Вы тут

Да канца года ў Нацыянальнай акадэміі навук правядуць звыш 80 мерапрыемстваў


Да канца года ў Нацыянальнай акадэміі навук запланавана правядзенне звыш 80 мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Пра гэта расказала намеснік галоўнага вучонага сакратара Нацыянальнай акадэміі навук Наталля ЛІТВІНКА:


— У Інстытуце жыллёва-камунальнай гаспадаркі 3-4 кастрычніка адбудзецца першая міжнародная канферэнцыя «Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы». У гэты ж дзень пачне работу ІІ Кангрэс «Навука, харчаванне і здароўе», які рыхтуе Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні. Ахвотныя змогуць пазнаёміцца з новымі прысмакамі ад айчынных вытворцаў. На 10-11 кастрычніка запланавана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларускія лекі», яе правядзе Інстытут біяарганічнай хіміі.

Апошні — гэта адзіная навуковая ўстанова ў краіне, якая вырабляе лекі ад ідэі да выпуску на рынак. Сярод іх супрацьпухлінныя, супрацьзапаленчыя прэпараты, запатрабаваныя як у нашай краіне, так і за мяжой. У інстытуце ўпершыню быў створаны ўнікальны лекавы сродак «Лейкавір», які спыняе разбуральныя працэсы ў галаўным мозгу пры рассеяным склерозе.

Паспяховыя вынікі дасягнуты навукоўцамі і ў біятэхналагічнай галіне. Гэта заменнікі абястлушчанага малака, кармавыя дабаўкі, канцэнтраты для сельскай гаспадаркі і жывёл, вітамінна-мінеральныя сумесі, біяпестыцыды, вакцыны для прадухілення хвароб людзей і жывёл. Агульны аб'ём біятэхналагічнай прадукцыі да 2020 года дасягне аднаго мільярда рублёў.

Выступоўца адзначыла, што Нацыянальная акадэмія навук цяпер актыўна развівае касмічную галіну, біятэхналагічны сектар, электрамашынабудаўніцтва, а таксама інфармацыйныя тэхналогіі.

— Асаблівы гонар — выкарыстанне распрацовак нашых навукоўцаў у міжнародных касмічных праектах, такіх як даследаванне Марса і Меркурыя. У выніку буйных навукова-тэхналагічных распрацовак краіна ўвайшла ў сусветную эліту касмічных дзяржаў. Айчынныя распрацоўкі выкарыстоўваюцца і для асваення шостага кантынента планеты — Антарктыды. Дарэчы, сёлета восенню ў дванаццаты раз будзем адпраўляць чарговую экспедыцыю туды, — паведаміла Наталля Літвінка.

Цяпер Нацыянальная акадэмія навук развіваецца па тыпе навукова-вытворчай карпарацыі, дзе ў кожным інстытуце ствараецца патрэбная краіне прадукцыя. На базе 52 навуковых арганізацый функцыянуе 159 вытворчасцяў або вытворчых участкаў. За паўтара апошніх года створана 13 новых відаў навукаёмістай прадукцыі. Акцэнт робіцца на сферах бія-, нана-, фармацэўтычных тэхналогій. Таксама важным праектам на сёння з'яўляецца развіццё Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН).

Нацыянальная акадэмія навук усебакова падтрымлівае маладых навукоўцаў. Намеснік старшыні Савета маладых вучоных, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Станіслаў ЮРЭЦКІ расказаў, што кожны год праводзяцца маштабныя мерапрыемствы, сярод якіх традыцыйнае свята «Фестываль навукі», што праходзіць у верасні, і канферэнцыя маладых вучоных «Моладзь у навуцы», якая сёлета пачнецца 14 кастрычніка.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Навуковы расклад: лакацыі актыўнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».