Вы тут

З песень “Спадкі” нарадзіліся


Беларуская суполка ў эстонскім горадзе Тарту “прарасла” да жыцця, нібыта прыгожая напаўзабытая мелодыя: дзякуючы моцным беларускім песенным традыцыям


Ірына Хэла Каламіец з музыкам ансамбля “Пліса”. Фота Віктара Байкачова

Аповед пра суполку, якая мацнее ў Тарту, хочацца мне пачаць з такой развагі: усё, што з намі адбываецца па жыцці, закладзена яшчэ да нараджэння. А затым, калі расцем — ідзе развіццё, станаўленне характару, інтарэсаў. Так і ў мяне, са мной адбылося.

З дзяцінства памятаю песні, якія гучалі ў нашай вялікай сям’і. Мае дзядуля й бабуля, маміны бацькі-беларусы па волі лёсу ў жніўні 1945‑га ў Тарту апынуліся. Мы жылі ў раёне Карлава на вуліцы Цяхэ (Зорная) у старым драўляным доме. Нас было шмат, і таму святы спраўлялі гуртом. А дзе застолле — там і песні! Гэта былі, у асноўным, старадаўнія, тужлівыя беларускія напевы. Так і запомніліся мне, увабраліся, як кажуць, з малаком маці. А мама, Валянціна Паўлаўна, спявала заўсёды: ля пліты, калі ў доме прыбірала, у лесе — калі ездзілі па грыбы-ягады… Я добра памятаю, як шчыльна завешвалі ў нашым доме ўвечары вокны, спраўляючы Каляды ў снежні. То было, дарэчы, двайное свята ў нас: бо мамчын малодшы брат якраз нарадзіўся ў гэты ж дзень.

Прайшлі гады. Даўно няма з намі большасці сваякоў… І вось паўстала ды ўмацавалася ў мяне думка: не страціць тыя родныя напевы. Спачатку я запісала на паперы “маміна” любімае, што найбольш часта яна спявала, ды папрасіла яе ўспомніць яшчэ што-небудзь. Так з’явіўся кампакт-дыск з дзесяццю песнямі. Гэта было наша хатняе відэа, аўтар запісу — Сір’е Пеньям. Яна ж папрасіла ў нас дазволу паставіць адну з тых песень і на ютуб — гляньце, там ёсць беларуская песня “Пасею гурочкі” (з прыпіскай, што спяваюць Ірына і Валянціна — гэта мы з мамай).

Ад песень захацелася рухацца далей: стварыць Беларускае таварыства Тарту. Спачатку мы прадстаўлялі сябе як таварыства “Спадчына”, потым “Сябры” з Нарвы параілі змяніць назву: каб у эстонскім напісанні назвы абыходзіцца без літар “з шапкамі” (ёсць такія ў лацініцы). Паколькі ж сэнс назвы зменьваць не хацелася, то выбралі цяпер малаўжывальнае, але жывое, сакавітае беларускае слова: “Спадкі”. Пад такою назваю ўвайшлі ў рэгістр некамерцыйных таварыстваў Эстоніі 22 мая 2017 года.

Нашы “хросныя” — гэта згаданая суполка “Сябры” з Нарвы. З падачы тамтэйшых беларусаў мы пабывалі на свяце “Купалле” ў Клайпедзе, выступілі на трэцім Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску (пра трыа “Спадкі” з Эстоніі мы згадвалі тады ў тэксце “Ёсць надзея, бо фэст маладзее” — ГР, 21.09.2017. — Рэд.), з’ездзілі на “Славянскі базар – 2018” у Віцебск. Шмат разоў потым выступалі на святах у Нарве і Маарду. Я да таго ж прайшла курсы кіраўнікоў творчых беларускіх калектываў з замежжа ў Мінску. Пэўна, за два гады дзейнасці “Спадак” гэта — нямала. Вядома ж, мы шмат спяваем і на іншых імпрэзах. На нашых сустрэчах у Тарту бываў ранейшы Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь. А сёлета 6 ліпеня мы разам з нарвскімі “Сябрамі” адзначалі вялікія, юбілейныя для Беларусі даты — у Нарве. “Спадкі” спявалі на адной сцэне з ансамблем “Пліса” з пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна. Незабыўны момант! Дзякуй вялікі нарвіцянам, што запрасілі нас! Вельмі спадабалася тая імпрэза “Сяброў”: так душэўна ўсё было, са слязамі на вачах гаварылі пра жахі вайны, Вызваленне Беларусі, вялікую Перамогу.

Наступным днём, 7 ліпеня, нашымі гасцямі на свяце Купалля ў Тарту былі як згаданы гурт “Пліса”, так і нарвскія “Сябры”. У парку Юлейыэ нашы госці падарылі слухачам выдатныя беларускія песні, мы ўсе разам паводле Купальскай традыцыі звівалі вянкі, пускалі іх у раку.

Вясною, 25 мая 2019 года, мы адзначылі двухгоддзе суполкі “Спадкі”. Прыехалі да нас у госці “Сябры” з Нарвы, Зінаіда Клыга і яе “БЭЗ” — гэта Згуртаванне беларускай культуры з павета Іда-Вірумаа, “Ялінка” з Маарду, баяністка й фатограф Тамара Соотс з Сеттумаа, спявачка Ніна Пятрова з горада Пячоры. Наведаў свята Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксандр Татаркін з сям’ёй. (Інтэрнэт падказвае: Аляксандр Валер’евіч курыруе консульскія й дагаворна-прававыя пытанні, гуманітарную й культурную супрацу, турызм, працу з дыяспарай. — Рэд.). З прамовай і віншаваннем выступіў Урмас Клаас, мэр Тарту. Было прыемна бачыць такую ўвагу да нас, і што побач — сябры.

Ансамбль “Пліса” са Смалявіччыны на Купаллі ў Тарту. 2019 г. Фота Віктара Байкачова

Мы былі пад вялікім ўражаннем ад святкавання 30‑годдзя згуртавання “БЭЗ” у Йыхві 21–22 верасня. Хутка адзначылі і 20‑годдзе “Сяброў” у Нарве. Так, восень у нас — вясёлая, цікавая.

Праз газету звяртаемся да беларусаў Тарту ды ўсіх, хто мае кантакты з супляменнікамі ў горадзе: адгукніцеся, выходзьце на сувязь! Найвялікая праблема “Спадак” — знайсці “сваіх” у Тарту. Паводле апошняга перапісу нас у горадзе больш за 300, але ж доступу да рэгістра не маем. Так што шукаем беларусаў, гатовых да супрацы. Мы ўдзячныя за падтрымку нашых пачынанняў спецыялістам з мэрыі Тарту, аддзела культуры, Гарадской бібліятэцы імя О. Лутса.

З пажаданнем усім добрага здароўя,

Ірына Хэла Каламіец.


Рэдакцыйны каментар

З Гомельшчыны родавыя карані

Спадарыня Ірына Хэла даслала нам тэкст на рускай мове пад назвай: “«Спадкі» з эстонскага горада Тарту — наша спадчына”. Сталыя чытачы “ГР”, можа, памятаюць артыкул “Землякі ў люстэрку СМІ” (№ 18, 18.05.2017), у якім мы нібы заступіліся за назву новай суполкі. Расказваючы пра сустрэчу актывістаў замежных суполак беларусаў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам, згадалі й пра трохі штучную спрэчку наконт назвы суполкі “Спадкі”. Некаторыя настойвалі: маўляў, такога слова ў беларускай мове няма. Аднак — ці добра мы родную мову ведаем? Яе ж можна спасцігаць бясконца! І ў інтэрнэце, у слоўніках фіксуецца слова “спадкі” як размоўнае. Азначае: “Маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго-небудзь”. Спадкі — нешта канкрэтнае, што застаецца ў спадчыну. Мы пісалі напрыканцы: “І калі ўжо ёсць да суполкі “Спадкі” такі вось інтарэс, то й нам варта будзе пра яе расказаць”. Што мы ўрэшце й робім, даўшы магчымасць суполцы больш сябе праявіць.

Ірына Хэла Каламіец спявае разам з маці, Валянцінай Паўлаўнай

Кантакт з Ірынай Хэлай Каламіец мы наладзілі дзякуючы “Сябрам” з Нарвы. На просьбу дадаць больш канкрэтыкі пра сябе кіраўніца “Спадак” напісала, што нарадзілася 4 сакавіка 1954 года ў Тарту, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Спачатку закончыла Эстонскую сельгасакадэмію вочна (ЭСХА, цяпер Аграрны ўніверсітэт), стала інжынерам-механікам і адпрацавала па спецыяльнасці 10 гадоў у сельскай гаспадарцы. Потым завочна закончыла Талінскі педінстытут імя Э. Вільдэ па спецыяльнасці “руская філалогія” ды 15 гадоў была настаўніцай рускай мовы, мела класнае кіраўніцтва ў эстонскай школе. Далей — Тартуская медшкола, спецыялізацыя — сацабслугоўванне, работа са школьнікамі-аўтыстамі. З 1994‑га па гэты час Ірына Хэла займаецца альтэрнатыўнай медыцынай, скарыстоўваючы веды з японскай школы Шын-До, кітайскай народнай медыцыны, мае дыпломы цаліцеля.

Маці яе, Валянціна Паўлаўна Каламіец, у дзявоцтве Алексіна, была беларуска (1929–2016). Бацька, Дзмітры Аляксеевіч, украінец (1927–2001). Бацька маці — Павел Майсеевіч Алексін (1904–1976), родам з Гомельскай вобласці (вёска Рудня), працаваў па лініі МУС. Яго жонка Ганна (Акуліна) Мікалаеўна (у дзявоцтве Усава) (1907–1983) — таксама родам з Гомельшчыны, з вёскі Струкі, была дамашняй гаспадыняй, гадавала пяцёра дзяцей. “Некалькі гадоў таму я запрашала гомельскую радню ў Тарту на злёт, аднак адтуль мне прыйшла адмова па стане здароўя, — дзеліцца Ірына Хэла Каламіец. — Той зімой адправіла тры лісты па наяўных у мяне адрасах у Гомель (траім дзядзькам, стрыечным братам маці), ды адказаў не атрымала. Апошні раз мы сустракаліся з імі на другі год пасля Чарнобыльскай катастрофы ў часе адпускнога падарожжа. Я жадаю адшукаць сваю радню”.

Таму, дарэчы, мы й падаем такія падрабязнасці ў газеце: гэта можа дапамагчы ў пошуках. Яшчэ мы даведаліся, што кіраўніком суполкі аформлены Антон Васільеў, старэйшы сын (іх у яе двое) актывісткі “Спадак” і нефармальнай кіраўніцы суполкі. Антон па магчымасці аказвае дапамогу маці, калі ладзяцца імпрэзы, яны абодва — сябры праўлення суполкі, “у якой нас, актыўных, усяго трое. Асноўнае — спевы й вершы. Толькі адна ўдзельніца валодае беларускай мовай”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?