Вы тут

Зямля і Неба вечнай Памяці


У Беларусі з верасня пачалася Міжнародная патрыятычная акцыя “У славу агульнай Перамогі!”


Рэчыца. Парк Перамогі. Капсулу з зямлёй рыхтуюцца перадаць у крыпту Храма Усіх Святых

Каб лепш разумець, што і дзеля чаго робіцца да 75‑годдзя Вялікай Перамогі, давайце паразважаем.

75 гадоў — немалы час у чалавечым жыцці. 75 гадоў — імгненне ў далонях Вечнасці.

Многае ў нашым жыцці залежыць ад таго, які пункт адліку мы выбіраем. Якія каштоўнасці спавядаем. У традыцыйным беларускім светапоглядзе ёсць месца культу продкаў, герояў, вялікай павазе да тых, хто быў да нас, і дзякуючы каму ёсць мы ў гэтым — белым! — свеце.

З гадамі ўсё больш разумееш, якую смяротную небяспеку для цывілізацыі нясуць ідэі, якімі кіравалася нямецка-фашысцкая эліта, развязваючы велізарную — сусветную! — вайну, знішчаючы мільёны людзей: у імя сваёй “светлай будучыні”. І калі нехта кажа, што ідэі не маюць сілы — той, мусіць, хлусіць альбо памыляецца. Бо як там у класіка: “Ідэя становіцца матэрыяльнай сілай, калі яна авалодвае масамі”.

Гэты тонкі пераход сіл-субстанцый духоўных у сілы матэрыяльныя — немалая таямніца. Як для вернікаў, так і для філосафаў, а ў нашым часе, пэўна ж, і для навукоўцаў, псіхолагаў, сацыёлагаў, палітолагаў, ды й палітыкаў. Колькі трэба маленькіх “генератараў думкі”, настроеных ва ўнісон, каб выпрацаваць разам штосьці тонкаматэрыяльнае, што ўплывае на свет матэрыяльны? А як зарэгістраваць, вымераць няўлоўную вібрацыю, ток “матэрыяльнай сілы”? А ў яго ёсць полюснасць? Дабро і ліха? Не сакрэт, бывае ж паяднанне думак — з рознымі мэтамі. Зрэшты, у тонкаматэрыяльным свеце вельмі лёгка “збіваюцца настройкі”, па прынцыпе: хацелі зрабіць як лепш — атрымалася як заўсёды…

У Евангеллі, згадаем, ёсць развага-сцвярджэнне: “Дзе двое ці трое сабраны ў імя Маё — там і Я пасярод іх”. Можа гэта якраз пра тое, як думка “авалодвае масамі”? Нашы продкі, пэўна ж, ведалі як пра вялікую каштоўнасць супольнай працы (талака), так і пра моц супольнай малітвы: дзеля таго ў тым ліку, пэўна ж, і ўзводзяцца храмы. Таму вельмі сімвалічна, што ў праекце “У славу агульнай Перамогі!” актыўна ўдзельнічае праваслаўная царква. Нагадаем, праект анансаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў часе ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай 74‑й гадавіне Перамогі (“Памятаць. І дзяцей навучаць” — ГР, 16.05.2019). Настаяльнік Усіхсвяцкага прыхода, протаіерэй Фёдар Поўны адзначыў глыбіню й маштабнасць новага праекта. На думку святара, Беларусь заўсёды вызначалася міралюбствам, яна традыцыйна мае паяднальны пачатак. І, рэалізуючы праект, мы зноў пакажам свету, хто мы ёсць — не пахваляючыся, а з годнасцю, з усведамленнем сябе як народа, як нацыі.

Вечны агонь — сімвал нашай памяці

Цяпер да патрыятычнай акцыі, якою рупіцца Беларускі цэнтр духоўнага Адраджэння, шырока далучылася моладзь. Такім чынам ствараецца новая культура памяці пра Вялікую Айчынную: праз увекавечанне ў храмах Бацькаўшчыны (а значыць, і ў малітвах шматлікіх святароў і вернікаў) імёнаў герояў, вядомых і невядомых, што аддалі жыцці за Радзіму. Такім чынам адбываецца своеасаблівае паяднанне — праз нашую актыўную думку, памяць — зямлі (зямных подзвігаў герояў) і Неба (Вечнасці). Першы этап акцыі — збор зямлі ў спецыяльныя капсулы ды падрыхтоўка гістарычных даведак з тых месцаў воінскай славы — разгортваецца па ўсёй Беларусі. Мітынгі, паведамляюць СМІ, прайшлі на Віцебшчыне, Гомельшчыне, Брэстчыне, Магілёўшчыне.

Сілавое поле памяці, энергія думак вельмі ўплываюць на нашае паўсядзённае жыццё.

Пра ход акцыі мы будзем расказваць. Спадзяемся, да яе далучацца і беларусы замежжа.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.