Вы тут

Сучасны боль амерыканскага класіка


Дыялог з нагоды выхаду ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” кнігі Уолта Уітмена “Лісце травы” — да 200‑годдзя класіка амерыканскай літаратуры


Гэта — легендарная кніга, з якой звязана мноства культурных, мастацкіх гісторый. Яна ж і сёння, з грунту XІX стагоддзя, уплывае на чытача й творцаў. Не толькі ў паэзіі ды мастацкай літаратуры, але й на творцаў у музыцы, нават у кінематографе. Прыкладаў, каб сцвердзіць тое, мноства. “Лісце травы” — жывы, дзеяздольны твор. Мо таму і ў Беларусі пераклад гэтай кнігі, які некалі ажыццявіў Янка Сіпакоў, прыходзіць да чытача ўжо трэцім выданнем…

Наша размова з дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесем Бадаком — пра Уітмена, пра яго кнігу, пра мастацкі пераклад і паэзію ўвогуле.

— Алесь Мікалаевіч, на ваш погляд: наколькі сучасны Уолт Уітмен?

— Сапраўдная паэзія заўсёды сучасная. Але паэзія Уітмена разлічаная на падрыхтаванага чытача. І сёння, як і паўтара стагоддзя таму, яна кагосьці можа раздражняць. Можа, нават знойдзецца крытык, які скажа, што лепшая ўзнагарода, якой заслугоўвае аўтар за “Лісце травы”, гэта бізун. І назаве яго вар’ятам, які ўцёк з псіхіятрычнай бальніцы… А нехта ж, як славуты амерыканскі крытык, сучаснік Уітмена, скажа: гэта найлепшы паэт, якога дала свету амерыканская зямля. Уітмен пісаў пра вечнае, а вечнае заўсёды сучаснае.

— Ці трапляла, дарэчы, вам у рукі першае беларускае выданне кнігі “Лісце травы” у перакладзе Янкі Сіпакова? Такая прыгожая, у белай супервокладцы кніга… Можна сказаць, аформленая стыльна. Там, нават, здаецца, шрыфты асноўнага масіву тэксту былі тлустымі, вельмі выразнымі…

— На жаль, не трапляла. Згаданае выданне з’явілася ў 1978‑м, калі я вучыўся ў пятым класе вясковай школы. І кніга такога кшталту мяне магла зацікавіць хіба толькі стыльным афармленнем. Але й пазней я ні разу яе не бачыў, нават у букіністычнай краме. Дарэчы, для мяне тое заўсёды было вялікай загадкай: у савецкі час беларуская літаратура, як і пераклады сусветнай класікі на беларускую мову, выходзілі вялікімі тыражамі. А сёння цікавых кніжак, што выдаваліся тады, у букіністычных завалах, як кажуць, днём з агнём не знойдзеш.

— Піянер свабоднага верша — верлібра, Уітмен выступаў супраць культа долара, сведчыў праз свае паэтычныя й публіцыстычныя перакананні, што грошы — ні што іншае, як шлях да духоўнага спусташэння. Як кладзецца тое перакананне на сённяшнюю рэчаіснасць? Няўжо хтосьці пачуе Уітмена? Мы ж усе імкнемся быць свабоднымі, забяспечанымі…

— У прынцыпе, з ім нельга не пагадзіцца: грошы — вельмі добры стымул, у тым ліку, і для творчасці, але гэта яшчэ й вельмі моцны наркотык. Ужо даўно нікога не здзіўляе, напрыклад, што мы гаворым не “эстрада”, а “шоу-бізнес”… А гэта ж сведчанне такой вось нарказалежнасці ад грошай часткі нашай культуры.

— А ў чым сіла паэзіі ўвогуле? Вось Уітмена ў 1873‑м — а родам ён з 1819‑га — разбіў параліч. Не вылечыўшы сваю жорсткую хваробу, ён усё ж працягваў пісаць узнёслыя, аптымістычныя вершы яшчэ амаль 20 гадоў: яго не стала ў 1892‑м…

— Ну, у дадзеным выпадку вершы для паэта, напэўна, былі своеасаблівымі душэўнымі лекамі. Як правіла, фізічны боль суправаджаецца душэўным болем. І творчасць — не самы горшы спосаб хаця б прыцішыць той боль. Пры тым, калі пісаць тужлівыя, напоўненыя безвыходнасцю вершы, то наўрад ці ад таго на сэрцы палягчэе. А ўвогуле, сіла паэзіі менавіта ў яе моцным уздзеянні на сэрца, наш душэўны стан. Добрая паэзія, як малітва, ачышчае душу.

— Ён дэклараваў, што яму блізкія розныя людзі, незалежна ад іх сацыяльнага статуса, расы, пола, канфесіі — таму Уітмен бачыцца нам прыхільнікам сацыялістычнай ідэі. Як вы лічыце?

— Для мяне Уітмен — гэта найперш чалавек і паэт, які ўсё жыццё быў адданым сваёй радзіме, лічыў Амерыку лепшай краінай у свеце і, па сутнасці, прысвяціў ёй сваю кнігу “Лісце травы”, пра што сам жа й казаў: “Кожны, хто захоча даведацца, што такое Амерыка, у чым адгадка той вялікай загадкі, якой з’яўляецца для ўсіх чужаземцаў атлетычная дэмакратыя Новага Свету, хай возьме гэтую кнігу, і ўся Амерыка стане яму зразумелая”. Сапраўды, яго многія паэтычныя пастулаты вельмі блізкія сацыялістычнай ідэі, але, мне здаецца, іх трэба разглядаць у больш шырокім сэнсе, чым так, як тое трактавала савецкая ідэалогія. Ён і сам сябе ў “Лісці травы” называў “свавольнікам”, і, я думаю, любую дактрыну гатовы быў “падкарэкціраваць” пад сябе, пад свае звычкі й слабасці.

— Уітмен не прызнаваў іерархіі каштоўнасцяў, быў у захапленні ад тэхнічнага прагрэсу. Мо яшчэ й таму ён — надзвычай сучасны?

— Маякоўскі таксама ўсхваляў тэхнічны прагрэс, а Ясенін з жалем пісаў, што ён апошні паэт вёскі. Купала ж тое ясенінскае адчуванне ў вершы “О так, я пралетар!” перадаў значна шырэй і мацней: “Мне сняцца сны аб Беларусі”. І ўсе яны, паэты, і цяпер вельмі сучасныя. А сучаснасць Уітмена, падаецца мне, у тым, што ён, у першую чаргу, сучасны ўнутрана, душэўна. Яго душа вельмі разняволеная, адкрытая ўсяму свету, ёю ён размаўляе і з жабраком, і з Сусветам.

— Адным з першых Уітмена ацаніў класік рускай літаратуры Іван Сяргеевіч Тургенеў. Нават перакладаў яго. У Маскве ў 2009 годзе на тэрыторыі Маскоўскага дзяржуніверсітэта пастаўлены помнік Уолту Уітмену. Магчыма і ў Беларусі можа пачацца яго, Уітмена, узыходжанне, чытанне й шанаванне яго паэтычных адкрыццяў?

— Уітмен, безумоўна, заслугоўвае таго, каб пра яго больш ведалі, каб чыталі яго больш і ў нас таксама. Паэзія Уітмена вельмі філасофская, мудрая. Сёння ў Беларусі шмат хто, асабліва з маладых паэтаў, звяртаецца ў сваёй творчасці да вольнага верша, верлібра. І Уітмен — гэта найбольш яркі ўзор таго, што такое сапраўдны верлібр. У ім — разгадка, як трэба пісаць, каб цябе чыталі й праз стагоддзі.

Гутарыў Мікола Раўнапольскі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.