іншае тэксты раскажуць лепш».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.