Вы тут

За паўкроку ад бездані


Галіна з усіх сілаў старалася трымацца роўна. І яшчэ выглядаць пры гэтым нават крыху стылёва і маладжава — у той ступені, як яна гэта разумела. Была адзетая ў джынсы, кароткую куртачку і маладзёжную бейсболку. Усё ж ва ўстанову прыйшла — сельвыканкам. Яна і праўда, невялікая ростам, хударлявая, ззаду магла б сысці за дзяўчынку-падлетка. Але хада не вельмі ўпэўненая, і колер твару попельна-зямлісты, і вочы — усё выдавала нецвярозага чалавека.


Наведвальніца зайшла забраць свой пашпарт, які рабочыя электрасетак выпадкова знайшлі ў парку і прынеслі ў сельскі Савет. Было гэта ў панядзелак раніцай. Супрацоўніца мясцовага выканкама адгарнула дакумент, прачытала прозвішча, якое ёй ні пра што не сказала, убачыла адрас рэгістрацыі — Брэст. Праўда, месцам нараджэння 50-гадовай жанчыны значыўся іх пасёлак. Але ж прозвішча, хутчэй за ўсё, не іх, відаць, памененае пасля шлюбу. Пайдзі знайдзі ў паўтаратысячным пасёлку чалавека, які прыехаў да бацькоў, сваякоў ці знаёмых! Тады Наталля Пятроўна звярнула ўвагу на рэдкае імя па бацьку ўладальніцы пашпарта, успомніла, што чалавек з такім імем жыў ў іх населеным пункце, і пазваніла на ўсялякі выпадак яго ўдаве.

Назвала прозвішча, імя, што значылася ў пашпарце. «Так, гэта мая дачка, — адказала жанчына, — яна цяпер жыве ў мяне. Дзякуй, яна прыйдзе па пашпарт». Яна і прыйшла, праўда, не ў той жа дзень, а на наступны. Да той пары яшчэ адна група рабочых знайшла сумку нехлямяжай уладальніцы дакумента, знаходку таксама прынеслі ў сельсавет.

Галіна прыйшла адразу пасля абеду і, як ужо было сказана, крыху нападпітку. Яе нецвярозы стан выдавала, апроч іншага, вельмі хуткая гаворка, нібы крыху нервовая — жанчына шмат разоў паўтарала адно і тое. То горача дзякавала, што ёй вярнулі згубленыя дакумент і рэчы, то са скрухай даводзіла, што з сумкі прапалі грошы. Ёй маглі толькі паспачуваць на гэта. Калі сумка паўтара дня валялася ў парку, то не дзіва, што з яе зніклі грошы. «Там жа было паўмільёна!». Яна так і сказала — паўмільёна. Хоць ужо некалькі гадоў, як тых «мільёнаў» у нас няма. Яно, вядома, для чалавека, які не працуе, гэта зусім не малыя грошы. Але ж не факт, што іх нехта краў. Бо з кім выпівала нядзельным вечарам у парку, яна дакладна не памятала і як аказаліся пашпарт пад адным дрэвам, сумка — пад іншым, таксама патлумачыць не магла.

Пакуль уладальніца пашпарта збіралася па свае рэчы, у сельвыканкаме ўжо высветлілі гісторыю былой зямлячкі. Жыла і працавала ў Брэсце, была сям'я, а калі стала піць, то пазбавілі нават бацькоўскіх правоў. Цяпер вось, відаць, і работы няма, бо прыехала да маці.

Супрацоўніца выканкама Наталля Пятроўна паспрабавала пагаварыць з не старой яшчэ жанчынай: «Галіна, табе да пенсіі яшчэ далёка. Вазьмі сябе ў рукі, закадзіруйся. Не ты адна такая. Людзі, калі хочуць, знаходзяць нейкі паратунак. Паглядзі на сябе, стройная, сімпатычная. Ты ж можаш працаваць, жыць нармальна. А так ты для маці сваёй — гора». Яна ў адказ паўтарала толькі адно: «Я магу ўзяць сябе ў рукі і без кадзіравання». І было відавочна, што не можа, што хвароба ўжо трывала захапіла яе арганізм у палон. Ну калі сумку і дакументы губляе ў парку пад кустом пасля выпіўкі — куды ўжо далей?

Гэтую 50-гадовую жанчыну я сустрэла на мінулым тыдні ў адным з сельсаветаў палескага рэгіёна. А менш за два месяцы таму давялося бачыць фрагмент сямейнай драмы, у якой ад п'янства маці пакутуе даволі маладая сям'я. Яна, мяркуючы па вымаўленні, аднекуль з расійскай глыбінкі, здымала каля нашага гатэля асобны флігелёк. Там так уладкаваны прыватныя гасцініцы, яны часта ўяўляюць сабой вілу, акружаную асобнымі малымі прыбудовамі. У гэтых доміках асобны ўваход і камунікацыі. такім чынам адна сям'я можа зняць хай і маленькае, але асобнае памяшканне. Дык вось яны жылі ў такім дамку насупраць нашых апартаментаў. А вокны пры жнівеньскай спёцы паўднёвых шырот не зачыніш, таму калі не бачыш, то міжволі чуеш, што ў суседзяў робіцца на верандзе. Дык вось гэта прыемная на выгляд сям'я, якая прыехала на адпачынак у Чарнагорыю, усе вечары бавіла дома. Пазней стала зразумела — чаму. Маці сямейства, прыгожая, маладая, зранку абавязкова дагледжаная, кожны вечар была п'яная. І ён, стараючыся прыглушваць голас, заўсёды раздражнёна-адчайна крычаў на яе, часам зрываўся і крычаў на сына, хлопчыка гадоў дзевяці. Потым заганяў яе ў пакой, а сам выходзіў і да паўночы сядзеў на тэрасе, курыў. Але ж было відавочна, што крычаць тут ужо мала. Трэба шукаць нейкае лячэнне, ратаваць чалавека. Бо жаночы алкагалізм развіваецца хутка, не кожная можа своечасова ўсвядоміць праблему і ўзяць сябе ў рукі. А калі не возьме і ніхто не дапаможа, тады да прорвы, да бездані — паўкроку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».